Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія афіцыйна запрасіла Беларусь на саміт Усходняга партнэрства


Дзяржсакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдэговічс 28 красавіка ў Рызе перадаў кіраўнікам дыпляматычных місій Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны афіцыйныя запрашэньні на саміт Усходняга партнэрства.

Пра гэта паведамілі БелаПАН у МЗС Латвіі.

Саміт адбудзецца ў Рызе 21-22 траўня. Афіцыйныя запрашэньні краінам — удзельніцам Усходняга партнэрства падпісалі старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск, старшыня Эўрапейскай камісіі Жан Клёд Юнкер і прэм’ер-міністар Латвіі Лаймдота Страўюма.

Пілдэговічс падкрэсьліў, што Рыскі саміт дасьць магчымасьць ацаніць дасягнуты прагрэс ад моманту папярэдняга саміту Ўсходняга партнэрства, які прайшоў у Вільні ў 2013 годзе. Акрамя таго, у Рызе будзе абмяркоўвацца разьвіцьцё палітыкі Ўсходняга партнэрства і супрацы паміж ЭЗ і дзяржавамі-партнэрамі ў рамках двухбаковага і шматбаковага ўзаемадзеяньня.

Падчас сустрэчы Пілдэговічс і амбасадары краін Усходняга партнэрства абмяняліся думкамі аб падрыхтоўцы да Рыскага саміту. Як адзначылі ў МЗС Латвіі, амбасадары высока ацанілі праведзеную падрыхтоўку.

На папярэднім саміце ў 2013 годзе ў Вільні Беларусь прадстаўляў міністар замежных справаў Уладзімер Макей.

Ці паедзе Лукашэнка на Рыскі саміт у траўні?

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Мяркуючы па папярэдніх заявах, Лукашэнка дэманстраваў сваю амаль абыякавасьць да паездкі ў Рыгу. Па неафіцыйнай інфармацыі, беларускі бок выказваў пажаданьне, каб было пэрсанальнае запрашэньне менавіта Лукашэнку. Але пакуль ня бачна, што гэта запрашэньне пэрсанальнае для Лукашэнкі. Беларусі пакідаюць права выбару, каб яна вырашыла сама, каго паслаць на саміт. Таму ўдзел Лукашэнкі ў Рыскім саміце застаецца адкрытым пытаньнем».

Раней Расея заявіла, што адмоўна ставіцца да правядзеньня ў траўні ў Рызе саміту Ўсходняга партнэрства. Саміт гэты мае відавочна антырасейскую накіраванасьць, заявілі ў расейскім МЗС.

Рэалізацыя ініцыятывы ЭЗ «Усходняе партнэрства» пачалася ў траўні 2009 года. Адна з асноўных мэтаў Усходняга партнэрства — спрыяньне палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі ЭЗ з усходнімі суседзямі. У праграму Ўсходняга партнэрства ўваходзяць Армэнія, Азэрбайджан, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна.

Першы саміт Усходняга партнэрства адбыўся ў 2009 годзе ў Празе, другі — у 2011 годзе ў Варшаве, трэці — у 2013 года ў Вільні.

XS
SM
MD
LG