Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Ларса Бюнгера не пусьцілі ў Беларусь


Пікет супраць ЧС-2014 у Менску. Цюрых.

Пікет супраць ЧС-2014 у Менску. Цюрых.

Беларуская амбасада ў Бэрліне адмовіла ў візе старшыні міжнароднай праваабарончай арганізацыі Libereco — Partnership for Human Rights Ларсу Бюнгеру.

Пра гэта ён паведаміў Праваабарончаму цэнтру «Вясна».

Беларускія ўлады адмовілі ў візе Ларсу Бюнгеру ўжо чацьвёрты раз. Ягоная арганізацыя цягам апошніх чатырох гадоў ладзіць кампанію за вызваленьне беларускіх палітвязьняў.

Ларс Бюнгер плянаваў узяць удзел у адмысловым падарожжы, якое ладзіць нямецка-беларускі Міжнародны адукацыйны цэнтар з нагоды 70-й гадавіны заканчэньня Другой усясьветнай вайны.

Паводле Ларса Бюнгера, «нямецкія праваабаронцы — ня тыя людзі, якіх беларускія ўлады хочуць бачыць на такой падзеі».

«Кожны, хто ведае сутнасьць рэжыму Лукашэнкі, павінен ведаць, што праваабаронцы і дэмакраты не зьяўляюцца жаданымі гасьцямі для беларускіх уладаў. Немагчыма прыйсьці да сапраўднага прымірэньня паміж Германіяй і Беларусьсю, пакуль краінай кіруе крымінальная дыктатура», — адзначае праваабаронца.

Паводле Ларса Бюнгера, «кожны сапраўдны сябар Беларусі павінен падтрымаць ахвяраў перасьледу, асабліва палітзьняволеных».

«Урок, які я вынес з самай цёмнай часткі нямецкай гісторыі, палягае ў тым, што мы ніколі не павінны мірыцца зь ціскам на людзей з боку дыктатарскіх рэжымаў. Вось чаму мы пачалі зь Libereco некалькі гадоў таму выступаць супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі», — адзначыў Ларс Бюнгер.

Кіраўнік Libereco спадзяецца, што ўрад Германіі і Эўразьвяз ня будуць запрашаць Лукашэнку і ягоных хаўрусьнікаў на такія сустрэчы, як саміт «Усходняга партнэрства» Эўразьвязу ў Рызе, пакуль абаронцам правоў чалавека і міжнародным дэмакратычным актывістам забараняюць наведваць Беларусь і пакуль хоць адзін палітычны зьняволены застаецца ў гэтай краіне за кратамі.

XS
SM
MD
LG