Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліна Рэспубліка абвясьціла аб прыпыненьні канцэртнай дзейнасьці


Сьпявачка заявіла, што пасьля жывой прэзэнтацыі альбому «Бясконцы красавік» возьме паўзу ў сувязі зь сямейнымі абставінамі і дзеля таго, каб падумаць ці быць далей праекту «Рэспубліка Паліна».

Нечаканую заяву Паліна зрабіла перад рэлізам доўгачаканага дэбютнага альбому «Бясконцы красавік», да якога яна ішла сем год. Зараз яна разам з сваім гуртом актыўна рыхтуецца да яго жывой прэзэнтацыі, якая пройдзе 15 траўня. «Дакладна вядома, што пасьля прэзэнтацыі прыйдзецца спыніць канцэртную дзейнасьць прыблізна на паўгады-год, гэта зьвязана зь семейныімі абставінамі. Аднак, я лічу, што якраз зьявіцца неабходны час, каб пераасэнсаваць сябе, сваю творчасьць і зразумець, што рабіць з новым матэрыялам, як яго не баяцца, ці будзе ён шчырым, ці будзе гэта Рэспубліка Паліна, альбо хтосьці іншы», – сказала сьпявачка парталу Tuzin.fm.

Асновай праграмы «Бясконцы красавік» сталі песьні, якія Паліна напісала ў 15-16 год, працу на студыі сьпявачка пачала разам з музыкамі яшчэ калі ёй ня споўнілася 18. І вось на ўласнае 21-годзьдзе яна заявіла, што альбом пад назвай «Бясконцы красавік» зроблены цалкам. «Для мяне гэтыя песьні звязаныя зь бясконцай вясной і пяшчотай, бясконцай закаханасьцю і захопленасьцю, калі ты ўсё успрымаеш вельмі блізка, наіўна, тонка, уважліва, калі ўсё мае значэньне і ты перапоўнены жыцьцёвай энэргіяй. Менавіта гэтыя адчуваньні я хацела захаваць у альбоме, зь імі звязана назва і агульная канцэпцыя», – кажа Паліна.

Летась Паліна Рэспубліка справіла сваё 20-годзьдзе канцэртам у клюбе «Мулен Руж», відэарэпартаж Svaboda.org

Ужо быў прэзэнтаваны загалоўны сынгл – песьня «Красавік», а рэліз дыску адбудзецца за некалькі дзён да жывой прэзэнтацыі. З гэтай нагоды будзе адбудзецца аўтограф-сэсія ў кнігарні «Логвінаў». На вялікім канцэрце Паліны Рэспублікі 15 траўня песьні з альбому прагучаць у выкананьні пашыранага складу. Некаторыя ўжо вядомыя творы будуць зробленыя ў іншых аранжыроўках.

Канцэрт Паліны Рэспублікі пройдзе ў межах акцыі «Жывы Тузін», якую ладзіць партал Tuzin.fm разам з грамадзкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!». Месцам для выступу абраная новая менская пляцоўка – крэатыўная прастора Studio 67 зь вялікай сцэнай і прасторнай заляй.

Радыё Свабода зьяўляецца інфармацыйным партнэрам канцэрту.

паводле Tuzin.fm

XS
SM
MD
LG