Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія прадпрымальнікі: Улады ня выканалі таго, што абяцалі


Аб'ява ў гандлёвым цэнтры "Эвіком"
Аб'ява ў гандлёвым цэнтры "Эвіком"

Напрыканцы працоўнага дня 30 красавіка ў гандлёвым цэнтры «Эвіком» прайшоў прадпрымальніцкі сход. Вынікам яго стаўся зварот у Нацыянальны банк, шэраг міністэрстваў і да Аляксандра Лукашэнкі.

«Усе цьвердзяць, што ў краіне цяжкая эканамічная сытуацыя і прадпрыемствам даюць дзяржаўныя датацыі. А прадпрымальнікі нібыта жывуць у нейкай іншай Беларусі — замест датацый з нас спрабуюць яшчэ і яшчэ спаганяць грошы», — так характарызуе сытуацыю Ірына Яскевіч, прадпрымальніца з гандлёвага цэнтру «Эвіком», удзельніца аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам».

Адна з нагодаў правесьці сход і зьвярнуцца з лістамі пратэсту да адказных дзяржаўных асобаў — гэта неабходнасьць набываць тэрміналы для разьлікаў па плястыкавых картках. Такую ўмову — абсталяваць працоўныя месцы тэрміналамі да 1 ліпеня — выставіў Нацбанк. Гэткае абсталяваньне немагчыма набыць у растэрміноўку, за яго трэба адразу заплаціць ад 5 да 9 мільёнаў рублёў. Да яшчэ штомесяц пералічваць па 300 тысяч «на абслугоўваньне». Прадпрымальнікі ўжо плацяць «за абслугоўваньне» касавых апаратаў, якія таксама мусілі набыць паводле дзяржаўнага распараджэньня. Але загад набываць у абавязковым парадку яшчэ й тэрміналы, называюць проста «выпампоўваньнем грошай»: людзі разьлічваюцца на кірмашах грашыма, прычым выдаткоўваюць на пакупкі параўнальна невялікія сумы.

«У нас не такі вялікі абарот грошай, каб набываць дадаткова дужа дарагое абсталяваньне», — так прадпрымальнікі сфармулявалі свае прэтэнзіі да Нацбанка. І такі ж пункт зьбіраюцца ўключыць у ліст да Аляксандра Лукашэнкі.

Дарэчы, адказу на свой мінулы зварот да яго віцебскія прадпрымальнікі так і не дачакаліся. З адміністрацыі прыйшоў ліст, што зварот пераадрасавалі ў шэраг міністэрстваў, а адтуль прыслалі «адпіскі», як кажа Ірына Яскевіч:

Ірына Яскевіч
Ірына Яскевіч

«Цяпер мы зробім наадварот: самі дашлем лісты і ў міністэрствы, і ў адміністрацыю прэзыдэнта. Каб гэтыя структуры не займаліся дарэмнай працай — перасылкай ліставаньня без аніякага плёну. Бо так і засталося нявырашаным пытаньне падаткаў — мы просім хаця б не павялічваць памер падвышальнага каэфіцыенту. Бо гэткае падвышэньне для тых, хто плаціць адзіны падатак, ізноў плянуецца ў ліпені. Таксама ніяк не вырашаецца пытаньне з сэртыфікацыяй тавараў. Мы ізноў нагадваем: прадпрымальнікі — гэта гандляры, а не вытворцы! Мы набываем тавар для продажу і наша мэта — закупіць яго таньней, каб хутчэй рэалізаваць. Мы ня часта працуем наўпрост з вытворцамі — пераважна купляем у тых, хто пастаўляе тавар гуртам. А таму мы ня можам патрабаваць такіх самых гандляроў, нейкіх дакумэнтаў, якія сьведчаць пра якасьць. Мы — прыватнікі. А калі ўжо наша дзяржава кажа, што дбае пра бясьпеку пакупнікоў, то і якасьць тавару, які перасоўваецца ў межах Мытнага зьвязу, мусіць кантралявацца на дзяржаўным узроўні. А прадпрымальнікі — не кантралюючы орган, каб браць на сябе такія функцыі».

Зь лютага гэтага году, калі прадпрымальнікі па ўсёй Беларусі вымушана спынялі працу, у Віцебску колькасьць гандляроў прамысловымі таварамі скарацілася на 30%. Яны так і не змаглі працаваць праз адсутнасьць дакумэнтаў, безь якіх прадпрымальнікаў штрафуюць на вялікія сумы, а таксама ва ўмовах вялікага падаткаабкладаньня. Патрабаваньне набываць тэрміналы для абслугоўваньня пакупнікоў, немагчымасьць здабыць пацьвярджальныя дакумэнты якасьці тавару, верагоднасьць яшчэ большага росту падаткаў можа прывесьці да таго, што прадпрымальнікі яшчэ больш масава пачнуць «зачыняцца» ўлетку. Закрыцьцё працоўных месцаў на кірмашах — гэта зьнікненьне яшчэ адной крыніцы папаўненьня бюджэту, таму дзяржава мусіць задумацца пра наступствы, лічаць віцебскія прадпрымальнікі. Гэтая фраза таксама будзе ў лісьце да Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG