Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: «Паміж фрыкамі і кандыдатамі тытульнай апазыцыі сьціраецца мяжа»


Праз паўгоду ў Беларусі павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары. Ці бачны прыкметы падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі з боку ўладаў? Якія працэсы адбываюцца ў апазыцыі? Ці шмат будзе прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і палітычны аглядальнік інтэрнэт-парталу tut.by Арцём Шрайбман.

Як улады рыхтуюцца да прэзыдэнцкай кампаніі?

Валер Карбалевіч: «Нурсултан Назарбаеў перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у Казахстане зь лічбай 98%. Амаль савецкія лічбы, пакуль недасяжныя для Лукашэнкі. Цікава, ці зайздросьціць беларускі кіраўнік свайму казаскаму калегу?

Да беларускіх выбараў засталося прыкладна паўгода. Як улады рыхтуюцца да выбараў? Ці ёсьць нейкія прыкметы набліжэньня галоўнай за пяць гадоў палітычнай кампаніі?

Колькі ўсе экспэрты казалі, што гэтым годам улады падвышаць заробкі ня будуць, бо няма грошай. А вось урад прымае пастанову аб павышэньні заробкаў бюджэтнікам аж тры разы цягам бліжэйшых месяцаў. Як гэта можна пракамэнтаваць?»

Аляксандр Класкоўскі: «Цяпер рэсурсаў для значнага падвышэньня заробкаў няма. Гэтая пастанова ўраду прадугледжвае абмежаваныя крыніцы: за кошт эканоміі на датацыях і скарачэньні штатаў.

Зразумела, спакуса надрукаваць пустых грошай існуе. Але ёсьць дрэнны досьвед 2011 году, калі перадвыбарчае падвышэньне заробкаў адгукнулася потым фінансавым абвалам. І патэнцыйныя замежныя крэдыторы — МВФ, Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС — умовай выдзяленьня крэдытаў ставяць замарожваньне заробкаў. Максымум, на што могуць пайсьці ўлады, — гэта давесьці заробкі да 500 даляраў.

А сацыяльныя праблемы будуць кампэнсаваць прапагандай, будзе рабіцца акцэнт на ляўрах міратворца. Будуць пужаць Украінай. Плюс жорсткі сцэнар выбараў — ніякага „разгулу дэмакратыі“ ня будзе».

Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман: «Да выбараў больш як паўгода. Таму ўлады не сьпяшаюцца разгортваць актыўную прапагандысцкую кампанію, каб не мабілізоўваць і электрызоўваць свой электарат занадта рана. Папраўкі ў закон аб СМІ, якія дазваляюць адключаць любы сайт, — гэта таксама падрыхтоўка да выбараў.

Што тычыцца нарошчваньня заробкаў перад выбарамі, то, думаю, Лукашэнка будзе прымаць рашэньне, зважаючы не на эканамічную мэтазгоднасьць, а зыходзячы з свайго псыхалягічнага адчуваньня сытуацыі. І ягоная рука можа ў апошні момант таргануцца ў бок друкаваньня грошай для падвышэньня заробкаў».

Якія працэсы адбываюцца ў апазыцыі?

Карбалевіч: «Да апошняга часу канфігурацыя ўдзелу апазыцыі ў выбарах здавалася зразумелай. Ад кааліцыі „Народны рэфэрэндум“ кандыдатам у прэзыдэнты вылучаецца Тацяна Караткевіч, ад кааліцыі „Талака“ — Анатоль Лябедзька. І вось пленум партыі „Справядлівы сьвет“ прымае рашэньне аб вылучэньні кандыдатам Сяргея Калякіна. Гэта ламае ўсю схему, прагнозы, і стварае новую канструкцыю. Як можна прагназаваць ход выбарчай кампаніі? У мяне, напрыклад, ёсьць сумненьні, што Лябедзька і Калякін, ідучы паасобку, зьбяруць неабходныя 100 тысяч подпісаў. А вы як думаеце?»

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: «Інтэграцыя ў апазыцыі не атрымліваецца, працягваецца яе расьцярушваньне. Кааліцыя „Талака“, якая аб’ядноўвала АГП і партыю „Справядлівы сьвет“, была штучнай, сытуатыўнай. Бо лібэралы аб’ядналіся з посткамуністамі. І як апошнія маглі падтрымліваць лібэральную, рынкавую праграму Лябедзькі?

Сапраўды, ёсьць сумнеў, што Калякін зьбярэ 100 тысяч подпісаў. Як, дарэчы, і намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. Паўгода таму кіраўнікі ТБМ публічна абвясьцілі, што зьбяруць 1 млн подпісаў грамадзян Беларусі ў падтрымку незалежнасьці дзяржавы. Але нешта не чуваць пра вынікі той кампаніі. На фінішы можа атрымацца змушаны адзіны кандыдат, але з страшэннай стратай часу і аўтарытэту апазыцыі».

Шрайбман: «Сапраўды, цяжка ўявіць, як лібэрал-рыначнік Лябедзька і сацыяліст Калякін маглі ісьці ў адной кампаніі з адной праграмай. Калі стала зразумела, што пра адзінага кандыдата апазыцыі дамовіцца не ўдалося, то кожная партыя, арганізацыя будзе вырашаць у гэтай кампаніі свае карпаратыўныя задачы, ладзіць свой піяр. Пра пераможную стратэгію гаворка не ідзе. Добрыя шанцы сабраць 100 тысяч подпісаў мае Тацяна Караткевіч, якую падтрымлівае кааліцыя зь некалькіх арганізацыяў.

У аўтарытарнай краіне апазыцыя мусіць у асноўным вырашаць праблемы самазахаваньня. Палітычная апазыцыя ў такой сыстэме проста не прадугледжаная. А некаторыя чакаюць ад апазыцыі паводзінаў, характэрных для дэмакратычных краін».

Карбалевіч: «Калі партыя ідзе на выбары, а на фінішы высьвятляецца, што яна не змагла сабраць 100 тысяч подпісаў, то гэта піяр са знакам плюс ці мінус?»

Ці шмат будзе прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду?

Карбалевіч: «Як звычайна, прэзыдэнцкую кампанію аздабляюць прэтэндэнты, якіх можна аднесьці да катэгорыі дзівакоў. Яны былі ва ўсіх кампаніях. Вось і гэтым разам выплыў зь нябыту граф Прушынскі. Ад партыі зялёных вылучаецца дармаед Юры Шульган. І не баяцца яны трапіць пад раздачу. Бо пасьля кожнай прэзыдэнцкай кампаніі апанэнты Лукашэнкі апынаюцца ў турме».

Класкоўскі: «Я б ня стаў сур’ёзна аналізаваць мэты і праграмы гэтых людзей. Хтосьці гэта робіць дзеля прыколу. Вось Шульган абвясьціў сябе „дармаедам у дэкрэце“. Амаль як „злодзей у законе“. Добры крэатыў. Кажучы моладзевай мовай, гэта такі тролінг, сьцёб. Зялёныя, якія вылучылі гэтага кандыдата, хочуць паказаць, што ўдзел у выбарах апанэнтаў Лукашэнкі ператвараецца ў клаўнаду. І самае сумнае, што паміж фрыкамі і кандыдатамі тытульнай апазыцыі сьціраецца мяжа.

Самае кепскае, што па выніках гэтай кампаніі, як і кампаніі 2010 году, адбудзецца падзеньне аўтарытэту апазыцыі. Бо відавочная іх безадказнасьць. Каб гэта тычылася іхніх карпаратыўных праблемаў, то было б паўбяды. Праблема ў тым, што нарастае фаталізм у грамадзтве, якое ня бачыць альтэрнатывы. І шмат хто будзе галасаваць за Лукашэнку проста ад безвыходнасьці».

Шрайбман: «Фрыкавыя кандыдаты існуюць і ў дэмакратычных краінах. Але там яны, як правіла, не праходзяць нейкіх фільтраў. Але цяпер я не выключаю, што ўлады могуць пайсьці па шляху рэгістрацыі ўсіх ахвотных. Па-першае, дзеля таго, каб паказаць апазыцыю клоўнамі. Па-другое, каб стварыць ілюзію канкурэнцыі, на той выпадак, калі апазыцыйныя кандыдаты раптам захочуць зьняцца. Але ўсё гэта ня мае нічога агульнага з рэальнай палітыкай».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG