Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Урад Грузіі падаў ў адстаўку пасля сыходу сёмага міністра


Іраклі Гарыбашвілі

Іраклі Гарыбашвілі

Згодна з грузінскай канстытуцыяй, у выпадку адстаўкі траціны міністраў з дваццаці, урад павінен нанова атрымаць вотум даверу ў парлямэнце

Кабінэт міністраў Грузіі аўтаматычна падаў у адстаўку ў поўным складзе пасьля таго, як сваю пасаду пакінуў міністар па справах спорту і моладзі Леван Кіпіані. Ён стаў сёмым міністрам, які пайшоў з ураду, а згодна з грузінскай канстытуцыяй, у выпадку адстаўкі траціны міністраў з дваццаці, урад павінен нанова атрымаць вотум даверу ў парлямэнце.

Старшыня парлямэнту Давід Усупашвілі растлумачыў, што, паводле канстытуцыі, прэрагатыва прызначэньня новых міністраў належыць дзейнаму прэм’еру. Але канчатковае рашэньне прымае парлямэнт. Калі ж заканадаўчы орган не зацьвердзіць новы склад кабінэту міністраў, прэзыдэнт мае права распусьціць парлямэнт і прызначыць новыя парлямэнцкія выбары.

Кіроўная кааліцыя «Грузінская мара» валодае абсалютнай большасьцю галасоў у парлямэнце і, як лічаць назіральнікі, хутчэй за ўсё, новы склад ураду атрымае вотум даверу. Прычым цяперашні прэм’ер-міністар Іраклі Гарыбашвілі ўжо заявіў, што ўсе міністры захаваюць свае пасады.

Парлямэнцкая апазыцыя ўсклала ўсю адказнасьць за ўрадавы крызіс у краіне на мільярдэра Бідзіна Іванішвілі, які лічыцца нефармальным кіраўніком ўраду. Паплечнікі Міхаіла Саакашвілі па апазыцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» выказаліся за канчатковую адстаўку самога прэм’ер-міністра Іраклія Гарыбашвілі, прызначэньне так званага «тэхнічнага ўраду» і правядзеньне пазачарговых парлямэнцкіх выбараў на новай заканадаўчай аснове, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода Георгій Кабаладзе.

Большасьць камэнтатараў ў Тбілісі сыходзяцца ў меркаваньні, што пры любым разьвіцьці падзеяў краіну чакаюць значныя перамены, а магчыма, і новыя ўзрушэньні.

XS
SM
MD
LG