Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты, якія дамагліся няўезду пуцінскіх байкераў у Польшчу, распавялі, чым небясьпечныя «Начныя ваўкі»


Аляксандар Залдастанаў

Аляксандар Залдастанаў

«На магілкі ж едзем» — казаў лідар «Начных ваўкоў» Аляксандар «Хірург» Залдастанаў падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Берасьці, абураючыся тым, што Польшча забараніла ім уезд у краіну.

А польскія мэдыі сьцьвярджаюць, што «Начныя ваўкі» уваходзяць у сетку расейскіх арганізацыяй, якія заўжды гатовыя ваяваць, валодаюць усімі відамі зброі і шыхтаваныя ў самых жорсткіх вайсковых канфліктах.

Блогер Марцін Рэй займаецца арганізацыяй дапамогі для Ўкраіны і супрацьдзеяньнем расейскай агрэсіі. Ён адзін з тых палякаў, які прыклаў максымум намаганьняў, каб «Начных ваўкоў» не пусьцілі ў Польшчу.

Марцін Рэй

Марцін Рэй

«Начныя ваўкі» — гэта небясьпечная арганізацыя, наўпрост зьвязаная з расейскай уладай, — кажа Марцін. — Яны фактычна зьяўляюцца часткай расейскага хольдынгу ахоўных структур «Воўк» , які займаецца аховай і вайсковай падрыхтоўкай. «Начныя ваўкі» бралі ўдзел у анэксіі Крыма. Аддзелу «Начныя ваўкі Данбас» ваюе на баку расейскіх тэрарыстаў на ўсходзе Ўкраіны. «Начныя ваўкі» удзельнічаюць у "Антымайдане", які пагражае расейскай дэмакратычнай апазыцыі».

Марцін Рэй кажа, што польскі ўрад быў вымушаны забараніць «Начным ваўкам» уезд у Польшчу пад ціскам грамадзкай кампаніі. Да яе шырока далучыліся польскія мэдыі. 4 тысячы чалавек падпісалі адпаведную пэтыцыю. З пратэстамі выступілі жыхары Беларусі, Чэхіі і Нямеччыны.

Байкер Марцін Ясянэк называе «Начных ваўкоў» псэўдабайкерамі і заўляе, што, як толькі стала вядома пра мотапрабег, яны стараліся зрабіць усё, каб не пусьціць іх у Польшчу і ў Эўразьвяз.

Марцін Ясянэк

Марцін Ясянэк

«Гэта палітычная расейская маніфэстацыя на тэрыторыі Польшчы, Чэхіі і Нямеччыны, — сьцьвярджае Ясянэк. — А ніякі ня мотапрабег».

Ясянэк кажа, што паводле ягонай інфармацыі, некаторыя сябры гэтага клюбу «звычайныя бандыты, якім увогуле забаронены ўезд у краіны Эўропы і ЗША».

«Начныя ваўкі» паўсюль распавядаюць, што іх падтрымліваюць польскія байкеры, але Марцін Рэй адказвае, што гэта няпраўда.

«Большасьць польскіх мотацыклістаў не цікавяцца палітыкай», — тлумачыць ён. — Група, якая гуртуецца вакол «Катыньскага Рэйду» — не прадстаўляе ўсіх польскіх байкераў.

«Катыньскі рэйд» паўстаў некалькі гадоў таму з мэтай ушанаваць памяць ахвяраў Катыні. Але «Рэйдам» кіруе Віктар Венгжын, які цяпер узначальвае выбарчую кампанію нішавага і скрайне правага кандыдата на прэзыдэнта Гжэгажа Браўна. У гэтага кандыдата няма ніякіх шанцаў на выбарах. У яго нацыяналістычная, антысэміцкая і ізаляцыянісцкая плятформа. А ў сытуацыі пагрозы расейскага імпэрыялізму, ізаляцыянізм — на руку толькі Ўладзімеру Пуціну».

Словы Рэя пацьвярджае і Ясянэк.

«Я сам байкер, — кажа Ясянэк, — І байкерскае асяродзьдзе ў Польшчы падзялілася больш-менш напалову ў гэтым пытаньні. Але гэта ня значыць, што тыя, хто падтрымліваюць „Начных ваўкоў“ у гэтай сытуацыі, маюць прарасейскія настроі. Гэтыя людзі ставяць вышэй за ўсё сяброўскія стасункі паміж байкерамі».

Ясянэк кажа, што вялікая колькасьць байкераў мае цяпер прэтэнзіі да Венгжыны, таму ў «Катыньсім рэйдзе» бярэ ўдзел усё менш людзей.

Ясянэка, які сам паходзіць з Вроцлава, павесяліла і інфармацыя пра тое, нібыта могілкі ва Ўроцлаве былі ачэпленыя войскам, каб не дазволіць байкерам ускласьці кветкі. Пра гэта ўрачыста паведаміў журналістам Залдастанаў падчас прэсавай канфэрэнцыі.

«Вядома ж, такога не было», — сьмяецца Ясянэк.

«Рашэньне забараніць уезд было правільнае, — упэўнены Марцін Рэй. — Правакацыя з мотапрабегам была арганізаваная так, каб выкарыстаць яе ў прапагандысцкіх мэтах і ў выпадку, калі б іх упусьцілі і калі б не ўпусьцілі. А калі б "Начныя ваўкі" уехалі на тэрыторыю Польшчы, магло б скончыцца гвалтам».

«Польскі ўрад адначасова даў дазвол для 4 расейскія мотапрабегі па нашай тэрыторыі», — даводзіць Ясянэк.

Ён сьцьвярджае, што «Начныя ваўкі» пагрэбавалі законамі Эўразьвязу, бо лічылі, што могуць рабіць што заўгодна, як у Расеі ці Беларусі, але ў Польшчы гэта не спрацавала.

Марцін Рэй задаволены тым, што грамадзкі пратэст дасягнуў выніку і ўрад забараніў «Начным ваўкам» уезд у Польшчу.

«Больш пратэстаў ня будзе. Але калі б яны арганізавана заехалі, то, вядома, былі б і пратэсты, і блякады і ўсё магчымае», — сьцвярджае ён.

Байкерскі клюб «Начныя ваўкі», які вядомы прыхільнасьцю да расейскага прэзыдэнта, плянаваў даехаць да Бэрліна, каб там адсьвяткаваць 70-годзьдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

27 красавіка групе «Начных ваўкоў» забаранілі ўезд у Польшчу на памежным пераходзе «Тэрэспаль».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG