Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У тумане прынялі сэпаратыстаў за зайцаў»


Аляксандр Назарчук

Аляксандр Назарчук

Украінскі вайсковец распавядае пра 77 дзён на перадавой у Данецку.

Адна з найбуйнейшых вугальных шахтаў у Данецку — «Пуцілаўская» — была заснаваная ў 1917 годзе, у эксплюатацыю яе здалі праз два гады пад назвай «Бутоўка-Данецкая», якое шахта насіла да перайменаваньня ў «Пуцілаўскую» ў 2005 годзе. Цяпер тэрыторыя шахты — фарпост ўкраінскай арміі на перадавой у зоне канфлікту. Да найбліжэйшых пазыцый сэпаратыстаў — 400 мэтраў, крыху больш да Данецкага аэрапорту, жорсткія баі за які працягваліся зь вясны мінулага году да студзеня гэтага. «На Бутоўцы», як часьцей называюць гэта месца жыхары Данецку, або проста «на Шахце», як кажуць вайскоўцы, у складзе 11-га асобнага мотапяхотнага батальёну ўжо 77 дзён нясе службу Аляксандр Назарчук. Як ён кажа пра сябе сам, «былы айцішнік, цяпер — салдат». У інтэрвію Радыё Свабода Назарчук распавёў, чаму пакуль рана казаць пра канец баявых дзеяньняў, як сэпаратысты абстрэльваюць пазыцыі ўкраінскай арміі з «адведзенага» ў адпаведнасьці зь менскімі дамовамі цяжкага ўзбраеньня і пра тое, як аднойчы ў цемры ён прыняў баявую групу ворага за статак зайцаў:

Перастрэлкі

РС: З аднаго боку ад вас данецкі аэрапорт, практычна праз дарогу сам Данецк, гэта значыць, можна сказаць, што вы на самай перадавой?

Назарчук: Можна сказаць, так. Вось цяпер у 400 мэтрах ад мяне — сапраўды такі самы апорны пункт «сэпараў». Часам... ну, як «часам» — пастаянна перастрэльваемся, то ім нешта здасца, то нам нешта здасца. Мы ўжо знаходзімся ў межах кальцавой аўтамабільнай дарогі Данецку.

Разбураны данецкі аэрапорт

Разбураны данецкі аэрапорт

РС: Наколькі часта адбываюцца гэтыя перастрэлкі?

Назарчук: Мы лічылі літаральна ўчора, што ў нас за ўвесь гэты час, за 77 дзён, было 14 дзён без артылерыйскіх налётаў і перастрэлак.

РС: Ці абышлося без ахвяраў і пацярпелых?

Назарчук: Ад страляніны ў нас параненых няма, а вось танкі і артылерыя — так, было двое пацярпелых, двое параненых.

РС: Хіба танкі і артылерыя не павінны быць адведзены паводле менскіх пагадненьняў? Ці гэта было да таго, як пачаўся адвод?

Назарчук: Гэта ўжо было пасьля. Нас абстрэльвалі танкам, адзін быў цяжка паранены. А другі, дзякуй Богу, ня надта цяжка быў, калі артылерыя страляла, гэта было літаральна месяц таму. Глядзіце: паводле менскіх пагадненьняў павінна было сысьці ўсё калібрам больш за 100 мілімэтраў. І танк, і гаўбіца — гэта больш за 100 мілімэтраў. Цяпер, вядома, лягчэй, чым было ў лютым, да перамір’я, але сёе-тое яны пакінулі. І калі ім становіцца цяжка, яны не саромеюцца гэта ўключыць — і па нас, і па нашых суседзях. Трошкі ў іх ёсьць забароненага. Ну, у прыватнасьці, як мінімум два танчыкі ў іх часам у Спартак [разьмешчанае побач з шахтай сяло — РС] даяжджаюць.

У Данецкім аэрапорце

РС: Побач з вамі аэрапорт, за які больш за паўгоду ішлі жорсткія баі, у выніку яго занялі сэпаратысты. Што цяпер там адбываецца?

Назарчук: Да ўзьлётнай паласы мне прыблізна 2,5 кілямэтра, яе якраз добра відаць, за імі — тэрміналы. У тэрміналах і ў «Мэтро» [крама — РС] нейкія апорныя пункты, яны там мітусяцца, мы іх пастаянна бачым, ганяюць машыны там, БМП. Перастрэльвацца. Карацей, жыцьцё віруе.

Крама «Мэтро» ў Данецку

Крама «Мэтро» ў Данецку

РС: Навошта тады наогул была гэтая шматмесячная аблога аэрапорту? Сэпаратысты казалі, што хочуць такім чынам абараніць жылыя кварталы Данецка, якія адтуль нібыта абстрэльвае ўкраінская армія. Цяпер пазыцыі вайскоўцаў разьмешчаныя на такой самай адлегласьці ад гораду, толькі трохі больш направа і налева, у Пясках, і ў вас, на шахце, але пры гэтым вас не штурмуюць з такой разьюшанасьцю, як аэрапорт. Чаму?

Назарчук: Я думаю, што аэрапорт — гэта больш была мэдыйная прычына. Узяць і ўсім паказаць, якія яны крутыя. З нагоды абстрэлаў — вось іх гаўбіца працуе па нас, і мы бачым, адкуль яна працуе, зь межаў Данецку. У адказ па ёй даваць нельга, таму што яна рэальна ў жылых кварталах стаіць. Мы бачым і своечасова хаваемся, таму што адказаць мы ня можам. У нас толькі тое ўзбраеньне, якое можна паводле менскіх пагадненьняў, і гэтым мы адказваць ня будзем. Гэта значыць, насамрэч, калі б мы хацелі абстрэльваць Данецк, праблемаў з гэтым не было б ні з нашых пазыцый, ні нават зь яшчэ больш далёкіх, але ніхто яго не абстрэльвае. І якраз нашы перамір’я прытрымліваюцца ў гэтым сэнсе.

Вайна закончылася?

РС: Часта цяпер можна пачуць у дачыненьні да падзеяў на ўсходзе Ўкраіны словы «вайна закончылася». Ці так гэта?

Назарчук: Пазаўчора ў нашым батальёне было яшчэ двое загінулых. Не на нашым апорным пункце, на суседнім. Гэта не сакрэт, гэта адкрытая інфармацыя. Ну, як гэта вайна скончылася, калі яны загінулі ад снарадаў САУ [самаходная артылерыйская ўстаноўка — РС]? Я стаяў, назіраў, калі гэта разрывалася на іх апорным пункце... Гэта вельмі нядобрае відовішча. Гэтая вайна ня скончылася, калі выбухаюць снарады. Яна ня скончылася, і яна будзе працягвацца яшчэ.

РС: Вы чакаеце, што канфлікт разгарыцца з новай сілай?

Назарчук: Ён гарантавана разгарыцца з новай сілай, таму што і яны рыхтуюцца, і мы рыхтуемся. І тое, што ёсьць, вы самі разумееце, гэта як у фізыцы — «стан супакою», цяпер ён вельмі няўстойлівы. Яны ўвесь час анансуюць, што хочуць нас адсунуць ад Данецку. Значыць, будзе яшчэ наступ. Я не хачу быць галаслоўным, але я думаю, што летам нешта яшчэ будзе.

77 дзён на перадавой

РС: 77 дзён вы трымаеце гэтую пазыцыю. Гэта наогул норма для знаходжаньня ў зоне АТА, на перадавой? Ці гэта даўжэй, чым павінна быць у ідэале?

Назарчук: Наколькі я ведаю, ёсьць рэкамэндацыя, што павінна быць 45 сутак у зоне АТА. Плюс, наколькі я ведаю, калі трымалі аэрапорт, стараліся рабіць хлопцам ратацыі, унутраныя ратацыі: ты два тыдні на перадавой, потым ты тыдзень, дапусьцім, адпачыў, таксама ў зоне АТА, але проста хоць трошкі ў тыле. Таму, вядома, мы трохі стаміліся, 77 дзён — гэта зашмат. Мы зачыненыя на маленькай плошчы, адны і тыя ж людзі, пастаянныя абстрэлы, і ўмовы жыцьця таксама, скажам так, звычайныя ваенныя, мы трохі стаміліся, вядома.

Макет шэўрона вайскоўцаў, якія нясуць службу на шахце «Бутоўка»

Макет шэўрона вайскоўцаў, якія нясуць службу на шахце «Бутоўка»

РС: З чаго складаецца ваш звычайны дзень, калі няма інтэнсіўных абстрэлаў?

Назарчук: Пакапаў, недзе нешта ўмацаваў, паеў, паспаў. Ужо цяпер такая апатыя, што нават адзін з адным гаворым менш, утыкаем нос хто ў кнігу, хто яшчэ кудысьці. Калі пачынаецца перастрэлка, бой, то гэта нават успрымаецца зь нейкай радасьцю, таму што хоць трохі падбадзёрысься. А ў прынцыпе, менавіта псыхалягічна перш за ўсё цяжка, такая апатыя ёсьць.

Зь цеплавізарам на коміне

РС: Нейкія гісторыі разнастаілі гэты побыт?

Назарчук: Быў у нас тут такі выдатны комін — найвышэйшы пункт над мясцовасьцю. І я рэгулярна на ім ноччу сядзеў зь цеплавізарам, палявалі мы на нашых апанэнтаў, назавем гэта так. І вось калі аднойчы ноччу туман быў, відаць дрэнна, гляджу на поле — статак зайцаў пасецца. Прычым назіраў я іх хвілін 15. Гэта значыць, яны нешта там мітусіліся, бегалі, гляджу — зайцы і зайцы. І толькі калі каля іх прабегла котка, гэта дыстанцыя была недзе каля кілямэтра, я трошачкі зьдзівіўся, якога гэтыя зайцы памеру. Увогуле, далі мы туды чаргу з АГСа [аўтаматычны станковы гранатамёт — РС], нешта ў гэтых зайчыкаў выбухала, і адзін зайчык там і застаўся. У тумане «сэпараў» прынялі за зайцаў. Яны там, мабыць, пераносілі БК [боекамплект — РС], і мы іх своечасова накрылі.

РС: Як ажыцьцяўляецца падвоз прадуктаў і ўсяго неабходнага да вас, даяжджаюць да вас валянтэры?

Назарчук: У бытавым сэнсе ўсё нармальна. Валянтэры наўпрост да нас не давозяць, але яны давозяць да нашых тылавых частак, і там далей хлопцы нешта на «скрыначках» [бронемашыны — РС] нам прывозяць. Гэта значыць, менавіта ў пляне забесьпячэньня... ну, вайна ёсьць вайна, не пяцізоркавы гатэль. Але і жаху, які быў, калі ўсё пачыналася пад Славянскам, такога цяпер няма.

Салдацкія рэчы

Салдацкія рэчы

РС: Вы згадалі слова «апатыя». Часта кажуць аб неабходнасьці псыхалягічнай рэабілітацыі для байцоў, якія вяртаюцца з зоны АТО. Як вам здаецца, вам ці камусьці з тых, хто цяпер з вамі трымае гэтую шахту, такая дапамога можа спатрэбіцца?

Назарчук: Камусьці можа спатрэбіцца. А мне, напэўна, не, я гэта прасьцей успрымаю. На самай справе, калі сюды прыедзе хто-небудзь з старэйшых афіцэраў батальёну, проста пацісьне хлопцам рукі і скажа: «Хлопцы, такая сытуацыя, пратрымайцеся яшчэ нейкі час» — то ўжо стане нашмат лягчэй. Але вось за гэтыя 77 дзён такога не было.

P. S. Неўзабаве пасьля гэтага інтэрвію Аляксандр Назарчук распавёў Радыё Свабода, што на шахту «Бутоўка-Данецкая» для таго, каб маральна падтрымаць байцоў, прывезьлі зампаліта сэктару і зампаліта батальёну.​

XS
SM
MD
LG