Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым запомнілася трохгадзіннае пасланьне Лукашэнкі ВІДЭА


Выступ Аляксандра Лукашэнкі працягваўся 2 гадзіны 40 хвілін: само пасланьне да народу і Нацыянальнага сходу заняло каля 2 гадзін, яшчэ 40 хвілін прэзыдэнт адказваў на пытаньні дэпутатаў.

Такая невялікая працягласьць выступу Лукашэнкі — даволі незвычайная зьява. Напрыклад, у 2014 годзе пасланьне кіраўніка дзяржавы і ягоныя адказы на пытаньні дэпутатаў цягнуліся больш за 4 гадзіны.

Большая частка сёньняшняга пасланьня была прысьвечаная эканоміцы і сацыяльнай палітыцы ў Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што менавіта стабільнасьць эканомікі — гарантыя незалежнасьці краіны.

Лукашэнка прызнаў цяжкі стан шэрагу прадпрыемстваў, у прыватнасьці — МАЗа. І хоць страта МАЗа будзе «сьмерці падобная», ён лічыць, што падтрымка прадпрыемстваў павінна давацца на канкрэтных умовах. «Дапамагаць будзем, але не пад абяцаньне, а пад канкрэтны кантракт. Толькі абавязаньні, жалезабэтонныя абавязаньні», — падкрэсьліў ён.

«Не прасіце больш грошай. Па-гаспадарску выкарыстоўвайце тое, што ёсьць», — заявіў ён, кажучы пра выкарыстаньне прадпрыемствамі бюджэтных грошай.

Наагул, паводле ягоных слоў, дзяржава не павінна падтрымліваць беспэрспэктыўныя прадпрыемствы, якія «зжылі сябе і ня могуць існаваць».

«Ліквідацыя адсталага прадпрыемства — не трагедыя, а элемэнтарны здаровы сэнс», — заявіў Лукашэнка.

Тэме адносін з Расеяй і «рускім сьветам» была прысьвечана вялікая частка пасланьня.

Гаворачы пра сьвяткаваньне 70-годзьдзя Перамогі ў Маскве, Лукашэнка заявіў:

«Мы прыедзем у сталіцу нашай радзімы Маскву, былую нашу сталіцу, 8 траўня, калі скончылася вайна, як мае быць там адзначым і прадэманструем, што мы — рускі сьвет».

Лукашэнка абверг меркаваньні, што Беларусь узяла крэн на Захад, «Можа, хтосьці і ўзяў, але пакуль я прэзыдэнт, і хіліцца мне няма куды», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы ўзгадаў, што ўезд на Захад яму забаронены, і запэўніў, што Беларусь застанецца саюзьніцаю Расеі.

Ён заявіў, што заўсёды наўпрост казаў эўрапейцам і амэрыканцам, што ў выпадку ваеннага канфлікту Расеі з Захадам Беларусь будзе з Расеяй, бо гэта «наш саюзьнік».

Але пры гэтым ён падкрэсьліў, што Беларусь застаецца сувэрэннай незалежнай дзяржавай: «Мы браты, але мы хочам жыць у сваёй кватэры».

Ён таксама адзначыў, што Беларусь не забывае пра бясьпеку, і традыцыйна заклікаў да пільнасьці. Паводле ягоных слоў, міжнародная абстаноўка абавязвае ўмацоўваць абараназдольнасьць Беларусі.

«Вы павінны быць спакойныя: мы сёньня маем пляны ў выпадку абвастрэньня сытуацыі падняць і ўзброіць паўмільёна беларусаў. І гэта дастатковая сіла, каб супрацьстаяць любым задумам», — сказаў кіраўнік краіны.

Кажучы пра ўнутрыпалітычную сытуацыю, Лукашэнка заявіў, што «нам канфрантацыя ўнутры краіны абсалютная не патрэбная». Ён заклікаў органы ўлады не адмаўляцца ад дыскусіі і кантактаў з апазыцыяй, бо гэта таксама «грамадзяне нашай краіны». Тым больш што ня ўсе апазыцыянэры хочуць шкоды для краіны, ня ўсе яны «шкодныя і гадкія», заявіў Лукашэнка.

Пра вайну ва Ўкраіне было сказана адносна няшмат і ў асноўным у кантэксьце «міратворчых намаганьняў» Беларусі.

Пры гэтым лідэр краіны адзначыў, што Беларусь ужо ўцягнутая ў вайну ва Ўкраіне, бо беларусы ваююць з абодвух бакоў канфлікту (хоць іх і адзінкі).

Лукашэнка паведаміў, што яго вельмі непакоіць, што будуць рабіць гэтыя людзі, вярнуўшыся ў Беларусь: «Гэтыя баевікі, пачуўшы кроў, вернуцца дадому. Кім яны будуць?».

Падрабязны анлайн-рэпартаж з пасланьня

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG