Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька будзе балятавацца ў прэзыдэнты


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Сёньня палітрада Аб’яднанай грамадзянскай партыі пацьвердзіла рашэньне зьезду АГП пра тое, што партыйны лідэр Анатоль Лябедзька будзе вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі ў 2015 годзе.

Сёньня ж было абвешчана, што кіраўніком перадвыбарчага штабу кандыдата будзе Леў Марголін, а ініцыятыўны рух па зборы подпісаў ачоліць Віктар Карняенка.

На пытаньне журналістаў, чаму не атрымалася вылучэньня адзінага кандыдата ад усёй апазыцыі, Анатоль Лябедзька сказаў, што рэальна пра сваё жаданьне стаць адзіным заявілі толькі тры чалавекі — Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў і ён сам.

«Са Статкевічам і Някляевым мы гатовыя былі дамаўляцца, але вы ведаеце, што Статкевіч зь юрыдычных прычын ня можа зарэгістравацца кандыдатам у прэзыдэнты. Што тычыцца вылучэньня адзінага кандыдата ад кааліцыі «Талака», то рашэньне Сяргея Калякіна, лідэра партыі «Справядлівы сьвет», вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты не зьяўляецца канчатковым, яно не зацьверджана партыйным зьездам партыі «Справядлівы сьвет», — сказаў Анатоль Лябедзька.

«Да апошняга часу праблема была ў тым, што не было кандыдатаў на адзінага кандыдата. Гэта — Уладзімер Някляеў, які рэальна хацеў быць адзіным кандыдатам ад кааліцыі „Народны рэфэрэндум“. І Мікола Статкевіч, які знаходзіцца ў турме.

І яшчэ я скажу пра тых, з кім нам сёньня, мабыць, не ў адным кірунку. Калі я сёньня чую заявы пра тое, што Лукашэнка ўжо выйграў выбарчую кампанію, то мне падаецца, што там засталося толькі віншавальную тэлеграму накіраваць. Выйграць можна толькі сумленныя і свабодныя выбары.

Я хачу падкрэсьліць — Някляеў хацеў быць удзельнікам гэтай выбарчай кампаніі. Статкевіч, знаходзячыся ў турме, хоча нейкім чынам уплываць на сытуацыю. Я гэта разумею і вітаю. І з гэтымі людзьмі АГП гатовая была дамаўляцца. Бо ў нас адзінае бачаньне таго, што адбываецца, адзінае разуменьне рызыкаў і пагрозаў».

У Анатоля Лябедзькі таксама спыталіся: ці гатовы ён да супрацы зь іншымі дэмакратычнымі кандыдатамі на прэзыдэнта? На гэта лідэр АГП адказаў:

«Гэта будзе толькі ў тым выпадку, калі ў нас будзе агульны сцэнар дзеяньняў падчас гэтай выбарчай кампаніі. Гэта тое, што я прапаноўваў Уладзімеру Някляеву. Я яму прапаноўвай ісьці супольна на выбарчую кампанію, на рэгістрацыю. Але загадзя дамовіўшыся, што мы робім, калі нас абодвух не рэгіструюць альбо рэгіструюць аднаго з нас, да якога этапу мы ідзем, якія ўмовы выстаўляем. Калі няма супольнага сцэнару, калі мы па-рознаму бачым і ацэньваем сытуацыю, па-рознаму бачым пералік пагрозаў і рызыкаў, вось у гэтым пытаньне».

Ён сказаў, што партыя не баіцца, што ня дасьць рады сабраць сто тысяч подпісаў грамадзян Беларусі — гэтулькі трэба для вылучэньня кандыдатам на прэзыдэнта.

«У нас ёсьць посьпех 2010 году, калі мы сабралі 120 тысяч подпісаў і пасьля спынілі гэтую апэрацыю», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька і ягоная каманда ставяць перад сабой у гэтай выбарчай кампаніі тры асноўныя мэты.

Па-першае, выкласьці народу альтэрнатыўны шлях разьвіцьця краіны, новы эканамічны курс.

Па-другое, кансалідаваць патрыятычныя сілы на далейшую барацьбу за незалежнасьць Беларусі, вызваленьне палітвязьняў, дэмакратычныя каштоўнасьці і права на годнае жыцьцё, значна павялічыўшы колькасьць актыўных прыхільнікаў перамен.

Па-трэцяе, не дазволіць аўтарытарнаму кіраўніку чарговым разам падмануць народ, а сабраць пераканаўчыя факты і даказаць фальсыфікацыю выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG