Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некалі і Гітлер не любіў габрэяў», — гарадзенцы пра выказваньне Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка ва ўчарашнім пасланьні заявіў, што трэба «нармалізаваць» і «кантраляваць» габрэяў. Як вы гэта сабе ўяўляеце? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадар: «Я ня ведаю, да чаго могуць весьці такія словы. Але, на мой погляд, гэта поўнае прыніжэньне нацыі. Як можна нават на нейкіх прыкладах пра такое казаць? Тут пахне нейкім фашызмам, і казаць пра такое публічна нерэальна. І пры гэтым — як можа такое казаць прэзыдэнт краіны, і яшчэ яму ўсё сходзіць з рук...».

Спадар: «Гэта было вельмі дзіўнае выказваньне, нават крыху антысэміцкае. І гэтыя выказваньні праслухоўваліся на працягу ўсяго пасланьня, а потым яшчэ Лукашэнка да іх вярнуўся...»

Спадар: «Мне наагул цікава, як так можна казаць, гэта ж у нейкім сэнсе парушэньне Канстытуцыі. Галоўнае, каб чалавек быў нармальны, для мяне ня важна, якой ён нацыянальнасьці. Некалі Гітлер таксама не любіў габрэяў, і выйшла тое, што выйшла. Я толькі спадзяюся, што такія часы ніколі не наступяць».

Спадар: «Першая мая рэакцыя была — шок. Я не зразумеў, як можна такое казаць. Я і цяпер не ўяўляю, што гэта за такі паварот, ад чаго гэта адштурхоўваецца і навошта...»

Спадар: «Фраза адносна габрэяў — гэта ягонае тыповае адступленьне ад надрукаванага тэксту, ён і сам не зразумеў, што сказаў. Уявіце: кантраляваць габрэяў... На мой погляд, у яго гэтага не было ў сьпісе. Але вось тым, хто сядзеў у залі, гэта спадабалася, і вось гэта страшна. Тое, што ён кажа, — мы ўжо да ўсяго прызвычаіліся. Але тое, што заля з трыма вышэйшымі адукацыямі так рэагуе, — гэта страшна».

Спадар: «Габрэйскае пытаньне — гэта пытаньне складанае, і што значыць „кантраляваць“? Што яны, несамастойныя людзі, што іх патрэбна кантраляваць, а значыць, не давяраць? А калі яны дзеля Беларусі робяць дабро — гэта ж добра, ну навошта тут кантраляваць? У мяне нават у галаву гэта не залазіць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG