Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times: Сэпаратысты перапісваюць гісторыю Галадамору


Школа №96 у Данецку, верасень 2014 году
Школа №96 у Данецку, верасень 2014 году

Сэпаратысты на ўсходзе Ўкраіны перапісваюць гісторыю Галадамору, замяняючы яе больш «чыстай» расейскай вэрсіяй, піша журналіст New York Times. А ва Ўкраіне неўзабаве правядуць першую адчувальную для грамадзян рэформу, піша журналіст Forbes. Аднак, карэспандэнт Christian Science Monitor лічыць, што найбольш крытычная задача ўкраінскага ўраду сёньня — разьмеркаваць ўладу, якую гадамі манапалізавалі алігархі.

Сэпаратысты на ўсходзе Ўкраіны перапісваюць гісторыю Галадамору, замяняючы яе больш «чыстай» расейскай вэрсіяй, паводле якой голад быў непазьбежнай трагедыяй, якая напаткала ўвесь Савецкі Саюз, піша журналіст амэрыканскай газэты New York Times Эндру Крэймэр.

Неўзабаве пасьля акупацыі часткі усходу Ўкраіны ў 2014 годзе, мясцовым настаўнікам гісторыі сказалі «выкінуць іх ўкраінскія кнігі па гісторыі на сьметнік». «На працягу некалькіх месяцаў настаўнікі мелі імправізаваць, пакуль так званае „Міністэрства адукацыі“ сэпаратыстаў не абнародавала ўстаноўку пад назвай „Матэрыялы па пытаньнях па выкладаньні гісторыі“ для карыстаньня імі ў другім сэмэстры. Сэпаратысты літаральна перапісалі гісторыю ў сярэдзіне навучальнага году», — піша журналіст.

Вучням, здаецца, усё роўна, як зьмяняецца праграма. Паліна Зягіна, вучаніца 9-га клясу Данецкай школы № 14, толькі сказала, што ёй даводзіцца пісаць шмат канспэктаў, таму што ніякіх падручнікаў няма. «Больш няма сэнсу вывучаць гісторыю Ўкраіны. Мы не ва Ўкраіне », - сказала яна журналісту.

«Толькі дзьве тэмы з 52, якія датычацца 30-х гадоў і вывучаюць вучні 10 клясы, успамінаюць „трагедыю голаду 1932-1933 гадоў“. Гэта, здаецца, мала для страшнай дэпапуляцыі сельскай мясцовасьці, якая прымусіла натоўпы худых, як палкі, сялян ісьці ў горада, папрашайнічаць і паміраць тысячамі вясной 1933 году», — піша Крэймэр.

Рэформа, вынікі якой можна хутка пабачыць

Ва Украіне неўзабаве правядуць першую адчувальную для грамадзян рэформу, а менавіта — рэформу Дзяржаўтаінспэкцыі, піша Грэг Сэтэл, журналіст амэрыканскага часопісу Forbes. Паводле яго словаў, вынікі гэтай рэформы, у адрозьненьне ад эканамічных, на якія прыйдзецца чакаць тры-пяць гадоў, будуць адчувальнымі адразу.

«Сумнавядомыя карумпаваныя інспэктары ДАІ зьяўляюцца пастаянным напамінам, што сыстэма прагніла да самага дна... Эфэктыўная рэформа ў гэтай галіне стане магутным сыгналам таго, што рэчы сапраўды зьмяняюцца», — піша журналіст.

Праграмай кіруе першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Эка Згуладзэ. Рэформу спансіруе амэрыканскі ўрад, а трэніроўкі і адбор работнікаў ДАІ будзе кантраляваць паліцэйская каманда з амэрыканскага штата Нэвада. Адной з ключавых зьмен зьяўляецца павышэньне стандартаў для даішнікаў.

«Усе кандыдаты на пасады павінны мець вышэйшую адукацыю, правы кіроўцы і валодаць як мінімум адной замежнай мовай. Заробкі таксама павялічацца — ад прыкладна 80 да 500 даляраў у месяц », — піша журналіст.

Такія рэформы дапамогуць дасягнуць таго, чаго расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін баіцца больш за ўсё — пераходу Ўкраіны ад уплыву Расеі на цывілізаваны, дэмакратычны шлях, лічыць Сэтэл. «Гэта пакіне Пуціна толькі з двума варыянтамі: альбо рэфармаваць карумпаваную расейскую сыстэму, або зрабіць свой рэжым яшчэ больш прыгнятальным. Абодва шляхі выклічуць далейшыя праблемы, якія, прымаючы пад увагу яго ўжо аслаблены рэжым, ён ня можа сабе дазволіць», — заключае журналіст.

Аднак, карэспандэнт амэрыканскай газэты Christian Science Monitor Фрэд Уір лічыць, што найбольш важная задача ўкраінскага ўраду сёньня — разьмеркаваць ўладу, якую гадамі манапалізавалі алігархі і цэнтральны кіеўскі ўрад. Украіна мае заахвоціць адраджэньне малога бізнэсу і пераразьмеркаваць ўладу паміж рэгіёнамі краіны.

Адзін з самых магутных алігархаў, украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка, усё яшчэ не выканаў абяцаньні пазбавіцца ад сваёй шакалядна-мэдыя імпэрыі. Экспэрты лічаць, што ўплыў алігархаў паступова памяншаецца, але Парашэнка павінен прытрымлівацца сваіх абяцаньняў, таму што «грамадзкасьць назірае» за ім, адзначае журналіст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG