Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непазьбежнасьць гета Сьвятланы Алексіевіч


Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

У апошнім інтэрвію «Белсату» Сьвятлана Алексіевіч па-свойму ўбачыла місію і функцыю Радыё Свабода. «Радыё Свабода абслугоўвае гета. Яно не абслугоўвае шырокую масу беларускіх людзей, яно абслугоўвае беларускамоўнае гета. І гэта злое, малаадукаванае, прымітыўнае гета... Пачытайце камэнтары да маіх выступаў, гэта менавіта злыя і прымітыўныя камэнтары», — сказала Алексіевіч.

Першае памкненьне, якое ўзьнікае пасьля такіх словаў, — гэта параіць шаноўнай Сьвятлане пачытаць камэнтары на «Нашай Ніве», Tut.by ці Онлайнэры. На Свабодзе, бадай, самая строгая сярод усіх беларускіх мэдыяў прэмадэрацыя камэнтароў. Але баюся, што гэта нічога б не зьмяніла, бо нэгатыўнае стаўленьне да «беларускамоўных» прарывалася ў Алексіевіч некалькі разоў праз усё інтэрвію — часам нават выплёсквалася спантанна, без адпаведнага пытаньня вядучай. Я ня буду вылучаць вэрсіі наконт таго, чым гэтая «злобная і малаадукаваная група» (паводле Алексіевіч) спрычыніла такую цяжкую псыхалягічную траўму шаноўнай пісьменьніцы. Падзялюся толькі адным сваім уражаньнем — пакуль быў жывы Васіль Быкаў, Алексіевіч так не выказвалася.

Прызнаюся, пэўную няёмкасьць выклікае той факт, што «заганяе ў гета» іншых асоба, якая сама знаходзіцца ў гета – толькі ў іншым квартале.

Але больш за іншае мне б хацелася пагаварыць пра папулярную апошнім часам мэтафару гета. Прызнаюся, пэўную няёмкасьць выклікае той факт, што «заганяе ў гета» іншых асоба, якая сама знаходзіцца ў гета — толькі ў іншым квартале. Здаецца, Сьвятлана Алексіевіч — гэта не Аляксандар Саладуха, на вуліцах да яе масава не прыстаюць з просьбамі аб аўтографе, яе не публікуюць у дзяржаўных друкарнях, не пускаюць на тэлеканалы, у школы і на ўрачыстыя канцэрты. Яна вядомая даволі вузкаму колу людзей, якія чытаюць беларускую сур’ёзную літаратуру — няважна ў дадзеным выпадку, расейскамоўную ці беларускамоўную. Колькі іх? Адзін працэнт насельніцтва, палова працэнта? Колькі людзей пранікаюцца тымі экзыстэнцыйнымі праблемамі, якія ставіць у сваіх інтэрвію Алексіевіч?

Нядаўна быў на сэмінары ў Грузіі, і тамтэйшая журналістка скардзілася на тое, як далёкія для большасьці грузінаў пытаньні гендэрнай роўнасьці, эмансыпацыі жанчын, якія цемрашальскія погляды мае пераважная большасьць грузінаў. «Мы (людзі з прагрэсіўнымі поглядамі) у гэтым пытаньні, як на востраве», — казала яна, ня ведаючы, відаць, беларускай мэтафары з «гета» — і я ня стаў падкідаць ёй гэты яркі, але недакладны, як на маю думку, вобраз.

У Чэхіі мясцовы праваабаронца скардзіўся мне, што чэхам нічога ня трэба, ім бы толькі ляжаць на канапе ды піва піць. А амэрыканскі журналіст з нашага радыё зьдзівіў мяне ў свой час развагамі пра тое, якія тупыя большасьць амэрыканцаў, наколькі яны ня здольныя ўспрымаць сур’ёзную культуру, нават проста глядзець эўрапейскія фільмы.

Прыводжу гэтыя прыклады, каб патлумачыць тую відавочную для мяне рэч, што любы «мысьлячы чалавек» у любым грамадзтве асуджаны на тую ці іншую форму гетаізацыі. Але адны спакойна гэта разумеюць і ўспрымаюць, а другія з тых ці іншых прычын спалохана лямантуюць — «ды не, я нічым не адрозьніваюся ад іншых, я з большасьці».

«Мова — гэта ўсё бура ў шклянцы ПЭН-цэнтру, Саюзу пісьменьнікаў, маленькай беларускамоўнай тусоўкі. А выйдзіце на вуліцы — і пабачыце, што ў людзей іншае ў галовах», — кажа Алексіевіч. ОК, выйшаў. І што? Я і без таго ведаю, што ў людзей у галовах — напрыклад, думкі, з кім бы выпіць, падтрымка Лукашэнкі і дзеяньняў Пуціна ва Ўкраіне.

Увогуле, мяне раздражняе гэтае крывадушнае спаборніцтва палітыкаў ці інтэлектуалаў на тэму «хто лепш ведае народ». Альбо гэта наіўная вера, што разуменьне праблемаў «простых людзей» робіць цябе нейкім асабліва мудрым, набліжаным да пасконнай праўды жыцьця.

«Я дасьледую масавага чалавека», — кажа Алексіевіч. Добрае слова, дарэчы, — «дасьледую». Бо заоляг таксама дасьледуе кузурак, але пры гэтым ён не заяўляе з надрывам, што наблізіўся да іх разуменьня і жыве іхнімі праблемамі. Прабачце, мне гэта нагадвае сюжэты пра цынічных палітыкаў, якія самі езьдзяць на «Бэнтлі», а на сустрэчы з выбарцамі прыяжджаюць на аўто сярэдняга ўзроўню, каб быць бліжэй да народу.

Па шчырасьці, любы чалавек у Беларусі, якога хвалююць ня толькі практычныя жыцьцёвыя рэчы, а такія «абстракцыі», як свабода, культура, правы — знаходзіцца ў глыбокім гета, а з-за высокага плота з калючым дротам на яго са зьдзіўленьнем пазіраюць «звычайныя грамадзяне».

Цікава, дзе ў гэтай сытуацыі знаходзіцца сам літаратар, чалавек, які працуе са словам. Калі ня ў гета, дык дзе — разам з ахоўнікамі і канваірамі? Ці з марадзёрамі, якія рабуюць і займаюць месцы, вызваленыя тымі, каго загналі ў гета? Ці проста з нэўтральнымі абывацелямі, якіх нічога не тычыцца?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG