Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі зьняволеных пішуць Лукашэнку: Вам ёсьць што хаваць ад народа


У сувязі з чарговай традыцыйнай прамовай Аляксандра Лукашэнкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў жонка асуджанага на 18 гадоў Пятра Кучуры Людміла і дзясяткі іншых сваякоў пакараных доўгімі тэрмінамі няволі накіравалі пасланьне прэзыдэнту Лукашэнку, а таксама Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь.

Аўтары ліста адзначаюць, што за апошнія дзевяць гадоў яны больш за 40 разоў зьвярталіся да кіраўніка Беларусі з просьбай аднавіць справядлівасьць у грамадзянскіх і крымінальных справах іх блізкіх, а таксама прасілі аб асабістым прыёме.

«Але Вам няма калі ўнікаць у гэтыя праблемы, — гаворыцца ў пасланьні. — Больш за тое, каб такі «народзец» не дакучаў сваімі скаргамі, Вы вырашылі ўвесьці закон аб адказнасьці грамадзянаў за напісаньне паўторных скаргаў. І гэта замест таго, каб увесьці закон аб адказнасьці чыноўнікаў за адмову разгляду скаргаў і заяў грамадзян, па сутнасьці, за фармальныя адпіскі. Бо ў нашых скаргах усё абгрунтавана, і ўсе довады і доказы мы пацьвярджаем матэрыяламі з нашых спраў нашых блізкіх.

Менавіта чыноўнікі зьяўляюцца найбольшым злом у нашай краіне, а таксама Вашай вялікай праблемай, але Вы не жадаеце гэта прызнаваць. Тое беззаконьне, якое яны робяць, для іх стала нормай. Таму ў дзяржструктурах і квітнее карупцыя і, як сьледзтва, — фальсыфікацыя спраў.

Інфармацыя аб карупцыі сярод судзьдзяў і пракурораў, супрацоўнікаў міліцыі, Сьледчага камітэту, Міністэрства юстыцыі стала штодзённай на стужках навінаў. Усяго некалькі імёнаў у якасьці прыкладу: пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір, намесьнік генэральнага пракурора Аляксандар Архіпаў, намесьнік старшыні суду Кастрычніцкага раёну Магілёва Магамэд Умараў, намесьнік старшыні суду Савецкага раёну Гомеля Юры Жораў, намесьнік старшыні Беларускага ваеннага суду Юры Тузаў, намесьнік міністра МУС Яўген Палудзень, падпалкоўнік УБАЗ па Менску Аляксей Саковіч, супрацоўнікі СК падпалкоўнік юстыцыі Дзьмітры Мацкевіч, капітаны юстыцыі Дзьмітры Контусь і Генадзь Супінскі. Усе гэтыя ды іншыя чыноўнікі цягам многіх гадоў зламалі лёс не адной сотні нявінных грамадзян. Што рабіць цяпер тым грамадзянам? Радавацца правасудзьдзю, якое пакарала іх катаў?

Але ж менавіта Вы прызначалі і прызначалі на высокія пасады гэтых людзей! Як і тых судзьдзяў ды пракурораў, якія маюць дачыненьне да фальсыфікацыі, а потым да вынесеных незаконных рашэньняў у крымінальных і грамадзянскіх справах нашых блізкіх.

Напярэдадні мінулых выбараў 2010, Вы далі ўказаньне кіраўніку Прэзыдэнцкай адміністрацыі прыняць некаторых прадстаўнікоў нашай групы. Падчас той сустрэчы было абяцана разгледзець нашы справы міжведамаснай камісіяй пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Паводле некаторых зь іх былі зробленыя заключэньні міжведамаснай камісіі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Сьледчага камітэту, Генэральнага пракурора. Нягледзячы на тое, што ў справах знойдзеныя грубыя парушэньні заканадаўства, усё засталося на ранейшых пазыцыях. Нават пры ўсіх гучных скандалах ды судах над карупцыянэрамі судзьдзямі ды пракурорамі, кіраўніцтва Вярхоўнага Суду, Генэральнай пракуратуры, Сьледчага камітэту па-ранейшаму застаецца на сваіх пасадах. Што сьведчыць пра тое, што Вам ёсьць што хаваць ад народа.

Мы патрабуем стварэньня камісіі па пераглядзе грамадзянскіх і крымінальных спраў нашых блізкіх, бо усе гэтыя справы фальсыфікаваныя, каб вынікі працы гэтай камісіі былі агучаныя да пачатку прэзыдэнцкіх выбараў.

І замест таго, каб штогод рабіць пасланьне, якое з году ў год нічым не адрозьніваецца ад папярэдняга, лепш бы Вы не на словах, а на справе паказалі сваю сумленнасьць ды справядлівасьць».

Пад пасланьнем падпісаліся 37 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG