Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск абышоў Парыж і Рым у папулярнасьці сярод расейскіх турыстаў


Сярод расейскіх турыстаў Менск упершыню апярэджвае Парыж, Рым і Бэрлін па колькасьці паездак у пэрыяд травеньскіх сьвятаў. Пра гэта паведамляе партал russiantourism.ru.

Беларусь у 2015 годзе наагул лідзіруе сярод краін СНД, куды езьдзяць расейскія турысты. У рэйтынгу папулярнасьці за Беларусьсю ідуць Украіна, Казахстан, Азэрбайджан, Армэнія, Узбэкістан, Малдова, Кіргізстан і Таджыкістан.

У топ-10 самых папулярных гарадоў СНД па паездках расейскіх турыстаў у 2015 годзе ўваходзяць Менск, Кіеў, Баку, Алматы, Ерэван, Астана, Віцебск, Ташкент, Берасьце і Львоў. Статыстыка паказвае, што ў 2015 годзе ў Беларусь расейцы зьдзейсьнілі 40% усіх паездак па СНД, ва Ўкраіну — 17%, у Казахстан — 14%, у Азэрбайджан — 10%, у Армэнію — 8%, Узбэкістан — 5%, Малдову — 3%, Кіргізстан — 2% і Таджыкістан — 1%.

«Мы едзем у Беларусь усёй сям’ёй на травеньскія сьвяты. Вырашылі, што чатырох дзён нам хопіць з галавой, — цытуе партал масквічку Яўгенію Ларыёнаву. — Плянуем паглядзець Менск, Мір, Нясьвіж і, вядома ж, заехаць у Берасьце. Ужо зьбіраемся напярэдадні паглядзець зь дзецьмі фільм „Брэсцкая крэпасьць“, спадзяюся, што гэта дапаможа ім прасякнуцца атмасфэрай Вялікай Айчыннай вайны. Чаму Беларусь? Танна і сярдзіта. Ужо прывыклі выяжджаць на травеньскія і студзеньскія вакацыі, а ў Расеі ўжо амаль усюды былі. На жаль, Эўропа цяпер не па кішэні. Хоць калі даляр пайшоў уніз, былі думкі ўсё перайграць, але паколькі ўжо забраніравалі жыльлё ў Менску і ў выпадку адмены броні папалі б на штрафы, вырашылі пакінуць усё як ёсьць».

У цэлым, паводле дадзеных Асацыяцыі турапэратараў Расеі, у гэтым годзе колькасьць ахвотных зьехаць на травеньскія сьвяты за мяжу скарацілася на 25%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG