Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Сьвірыдаў пазбаўлены віду на жыхарства ў Польшчы


Леанід Сьвірыдаў

Леанід Сьвірыдаў

Як паведамляе польскае агенцтва РАР, мазавецкі ваявода вырашыў пазбавіць расейскага журналіста Леаніда Сьвірыдава віду на жыхарства ў Польшчы. Пры гэтым расеец мае права абскардзіць гэтае рашэньне ў вышэйшых інстанцыях.

Рашэньне адносна свайго лёсу карэспандэнт агенцтва «РИА Новости» Леанід Сьвірыдаў чакае ад кастрычніка 2014 году. Тады Міністэрства замежных спраў Польшчы адклікала акрэдытацыю расейскага журналіста.

Працэдура разгляду мэтазгоднасьці доўгатэрміновага знаходжаньня спадара Сьвірыдава на тэрыторыі Эўразьвязу была ініцыяваная на просьбу Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы, матэрыялы справы зьяўляюцца канфідэнцыйнымі.

Як паведамляюць польскія СМІ, ведамства мела рашучы намер «выгнаць расейца з Польшчы», таму што ён падазраецца ў шпіянажы на карысьць Расеі. «Пасьля ўважлівага разгляду гэтага пытаньня мазавецкі ваявода задаволіў просьбу Агенцтва ўнутранай бясьпекі», — сказала агенцтву РАР прэс-сакратарка ваяводы Івэта Бялы.

Працэдура адкліканьня дазволу на жыхарства ў дачыненьні да замежнікаў у адміністрацыйным парадку можа быць ініцыяваная на просьбу высокапастаўленых асобаў, уключна зь міністрам абароны, начальнікам Агенцтва ўнутранай бясьпекі, камандзірамі памежнай службы і паліцыі. Пасьля таго, як факты парушэньня ўнутранага заканадаўства будуць пацьверджаныя, замежны грамадзянін абавязаны пакінуць Польшчу на працягу 30 дзён. Калі гэта ня будзе зроблена, ён будзе прымусова дэпартаваны.

Паводле польскага боку, Леанід Сьвірыдаў падазраецца ў шпіянажы, а таксама ў дзейнасьці, якая выходзіць за рамкі абавязкаў карэспандэнта. У прыватнасьці, ён арганізоўваў паездкі польскіх журналістаў у Расею.

Упершыню Сьвірыдаў атрымаў журналісцкую акрэдытацыю ў польскім МЗС у 1998 годзе, ад 2003 году ён стала жыве і працуе ў Польшчы. У 2006 годзе Сьвірыдаву адмовілі ў акрэдытацыі ў Чэхіі, ён гэтаксама быў зьвінавачаны ў шпіянажы.

Раней Леанід Сьвірыдаў працаваў у Менску карэспандэнтам тэлеканалу РТР і меў беларускае грамадзянства.

XS
SM
MD
LG