Былы кіраўнік дзяржавы і шэраг яго бліжэйшых паплечнікаў абвінавачваюцца ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў падчас разгону мірнага мітынгу апазыцыі 7 лістапада 2007 году.
Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода, Міхаіл Саакашвілі, які пражывае ва Ўкраіне, адмовіўся ад прапановы прыняць удзел у судовым працэсе па скайпе.
У выпадку прызнаньня яго вінаватым, суд можа завочна прысудзіць экс-прэзыдэнта да пазбаўленьня волі тэрмінам да 8 гадоў.
Акрамя Міхаіла Саакашвілі па справе аб жорсткім разгоне мітынгу праходзяць былыя міністар унутраных справаў, міністар абароны, міністр юстыцыі і мэр Тбілісі.
Пракуратура лічыць, што ў выніку загаду падразьдзяленьням спэцыяльнага прызначэньня разагнаць удзельнікаў мірнага мітынгу пацярпелі людзі. Супраць бяззбройных дэманстрантаў ўжываліся гумовыя кулі, хоць у заканадаўстве няма наўпроставага дазволу на іх выкарыстаньне.
Другім эпізодам тае самае справы зьяўляецца пагром, учынены супрацоўнікамі МУС у будынку тэлекампаніі «Імэдзі» адразу пасьля разгону маніфэстацыі, і дзеяньні ўладаў, накіраваныя на адабраньне гэтай тэлекампаніі ў бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі.
Супраць Саакашвілі распачатыя яшчэ тры іншыя крымінальныя справы. Яго вінавацяць у арганізацыі зьбіцьця дэпутата і бізнэсоўца Валерыя Гелашвілі (які абразіў ў адным з інтэрвію жонку Саакашвілі), а таксама ў растраце бюджэтных сродкаў і ў стварэньні прывілеяваных умоваў для фігурантаў гучнай крымінальнай справы аб выкраданьні і забойстве маладога тбіліскага банкіра Сандра Гіргвліяні.
Экс-прэзыдэнт Грузіі цяпер узначальвае раду ў пытаньнях рэформаў пры прэзыдэнце Ўкраіны. У адказ на запыт Тбілісі аб выдачы Саакашвілі афіцыйны Кіеў адказаў адмовай.