Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША дадуць яшчэ 40 мільёнаў на чарнобыльскі cаркафаг


Злучаныя Штаты ўзялі на сябе абавязаньне вылучыць 40 мільёнаў даляраў для будаўніцтва ахоўнага купала над развалінамі Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

На канфэрэнцыі міжнародных донараў, якая адбылася ў Лёндане, было абвешчана, што грошы будуць выдзеленыя для Чарнобыльскага фонду.

Гэтае абавязаньне ЗША бяруць на сябе ў дадатак да больш чым 330 мільёнаў даляраў, якія паабяцалі раней.

«Мы таксама карыстаемся гэтай магчымасьцю, каб успомніць людзей, якія страцілі свае жыцьці з-за трагічных падзей, якія адбыліся 29 гадоў таму», — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту з нагоды донарскай канфэрэнцыі.

Вядучыя сусьветныя дзяржавы лічаць, што ахоўнае пакрыцьцё над развалінамі Чарнобыльскай АЭС будзе завершанае ў лістападзе 2017 году, нягледзячы на недастатковае фінансаваньне.

Міністар навакольнага асяродзьдзя Нямеччыны Ёхэн Флэшбарт сказаў, што на сустрэчы групы сямі найбуйнейшых эканомік сьвету прынята рашэньне выдзеліць 530 мільёнаў эўра (590 мільёнаў даляраў), неабходных для завяршэньня «саркафагу» над зруйнаваным рэактарам.

Ён дадаў, што Расея і Кітай выдзеляць рэшту грошай, выконваючы свае раней дадзеныя абяцаньні.

Покрыўка над разбураным рэактарам у Чарнобылі была пабудаваная за шэсьць месяцаў, якія прайшлі пасьля аварыі, але яна была разьлічаная толькі на 30 гадоў, і ў ёй ужо пачалі зьяўляцца расколіны.​

XS
SM
MD
LG