Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалы ў радыяцыйнай зоне робяць умысьля


На Магілёўшчыне ў зоне адчужэньня і адсяленьня сытуацыю з пажарамі, як запэўніваць спэцыялісты, удаецца кантраляваць, хоць узгараньні здараюцца нярэдка. Разам з прадуктамі гарэньня ў паветра ўздымаецца і радыяцыя.

Пра сёлетнія пажары ў радыяцыйнай зоне апавялі жыхары вёскі Галоўчыцы, што ў Чэрыкаўскім раёне. Гэтае паселішча лічыцца выселеным, але тут яшчэ жывуць людзі. Адзін з пажараў здарыўся якраз непадалёк.

«Нядаўна пажар быў там, дзе раней пчалярня стаяла. Два дні тушылі яго. Былі і пажарныя, і трактары нават. Яны затушылі яго. Гэта ўсё праз траву. Паглядзіце, якая трава. Чалавека няма — ён зьехаў, і паглядзіце, якая ля хаты трава. Няма каму касіць», — даводзілі журналісту дзьве вяскоўкі.

У вёсцы перакананыя, што падпалы ўмысьля робяць прышлыя людзі.

«Летась балота згарэла. І сёлета пасьпелі падпаліць. З нашых ніхто туды не хадзіў. Гэта нехта наўмысна шкодзіць. Камусьці так трэба было зрабіць. А ў нас у вёсцы адны старыя пазаставаліся. Ніхто на тыя балоты ня ходзіць, але ж само ж яно не загарыцца», — выказваўся яшчэ адзін жыхар Галоўчыц.

Выпаленая зона
Выпаленая зона

У Чэрыкаўскім лясгасе кажуць, што сытуацыя з пажарамі пад кантролем, аднак прызнаюць, што ўзгараньні ў зоне здараюцца.

«Асабліва ў зону выяжджаем на пажары за дзень па чатыры-пяць разоў. Нехта гэтак шкодзіць, — зазначае супрацоўнік лясгасу. —

У нас траса на Касьцюковічы праходзіць па зоне. Шмат машын рухаецца. Шмат „мэталістаў“, якія нідзе не працуюць, а шукаюць мэтал. Таму без чалавека тут не абыходзіцца сто працэнтаў. Летась быў пажар, дык лясныя культуры згарэлі на плошчы дзесяць з паловай гектар у зоне. Страты былі ў 94 мільёны. Сёлета пакуль трымаем усё пад кантролем, але ўзгараньняў было многа».

Карэспандэнт: «Дык калі пажар, то, відаць, і радыяцыйны фон зьмяняецца? Узровень радыяцыі падскоквае?».

«Вядома ж, падскоквае, — адказвае ён. — У нас тут выселеныя вёскі ёсьць — Малінаўка і Чудзяны, гэта, відаць, самыя высокія радыяцыйныя пункты — да 150 кюры. Але ёсьць пункты — там, дзе школа была, напрыклад, каля крамы, — там даходзіць радыяцыя да трох тысяч. Таму вы можаце ўявіць, што там адбываецца тады».

Спэцыялісты лясгасаў, якія пільнуюць сытуацыю на адселеных тэрыторыях, кажуць, што гэтак званыя «мэталісты» выпальваюць траву, каб расчысьціць сабе прастору для пошуку лому. Калі кантроль над падпалам страчваецца, то ўцякаюць. Нярэдкія выпадкі, калі кіроўцы кідаюць недакурак у траву.

У 2013 годзе выпала на ўласныя вочы пабачыць вялізны выпалены абсяг у зоне. Уздоўж шашы з Чэрыкава ў Касьцюковічы паласа чорнай зямлі расьцягнулася на кілямэтры. У паветры адчуваўся характэрны ўедлівы смурод спаленай травы. Навокал жа было бязьлюдзьдзе.

У Чэрыкаве, што за дзясятак кілямэтраў ад зоны, людзі кажуць, што адчуваюць смурод ад пажараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG