Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чарнобыльскай зоне найбуйнейшы пажар ад 1992 году. Полымя рухаецца ў бок АЭС


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На тэрыторыі спэцыяльнага камбінату «Чарнобыльская пушча», разьмешчанага ў зоне адчужэньня, украінскія ратавальнікі спрабуюць патушыць пажар, які ўжо трывае амаль дзесяць гадзін.

У МУС Украіны адзначаюць, што агонь набліжаецца да аб’ектаў АЭС. Да прац прыцягнутыя 182 супрацоўнікаў і 32 адзінкі спэцыяльнай тэхнікі, перадае ТСН са спасылкай на Дзяржаўную службу па надзвычайных сытуацыях (ДСНС).

Паведамленьне пра лясны пажар паступіла ў ведамства ў 11:45 па кіеўскім часе. Для правядзеньня паветранай выведкі і тушэньня пажару ўжо прыцягнуты верталёт Мі-8 з вадазьліўной прыладай і два самалёты Ан-32. На дадзены момант першы скід вады ўжо зроблены, аднак тушэньне працягваецца.

На месцы здарэньня разгорнуты штаб пажаратушэньня, працуе мабільная апэратыўная група пад кіраўніцтвам першага намесьніка ДСНС Аляксандра Ткачэнкі. Таксама паведамляецца, што ў «Чарнобыльскую пушчу» прыбылі пажарныя разьлікі зь іншых раёнаў у складзе 52 чалавек і дзевяці адзінак тэхнікі.

Паводле інфармацыі крыніцы, пажары — ня рэдкасьць у зоне адчужэньня.

На думку мясцовых эколягаў, яны могуць прадстаўляць вялікую пагрозу. Як адзначыла прадстаўнік Нацыянальнага экалягічнага цэнтру Ўкраіны Тацяна Вярбіцкая, калі ў зоне адчужэньня пачынаецца лясны пажар, яго вельмі цяжка спыніць.

Сытуацыя абвастраецца: полымя рухаецца ў бок АЭС

Бліжэй да вечара міністар унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў паведаміў аб тым, што выратавальнікі не спраўляюцца з тушэньнем пажару.

«Полымя зноў атакуе лясны масіў у кірунку аб’ектаў ЧАЭС. Верхні вагонь і рэзкія парывы ветру стварылі сур’ёзную пагрозу распаўсюду пажару ў 20 км зоне ад ЧАЭС. У агнявой зоне каля 400 га лесу», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.

Ён таксама паведаміў аб тым, што прэм’ер-міністр Украіны Арсен Яцанюк у сувязі з інцыдэнтам сабраў камісію па надзвычайных сытуацыях. Па трывозе ў гатоўнасьць таксама былі ўзьнятыя Нацыянальная гвардыя і аддзелы МУС. Прэм’ер-міністар ужо наведаў раён лясных пажараў у «Чарнобыльскай пушчы», а Авакаў каардынуе вылеты спэцапэрацыі з Кіева.

У 22:00 па маскоўскім часе па вяртаньні з зоны ўзгараньня Яцанюк пагутарыў з журналістамі ў аэрапорце Кіева.

«Мяне праінфармавалі, што сытуацыя нармальная, зьменаў радыяцыйнага фону няма. Сытуацыя кантралюецца, але гэта найбольшы пажар з 1992 года. Такога маштабу пажару ў нас не было», — перадае словы прэм’ер-міністра «Украінская праўда».

Кіраўнік Дзяржслужбы Украіны па надзвычайных сытуацыях Зоран Шкырак паведаміў, што сітуацыя з маштабным узгараннем лесу ў зоне адчужэння цалкам кантралюецца, пажарным удалося збіць верхавой пажар, перадае Newsru.ua.

«Больш за 200 ратавальнікаў і 35 адзінак тэхнікі цяпер ліквідуюць пажар на тэрыторыі Чарнобыльскай пушчы. Дзякуючы своечасоваму прыцягненьню пажарнай авіяцыі ўдалося зьбіць верхні пажар і акружыць галоўныя крыніцы ўзгараньняў», — цытуе Шкырака прэс-служба ДСНС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG