Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БСБ-банку — рэкордны для Беларусі крадзеж грошай


Сьледчы камітэт па Менску завёў крымінальную справу па факце крадзяжу з разьлікова-касавага цэнтру БСБ-банку вялікай сумы грошай.

25 красавіка з сэйфаў філіялу банку на плошчы Свабоды ў Менску зьніклі 690 тысяч даляраў, 64 тысячы эўра, больш за 3 мільёны расейскіх рублёў і меншыя сумы ў ангельскіх фунтах, швайцарскіх франках, грыўнях і злотых. Сьледчыя паведамляюць, што паводле падазрэньня ў датычнасьці да крадзяжу шукаюць супрацоўніка банку, які зьнік.

Якія беларускія банкі рабавалі ў мінулыя гады?

У лютым 2015 году ў Смалявіцкім раёне ўзброены злачынца абрабаваў аддзяленьне Беларусбанку ў пасёлку Зялёны Бор. Стрэлам мужчына выбіў замок, накіраваў зброю на касіра і запатрабаваў грошы. Нападнік забраў прыблізна 8 мільёнаў беларускіх рублёў і ўцёк. Вядзецца сьледзтва.

У 2014 годзе на супрацоўніцу абменнага пункту БелСьвісБанку (іншая назва БСБ-банку) у гандлёвым цэнтры «Шчасьце» напаў узброены мужчына. Паводле сьведак, рабаўніка зачынілі ў памяшканьні абменнага пункту, і ён ўзяў у закладніцы супрацоўніцу абменьніка. Падчас апэрацыі па вызваленьні закладніцы захопніка застрэлілі. Ён выявіўся жыхаром Менску.

У 2013 годзе ў Любані два ўзброеныя нападнікі ў масках уварваліся ў мясцовае аддзяленьне Белаграпрамбанку, зьбілі працаўніка міліцыі, забралі ў яго табэльную зброю, зьвязалі касіра і скралі вялікую суму грошай, зь якімі ўцяклі на інкасатарскім аўтамабілі.

У канцы 2013 году беларускія мэдыі паведамілі пра завядзеньне крымінальнай справы супраць двух падпалкоўнікаў сталічнай міліцыі, якія падазраваліся ў саўдзеле ў крадзяжы сродкаў «Ідэя Банку». У дачыненьні да праваахоўнікаў, аднаго зь якіх затрымалі, была распачата крымінальная справа. Паводле сьледзтва, міліцыянты дапамагалі махлярам, якія атрымалі ў банку крэдыты і не зьбіраліся іх аддаваць.

У 2010 годзе 21-гадовы выкладчык Шапчыцкага вучэбна пэдагагічнага комплексу спрабаваў абрабаваць аддзяленьне Альфа Банку ў Рагачове.

Налётчыка затрымалі, супроць яго завялі крымінальную справу.

У тым жа 2010 годзе філіял банку «Масква-Мінск», што на вуліцы Лабанка ў беларускай сталіцы, спрабаваў абрабаваць 32-гадовы мужчына. Калі дзьве супрацоўніцы зачынілі ўваходныя дзьверы знутры, ён напаў на іх і зачыніў у адным з пакояў. Аднак жанчыны пасьпелі націснуць на трывожную кнопку, і на месца апэратыўна прыбылі міліцыянты.

У сьнежні 2009 году за восем дзён у Менску абрабавалі два абменныя пункты «Абсалютбанку». Пры нападзе на абменьнік каля сталічнага ўнівэрсаму «Аўтазаводзкі» забілі 21-гадовую касірку, скралі прыкладна 35 млн рублёў. Наступным пацярпеў ад рабунку абменны пункт валюты «Абсалютбанку» № 37, што ва ўнівэрсаме «Цэнтральны» на праспэкце Незалежнасьці. Тады скралі 55 мільёнаў рублёў, з супрацоўнікаў банку ніхто не пацярпеў.

Адно з гучных абрабаваньняў расейскага банку аказалася наўпрост зьвязаным зь Беларусьсю. У 2013 годзе ў Любанскім вадасховішчы каля вёскі Таль знайшлі цела жанчыны, абматанае ланцугом, да якога быў прычэплены мэталічны груз. Гэта было цела супрацоўніцы расейскага «Совкомбанка», якая зьнікла пасьля таго, як абрабавалі аддзяленьне банку ў Маскве. Тады з сэйфа зьніклі 40 мільёнаў расійскіх рублёў, 78 тысяч эўра і 40 тысяч даляраў. Падчас сьледчых дзеяньняў супрацоўнікі крымінальнага вышуку МУС Беларусі выйшлі на двух расейцаў, адзін зь якіх нарадзіўся на Меншчыне — зь імі забітая касірка прыяжджала ў беларускую сталіцу ў другой палове ліпеня 2013 году. Пазьней мужчын затрымалі ў Расеі. Мэдыі пісалі, што іх падазраюць у рабаваньні банку і забойстве касіркі, якая, на думку сьледчых, дапамагла ім скрасьці грошы.

XS
SM
MD
LG