Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская расейская мова: літара «а» як трыста спартанцаў


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Неяк папулярны ў Беларусі шоўмэн распавёў яшчэ больш папулярнаму выданьню, як трэба пазбаўляцца ад беларускага вымаўленьня – так, як яго вучылі ці то ў Акадэміі мастацтваў, ці то на адмысловых курсах. Дзеканьне, цеканьне – якія трэба рабіць практыкаваньні, каб яны зьніклі, калі ты гаворыш расейскай мовай.

На сайце таго СМІ для мяне быў проста нечаканым шквал расейскамоўных у асноўным рэплік абурэньня. Маўляў, «а чаго я мушу пазбаўляцца, я што – расеец?!». Камэнтаў напісалі столькі, што шоўмэн быў вымушаны апраўдвацца: «Я сам цудоўна валодаю беларускай мовай і люблю яе, я проста за тое, каб усе добра гаварылі на якой заўгодна мове, калі яе ўжываюць. І наогул, я казаў толькі для тых, хто хоча, а не для ўсіх».

Andrej Strizhak, валанцёр, які зьбірае ў Беларусі грошы на дапамагу шпіталям у прыфрантавой зоне ва Ўкраіне:

– Усе гады, гаворачы па-расейску, я крыху саромеўся свайго «дзеканьня» і «гэканьня». Комплекс чалавека зь невялікага гораду і г.д. Але пасьля таго, як я паезьдзіў па зоне канфлікту ва Ўкраіне, я зразумеў, што маё дзеканьне – гэта частка рэпрэзэнтацыі мяне як беларуса. І цяпер я падкрэсьлена «дзекаю», калі кажу «Добры дзень». Каб усё добрае, што атрымліваецца зрабіць для людзей на вайне, асацыявалася з нашай краінай.

Ляксей Лявончык, мэдыя-экспэрт у Беларусі, на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі апісвае сытуацыю, калі расеец робіць заўвагу наконт недасканаласьці расейскай мовы беларуса:

– Вельмі, вельмі шмат адэкватных і добрых людзей у Беларусі рэагуюць на такія рэмаркі расейцаў як на заўвагу настаўніка, і выпраўляюцца. Альбо не выпраўляюцца, але асадачак другаснасьці сваёй (моўнай) уласнасьці застаецца. Нібы масквіч варонежцу зрабіў заўвагу.

Спрачаюся з калегам:

– Чаму ты пішаш па-расейску «беларуский», але ўласныя імёны – у расейскай традыцыі?

– Бо «беларуски» ад Беларусі.

– А чаму Полянский?

– ... Бо так па-расейску.

Стоп.

Што значыць па-расейску? Полянский, Полянский/Полянски, Полански. Вось што мы бачым. Тры зоны расейскай прысутнасьці: сваё, былое падкантрольнае, чужое – Беларусь, Польшча, Нямеччына.

Для расейцаў Беларусь «сваё», Польшча ў зоне інтарэсаў, Нямеччына – недасяжная.

Чаму, карыстаючыся расейскай мовай, беларусы сьледуюць «правілам» у напісаньні ўласных імёнаў? Калі я Севярын Квяткоўскі, то чаму не магу пісацца ў расейскамоўных дакумэнтах «Севярын Квятковски»?

Ладна, афіцыйныя ўстановы – сыстэму, што складалася дзесяцігодзьдзямі, так проста не зварушыш. Але што замінае ў СМІ, у дзелавой ці прыватнай перапісцы?

Правілы? Граматыка? Чаму тады «беларуски»? Бо вытворнае ад «Беларусь»? Дык Беларусь беларускае слова, а не расейскае.

– Дык прынялі назву афіцыйна на дзьвюх мовах – Беларусь, – апраўдваецца прыяцель.

– Хто прыняў, хто ўзаконіў для расейскай мовы ў Беларусі беларускае слова?

– Парлямэнт.

– А хто замінае табе пэрсанальна ўзаконіць іншыя ўласныя імёны?

І тут ідзе ступар.

Старыя пасьлядоўныя беларускія нацыяналісты пасьмейваюцца з таго, як упарта беларускія расейскамоўныя патрыёты ў спрэчках з расейцамі абураюцца «Белоруссией», і адстойваюць «Беларусь».

Здавалася б, ну а вам што з таго, як называюць расейцы нашу краіну? А як эстонцы, а як японцы? Нікога не цікавіць, а вось расейцы замінаюць, бо мова агульнага ўжываньня. Але ж гэта расейская натуральная ўласнасьць! А для беларусаў – «тожа радная»?

Тады калі хочацца незалежнасьці ва ўсім, то і з мовай трэба рабіць гэтак сама.

Гэтае «а» ў слове «беларуский» – гэта першы каменьчык, лінгвістычныя «трыста спартанцаў», тая кропка апоры для рычага, каб зьмяніць сытуацыю, найперш у галаве.

Расейцы не зьвяртаюць увагі на акцэнт немца, а нашы «дзеканьне» і «беларуски» заўважаюць, бо ўспрымаюць нас як сваё, а мы даказваем што гэта ня так.

Дык ня трэба гаварыць, трэба дзейнічаць: беларуский-Палянски-Незалежнасци-Вильня-Масква-Вільня-Незалежнасьці-Палянскі-беларускі.

Бо «сваё» ў кожнага сваё. Інакш ня можа быць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG