Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатар роварнага параду: Калі прыедуць у вышыванках — гэта будзе цудоўна


Роварны парад у Менску, велапарад, рэкляма, плякат

Роварны парад у Менску, велапарад, рэкляма, плякат

1 траўня ў Менску адбудзецца адкрыцьцё роварнага сэзону. У суправаджэньні ДАІ раварысты праедуць па праспэкце Пераможцаў да парку Перамогі. Сябра Менскага роварнага таварыства Павал Гарбуноў кажа, што ўдзельнікі імпрэзы ня будуць рабіць акцэнт на ідэалягічных момантах — таму чакаць роварнага параду ў вышыванках ня трэба.

«Мы не закладалі ў зьмест параду нейкае палітычнае адценьне. Вядома, гледзячы на афішу параду, якая разышлася па інтэрнэце, можна падумаць, што яно тут ёсьць. Камусьці гэта падабаецца, камусьці — не. Асабіста мне не падабаецца, што ёсьць палітычнае адценьне. Гэта гарадзкі парад, і таму ён павінен аб’ядноўваць людзей, жыхароў і гасьцей Менску, а не падзяляць паводле палітычнага ці іншага чыньніку», — заявіў Павал Гарбуноў у інтэрвію Радыё Свабода.

Павал Гарбуноў

Павал Гарбуноў

— Некалькі гадоў запар роварны парад улады забаранялі. Чаму? І чаму ў гэтым годзе нарэшце вам далі афіцыйны дазвол?

— Забароны праводзіць парад ніколі не было. Але працэдура ўзгадненьня такога мерапрыемства з гарадзкімі ўладамі вельмі складаная. Каб яе выканаць, трэба прайсьці не адну інстанцыю, атрымаць дазвол ад ДАІ, ад адміністрацыі раёну, дзе будзе парад. Усё гэта займае шмат часу. Гэтым разам бюракратычныя клопаты ўзяў на сябе адзін з суарганізатараў параду — роварны клюб Minsk, і ўрэшце гэтую справу ўдалося давесьці да канца.

— Значыць, нельга сьцьвярджаць, што ўлады ставяцца да раварыстаў як да арганізаванай і патэнцыйна пратэставай супольнасьці?

— Не, такога дакладна няма.

— З афішы на роварны парад запрашае чалавек у вышыванцы, а ў інтэрнэце пішуць, што нацыянальная сымболіка мае быць адметнасьцю адкрыцьця роварнага сэзону-2015. Ці так гэта?

Падчас параду будзе багата ўсякага. Гэта цалкам гарадзкое мерапрыемства, куды прыйдуць людзі з самымі рознымі культурнымі і палітычнымі поглядамі.

— Мы асабліва ніяк не прасоўваем ідэю вышыванкі. На роварным парадзе 1 траўня ня будзе ніякай аднабаковай падачы. Розныя арганізацыі будуць рабіць розныя імпрэзы. Падчас параду будзе багата ўсякага. Гэта цалкам гарадзкое мерапрыемства, куды прыйдуць людзі з самымі рознымі культурнымі і палітычнымі поглядамі. Калі нехта прыедзе ў вышыванцы — гэта будзе цудоўна. Асабіста мне вышыванка як сродак пошуку нацыянальнай сьвядомасьці вельмі падабаецца. Але будзе файна, калі розныя арганізацыі прыедуць са сваёй сымболікай. Напрыклад, Менскае роварнае таварыства прыедзе ў сьвятлоадбівальных камізэльках, каб прыцягнуць увагу да тэмы бясьпекі раварыстаў.

— Удзельнікі будуць ехаць па ўзбочынах ці па праезнай частцы?

— Паводле ўзгадненьня з ДАІ, з 15 да 16 гадзін праспэкт Пераможцаў будзе перакрыты на ўчастку ад «Менск-Арэны» да парку Перамогі. Калёну ўдзельнікаў параду з абодвух бакоў будуць суправаджаць даішнікі.

— Колькі раварыстаў возьмуць удзел?

— Складана ацаніць, бо ёсьць чыньнікі на карысьць таго, што людзей будзе багата, але ёсьць і прычыны, празь якія нехта вырашыць ня ўдзельнічаць. Троху няўдала, што 1 траўня пачынаюцца вялікія выходныя і шмат хто едзе за горад. Увогуле, мы разьлічваем, што 500 чалавек будзе пэўна. Калі далучыцца 2000 раварыстаў, то гэта будзе посьпех, перамога.

— Частка Менску, дзе адбудзецца роварны парад, больш-менш прыстасаваная для роварнага руху. Што можна сказаць пра Менск агулам?

Суб’ектыўна, цягам мінулага году колькасьць раварыстаў падвоілася. Зразумела, што інфраструктура ня стала лепшай у два разы.

— Праблемаў багата. Хуткасьць адаптацыі Менску да роварнага руху не адпавядае тэмпам росту гэтага руху. Суб’ектыўна, цягам мінулага году колькасьць раварыстаў падвоілася. Зразумела, што інфраструктура ня стала лепшай у два разы. Але ёсьць і станоўчыя моманты: летась улады паабяцалі ў 2015 годзе адаптаваць для ровараў 60 кілямэтраў ходнікаў. Будзем глядзець, ці выканаюць абяцаньне. Нікуды не падзеліся праблемы бардзюраў і парковак, вялікай нязручнасьцю застаюцца неадаптаваныя для раварыстаў правілы дарожнага руху.

— Дарэчы, ахарактарызуйце сярэдняга беларускага раварыста.

— Пяць гадоў таму гэты быў хлопец спартовага целаскладу ва ўзросьце 20–30 гадоў. Летась мы рабілі арганізаванае назіраньне за раварыстамі і прыйшлі да высновы, што цяпер езьдзяць і моладзь абодвух полаў, і сталыя мужчыны і жанчыны — гадоў так да 50. І гэта сьведчыць пра тое, што інфраструктура для ровараў усё ж паляпшаецца.

— Якая праграма чакае ўдзельнікаў роварнага прабегу ў парку Перамогі?

— Там будзе забаўляльная частка імпрэзы, якую ладзяць нашы партнэры. Будуць конкурсы, музыка, танцы, квэсты, інфармацыйныя стэнды, гульня ў фрызьбі, эстафэты. Усе ахвочыя змогуць там жа парамантаваць свае ровары ці ўзяць ровар на бясплатны тэст-драйв.

XS
SM
MD
LG