Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская пракуратура правярае «Начных ваўкоў» на прапаганду таталітарызму


Начныя ваўкі

Начныя ваўкі

Падчас наведваньня Асьвенціма байкеры пазіравалі на фоне сьцягоў СССР, а гэта забаронена польскім заканадаўствам як прапаганда таталітарнага ладу.

Адпаведнае даручэньне пракуратура Асьвенціма дала паліцыі, — паведамляе Gazeta Wyborcza.

«Пракуратура вырашыла прыгледзецца да тых, хто размахвае сьцягам зь сярпом і молатам. Паліцыі даручылі праверыць інфармацыю прэсы пра візыт групы матацыклістаў у Асьвенцім у сераду. Калі будзе вызначана, што мела месца парушэньне закону, то пракуратура распачне адпаведны разгляд, ці было гэта прапагандай таталітарызму», — падае польскае выданьне словы пракурора Асьвенціма Марыюша Сломкі.

29 красавіка група польскіх байкераў з руху «Катынскі рэйд» наведала мэмарыял Асьвенцім. У складзе групы былі тры ўдзельнікі расейскага клюбу «Начныя ваўкі», якому забаронены ўезд у Польшчу.

Крымінальны кодэкс Польшчы забараняе публічную прапаганду фашызму і іншага таталітарнага ладу, а таксама распаўсюд і дэманстрацыю фашысцкіх, камуністычных і іншых таталітарных сымбаляў.

8 красавіка ў ЖЖ «Начных ваўкоў» зьявіўся відэазварот іх лідэра Залдастанава, у якім ён абвяшчае старт удзельнікаў мотапрабегу зь Белавескай пушчы.

27 красавіка групе «Начных ваўкоў» забаранілі ўезд у Польшчу на памежным пераходзе «Тэрэспаль».

28 красавіка ў Берасьце прыбыў Аляксандар «Хірург» Залдастанаў, які на прэсавай канфэрэнцыі ў расейскім консульстве заявіў, што мотапрабег па Эўропе будзе працягнуты, аднак адмовіўся паведаміць, якім чынам удзельнікі трапяць за мяжу.

Аляксандар «Хірург» Залдастанаў

Аляксандар «Хірург» Залдастанаў

Сёньня ў 12.05 у сваім афіцыйным ЖЖ «Начныя ваўкі» заявілі, што ім удалося прарвацца праз «усе пасты». Паводле іх, першая група, якая ўчора наведала Асьвенцім, цяпер едзе да мэмарыялу на гары Славін (Браціслава), а далей будзе рухацца да Брно.

Другая група знаходзіцца ў Будапэшце. Ёсьць яшчэ трэцяя група пад назвай «балканская» — дзе яна, пакуль невядома. Групы мяркуюць сустрэцца ў Браціславе.

Фота- ці відэапацьверджаньняў свайго знаходжаньня ў Эўразьвязе «Начныя ваўкі» не прадставілі.

У той жа час яны прызналі, што двое байкераў, якіх 28 красавіка памежныя службы Літвы не прапусьцілі празь мяжу ЭЗ, належаць да іхняга клюбу. За папярэднія два дні Літва не прапусьціла яшчэ 8 расейскіх байкераў.

Байкерскі клюб «Начныя ваўкі», які вядомы фанатычнай прыхільнасьцю да расейскага прэзыдэнта, плянаваў даехаць да Бэрліна, каб там адсьвяткаваць 70-годзьдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

XS
SM
MD
LG