Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб ацаніць пасланьне прэзыдэнта Беларусі «гораду і сьвету», варта згадаць нядаўнія прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане. Агульнавядомы іх завоблачны вынік — амаль 98% за дзейнага прэзыдэнта. Менш вядома дзеля чаго, паводле словаў Нурсултана Назарбаева, ён задумаў датэрміновыя выбары. Мэта — атрыманьне народнага мандату на правядзеньне пяці рэформаў: рэформы дзяржапарату, судовай сыстэмы, дывэрсыфікацыі зьнешнегандлёвых сувязяў, фармаваньня казахстанскай грамадзянскай нацыянальнай ідэнтычнасьці і пераразьмеркаваньня ўладных паўнамоцтваў .

Чаму менавіта гэтыя пяць, чаму не, скажам, умацаваньне абараназдольнасьці, ня падвышэньне даходаў насельніцтва, чаму не мільён іншых важных, патрэбных і карысных рэчаў? Ну вось таму, ужо вельмі немалады патрыярх вырашыў з вышыні свайго вопыту, што менавіта гэта — самае галоўнае. Прычым, варта заўважыць, што гэтае рашэньне лідэра менавіта аўтарытарнага, «разгул дэмакратыі» ў плянах Назарбаева не значыцца, ўлюбёнай айчыннымі лібэральнымі эканамістамі і публіцыстамі карэннай рэформы эканомікі — таксама. Гэта плян, які не прадугледжвае карэннай ломкі казахстанскай сацыяльна-палітычнай і эканамічнай сыстэмы, аднак гэта плян, праграма на гады наперад. У тым ліку, і праграма падрыхтоўкі краіны да таго часу, калі цяперашні нязьменны лідэр пакіне свой пост і гэты сьвет.

А цяпер зьвернемся да штогадовага пасланьня Аляксандра Лукашэнкі, калегі Назарбаева па Эўразійскім саюзе. Пра што толькі не казаў прэзыдэнт у сваім пасланьні ў год прэзыдэнцкіх выбараў: пра лішку дзяржапарату, пра інфляцыю і падаткі, пра прадпрыемствы-банкруты, пра праблемы на МАЗе, пра падтрымку сем’яў і ахову здароўя. Не абышоў кіраўнік дзяржавы сваёй увагай нават кінэматограф, і такія актуальныя тэмы, як пладавітасьць жанчын-дэпутатак, «нармалізацыя» габрэяў і зарок бясшлюбнасьці вышэйшага духавенства БПЦ.

Напэўна, усё гэта важна — напэўна, і праўда, хай бы лепш расейскія актрысы на экране куляліся ў ложку з беларускімі мужыкамі, чым цяперашняе гаротнае адваротнае становішча. Напэўна, і трое дзяцей у кожнай дэпутаткі былі б не лішнімі, і габрэяў варта было б «нармалізаваць», балазе іншыя этнасы Беларусі ўжо, мабыць, у належнай ступені «нармалізаваныя», ну і папам нядобра адвільваць ад рашэньня дэмаграфічнай праблемы.

Альбо пажартаваў прэзыдэнт проста. Па-добраму так, па-народнаму. Усё ж усё зразумелі.

Можа, з народам так і трэба. Але вось неяк з усяго сказанага не вымалёўваецца ніякага пляну дзеяньняў, сыстэмы прыярытэтаў, хоць бы ў стылі праграмы таго ж палітыка 1996 году: экспарт, жыльлё, харчаваньне. І тады, як можна ўспомніць, былі праблемы і з інфляцыяй, і з МАЗам, і кінэматографам, і напэўна, нават з габрэямі і папамі. Але было вызначана — вось гэта галоўнае, а з астатнім будзем разьбірацца па ходзе справы.

Цяпер рэч нават ня ў тым, што няма пляну, які б цешыў «пятую калёну» ці, скажам, трэцюю або першую. Няма ніякага пляну, ва ўсякім выпадку, ён ніяк не агучаны — важна ўсё. І таму няважна нічога.

Чаму так? Ну можа прэзыдэнту проста сумна. Людзей такога тыпу запальвае, мабілізуе барацьба, пераадоленьне. А з кім змагацца? Паказальна, дарэчы, што ў пасланьні, абнародаваным у год выбараў, практычна не знайшлося месца для таго, каб пра гэтыя выбары пагаварыць. А навошта? Хіба не ўсё ясна? Няма сапраўдных ворагаў, супернікаў, прэтэндэнтаў. А тады сумна, нецікава. Да таго ж некаторы час таму было сказана, што мяняць сыстэму не трэба. Тады і застаецца бягучка, у якой важна ўсё і няважна нічога.

Зрэшты, наконт супернікаў — не зусім так. Ледзь не адзіны сюжэт усяго пасланьня, у якім Лукашэнка дэманстраваў якасьці палітыка, датычыўся Расеі. Там былі і напал, і жарсьць. Вялікая гульня.

Але які сэнс гэтай гульні, дакладней, гэтага раўнду гульні? Найбольш уражвае параўнаньне пасажаў, падзеленых некалькімі хвілінамі выступу: «Шмат у апошні час гаворыцца пра ідэю нейкага „рускага сьвету“. Я так разумею, гэта не пра нас... Мы прыедзем у сталіцу нашай радзімы, Маскву, былую нашу сталіцу, восьмага траўня, калі скончылася вайна, як сьлед там адзначым і прадэманструем, што мы — рускі сьвет». Дык «рускі сьвет» — гэта пра нас ці не пра нас? А яшчэ варта ўспомніць гордыя словы, сказаныя ўсяго тры месяцы таму: «Калі ёсьць некаторыя тут разумнікі, якія лічаць, што беларуская зямля — гэта частка, як яны кажуць цяпер, „рускага сьвету“, і ледзь ці не Расеі. Забудзьцеся». Ненадоўга ж «разумнікам» давялося гэта забыць.

І яшчэ вельмі паказальны эпізод — тлумачэньне з адценьнем прабачэньня перад нейкімі віцебскімі актывістамі, разгневанымі тым, што ў Беларусі дарожныя паказальнікі выкананыя на беларускай: «З савецкіх часоў абазначэньні населеных пунктаў на дарогах Беларусі былі на беларускай мове. Дзе на рускай, дзе на беларускай. Я нават гэтага не заўважаў. Але сёньня нас пачалі папракаць. Але дазвольце, у нас ёсьць і родная беларуская мова».

Ужо прабачце вялікадушна, гаспада харошыя, але ёсьць у нас і родная беларуская мова. Самі часам дзівімся, але ёсьць. А надпісы і пры Савецкім Саюзе такія былі. «Усе пытаньні да Машэрава», як гаворыцца. Або да таварышча Сталіна, вядомага майстра нацыянальнага пытаньня. А, дарэчы, а калі б у савецкія часы такіх парадкаў не было, а цяпер бы ўвялі? То мелі б рацыю «дзеячы з Віцебскай вобласьці», ўзвысіўшы свой магутны голас супраць гэтага нацыяналістычнага шаленства?

А гэтыя дзеячы — яны, дарэчы, якая па ліку калёна будуць? Таксама «пятая»? Ці шостая? А можа першая, мяркуючы па тоне, якім з імі зараз размаўляе кіраўнік дзяржавы?

Гаворыцца гэта не для таго, каб з пазыцыі высокай маралі абвінаваціць Аляксандра Лукашэнку ў няшчырасьці і двудушнасьці, маўляў, раней вось што казаў, а цяпер — зусім іншае. Аўтар гэтых радкоў далёкі ад ролі маральнага судзьдзі, палітыкам часам даводзіцца рабіць такія кульбіты. Пытаньне ў тым, чаму прэзыдэнту даводзіцца іх рабіць менавіта цяпер.
І справа не толькі ў словах пра «рускі сьвет» або аб дарожных паказальніках. Уся частка пасланьня, прысьвечаная Расеі, пазначала рэзкі паварот у бок саюзьніка. Пры гэтым, нягледзячы на нядаўнія сапраўдныя посьпехі айчыннай дыпляматыі на заходнім напрамку, заходні вэктар згаданы ў пасланьні, так бы мовіць, праз коску, вось з Кітаем паглыбіліся адносіны, з Індыяй, ну і з ЭЗ і ЗША наладжваюцца.

Мяркуючы па ўсім, у адносінах Расеі і Беларусі ў апошнія месяцы або нават тыдні адбыліся істотныя зьмены. Лукашэнка нездарма растлумачыў, што многія пытаньні ён з Пуціным абмяркоўвае і вырашае канфідэнцыйна, не выносячы на публіку. І многае кажа за тое, што ў апошні час гэтыя абмеркаваньні былі не самымі ідылічным. І прычына, магчыма, не толькі ў тым, што чаканая шчодрасьць Расіі аказваецца прыкметна меншай, чым раней і чым трэба Беларусі. Магчыма, зубаскрышальныя публікацыі пра Беларусь у шавіністычных расейскіх выданьнях — гэта сапраўды рэха нейкіх новых павеваў у крамлёўскай палітыцы.

Зрэшты, не выключана, што больш жорсткая лінія сытуацыйная і адлюстроўвае настроі расейскіх элітаў напярэдадні сьвяткаваньня гадавіны Перамогі, а таксама рыскага саміту «Усходняга партнэрства». На самай справе гэты саміт, паводле папярэдніх прагнозаў, хутчэй за ўсё расчаруе праеўрапейскі арыентаваныя краіны-партнэры. Але сёньняшняя Расея ўспрымае куды больш хваравіта, спалохана, чым раней, любыя, нават не занадта плённыя, кантакты постсавецкіх краінаў з Захадам.

І ў гэтай сытуацыі Лукашэнка робіць крок назад, ад «чырвонай лініі», акрэсьленай Крамлём, па традыцыі хаваючыся ад Расеі ў яе абдымках. Вось у пасланьні клянецца ў вернасьці, але перад гэтым зьезьдзіў у Грузію, якая ў Эўропу ірвецца. А на парадзе 9 траўня ў Маскве, пры ўсіх звышважкіх матывах, яго ўсё ж не будзе, як і Абамы, і Мэркель, і многіх многіх іншых. Крок наперад — два назад.

Дарэчы, і пасаж, які павесяліў многіх, наконт спалучэньня «белага» духавенства БПЦ вузамі шлюбу не абавязкова паўстаў з-за недастатковай дасьведчанасьці кіраўніка дзяржавы ў асаблівасьцях царкоўнага жыцьця. А магчыма — як частка таго самага манэўраваньня. Праваслаўная царква — адзін з магчымых інструмэнтаў прасоўваньня «рускага сьвету», дык чаму б яе лёганька так не дыскрэдытаваць, ня намякнуць, што духоўныя бацькі — таксама вельмі нават не без граху, і што наогул сапраўдны духоўны бацька ў беларусаў вядома хто. Крок назад — два наперад.

Вось гэта гульня па вялікіх стаўках, з рызыкай, але і выйгрышамі. Вы думаеце, што цяперашняе ўцёкі ў расійскія абдымкі — гэта назаўжды? А адкуль гэта вынікае? Пройдзе сьвята, пройдзе саміт, можна будзе ўспомніць, што палітыка Беларусі спрадвеку была і ёсьць шматвэктарнай. Забыліся?

Для палітыка гэта і ёсьць сапраўдная барацьба і сапраўднае жыцьцё.
А дома што? Інфляцыя з ВУП нейкія дурныя, грошай ні на што не напасесься, народ, праўда, крэкча, але трывае, «государевы людзі» падкрадаюць, але верна служаць. І на самой справе ж туга зялёная.

Перадрук з парталу TUT.BY

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG