Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 30 красавіка: Сусьветны дзень джазу, Тацяна Барысік і Віктар Казько ў кнігарні «ЛогвінаЎ»


Толькі мая беларусь. Аршанскі раён. Дарога.

Толькі мая беларусь. Аршанскі раён. Дарога.

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Прысылайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 ці на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

Менск. У межах «Вечароў з Гедройцам» у кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасьці, 37а) адбудзецца сустрэча з Тацянай Барысік, аўтаркай зборніка апавяданьняў"Жанчына і леапард«, і Віктарам Казько, аўтарам кнігі «Час зьбіраць косьці». Мадэратар — Андрэй Хадановіч. Пачатак у 19.30.

Менск. У Нацыянальным прэс-цэнтры адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя па выніках прэзыдэнцкіх выбараў у Казахстане з удзелам пасла гэтай краіны Ергалі Булегенава. Пачатак у 10.30.

Менск. Асамблея недзяржаўных дэмакратычных арганізацый і Цэнтар прававой трансфармацыі запрашаюць на брыфінг для СМІ напярэдадні Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду па правах чалавека для Беларусі у Радзе па правах чалавека ААН. У рамках брыфінгу грамадзкасьці будзе прадстаўлена пазыцыя аўтараў альтэрнатыўнага дакладу. Пачатак у 14.00. Месца правядзеньня — Цэнтар прававой трансфармацыі (вул. Нававіленская, 38-10, другі паверх).

Менск. У Нацыянальным гістарычным музэі адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя, прысьвечаная адкрыцьцю выставы скульптуры, керамікі і графікі двух найвялікшых гішпанскіх мастакоў — Сальвадора Далі і Пабла Пікаса. Пачатак у 16.00.

Менск. У Цэнтры сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3) праходзіць выстава Інстытуту імя Гётэ «Геніяльныя дылетанты»: субкультура 1980-х гадоў у Нямеччыне».

У гісторыі:

1961 — у Менску адбылося вясельле Марыны Прусаковай і Лі Гарві Освальда, які праз два гады будзе абвінавачаны ў забойстве прэзыдэнта Кенэдзі.

1975 — закончылася вайна ў Віетнаме, сёньня ў гэтай краіне дзяржаўнае сьвята. У ЗША 30 красавіка адзначаецца дзень вэтэранаў вайны ў Віетнаме.

1992 — у Жэнэве было абвешчана, што тэхналёгія Сусьветнай павуціны, ці World Wide Web, цяпер больш вядомай як інтэрнэт, будзе для ўсіх бясплатнай.

1997 — адбыўся першы замах на таджыцкага прэзыдэнта Эмамалі Рахмона. У часе, калі ён прыехаў у Хаджэнт на сьвяткаваньне юбілею мясцовага ўнівэрсытэту, у яго кінулі гранату. Рахмон быў лёгка паранены ў нагу, ахова адкрыла агонь па людзях, былі забітыя і параненыя.

30 красавіка — Міжнародны дзень джазу. Усталяваны ЮНЕСКА ў 2011 годзе з ініцыятывы ЗША. Ініцыятары аргумэнтавалі, што джаз, паходжаньнем амэрыканская форма мастацтва, уяўляе сабой «унівэрсальную музыку свабоды і творчасьці».

У гэты дзень нарадзіліся:

1881 — нарадзіўся беларускі паэт Янка Журба.

1883 — нарадзіўся чэскі пісьменьнік Яраслаў Гашак, аўтар прыгодаў славутага салдата Швэйка.

У гэты дзень памерлі:

1945 — калі пачаўся штурм Рэйхстагу, пакончыў жыцьцё самагубствам Адольф Гітлер.

2011 — памёр аргентынскі пісьменьнік Эрнэста Сабата.

Цытата:

Джаз не патрабуе ад слухача акадэмічнай наструненасьці, як клясыка, або рок-н-рольнай разьвязанасьці. Пад яго добра весьці машыну ў далёкі горад або весьці нясьпешную гутарку зь сябрам...
Джаз — музыка ХХ ст., што атрымала сваю назву ад імя канкрэтнага чарнаскурага музыкі Чарльза. З таго часу джаз стаў велізарным культурным мацерыком з сваімі клясычнымі мэлёдыямі і культавымі творцамі. У Беларусі джаз не разьвіўся, бо ня мог зрабіць гэта ў жорсткіх рамках таталітарнага быту. Але гэта ня значыць, што ў нас ня граюць і ня любяць джаз.
... Ён бярэ саксафон або сядае да фартэпіяна, наігрывае знаёмую мэлёдыю, і зараз жа адрываецца ад яе, выходзіць у космас імправізацыі. Толькі зрэдку, штрышком-паўнамёкам ён дае зразумець, што гэта ўсё яшчэ «Караван» Элінгтана, або, калі хочаце, беларуская «Купалінка».
Джаз — музыка свабоды.

Сяргей Дубавец, «Слоўнік Свабоды»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG