Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cусьветныя СМІ: Байкеры-пуціністы ўчынілі скандал у Эўропе, яшчэ не даехаўшы туды


Намер расейскага байк-клюбу адзначыць перамогу над нацысцкай Нямеччынай прабегам па Эўропе выклікала адмоўную рэакцыю Варшавы і Бэрліну. Агляд заходняй прэсы.

Міністэрства замежных спраў Расеі кажа пра «палітычную подбіўку» забаронаў. Пуцін і «Начныя ваўкі» публічна нахвальваюць адзін аднаго, анэксію Крыма байкеры адзначылі парадам, а «праваслаўны сталініст» Хірург-Залдастанаў стаў адным з лідэраў «Антымайдану» пад лёзунгам «Ваўкі Рускай вясны».

Corriere della Sera (Італія)

Расейскія байкеры атрымалі турыстычныя візы, але потым улады Польшчы і Нямеччыны памянялі рашэньне. Спачатку ўся гэтая гісторыя здавалася бурай у шклянцы вады, але паступова пляны «Начных ваўкоў», якія вырашылі на сваіх байках даехаць да Бэрліна, каб адзначыць перамогу над нацыстамі, ператвараюцца ў цяжкавырашальнае дыпляматычнае пытаньне.

Байкеры, сябры Пуціна, якія зладзілі прабег у Крым пасьля анэксіі паўвострава Расеяй, не зьяўляюцца жаданымі гасьцямі ў многіх краінах. ЗША і Канада ў рамках антырасейскіх санкцый нават ўнесьлі іх у сьпіс асобаў, якія не могуць атрымаць візы.

Пуцін — быць можа, з-за іх мужнага вобразу — дэманструе сымпатыю «Хірургу» і яго паплечнікам. У дні самых жорсткіх баёў на ўсходзе Ўкраіны Аляксандар Залдастанаў, «Хірург», абвясьціў пра паездку ў гэты рэгіён і пра намер «абараніць краіну ад фашыстаў, якія там прыйшлі да ўлады». Ці сапраўды байкеры прынялі ўдзел у баях, невядома.

І вось цяпер яны сплянавалі прабег да Бэрліну ў гонар 70-годзьдзя заканчэньня Другой сусьветнай вайны, якую яны называюць Вялікай Айчыннай: Менск, Берасьце, Браціслава, Вена, Мюнхэн, Прага, Бэрлін. На самой справе, расейскія байкеры на працягу многіх гадоў ладзяць падобныя туры. У Польшчы з учорашняга дня знаходзіцца група з Калінінграду (у яе склад уваходзяць і некалькі «начных ваўкоў»), якую суправаджаюць 50 польскіх байкераў: яны ўсклалі кветкі ля мэмарыялу ў Браневе.

Der Spiegel (Нямеччына)

Як заявілі МЗС і МУС Нямеччыны, мотапрабег расейскіх байкераў «ня служыць мэце ўмацаваньня нямецка-расейскіх адносінаў». Як толькі зьявяцца «падставы меркаваць, што грамадзкая бясьпека і парадак у Нямеччыне апынуцца пад пагрозай, будуць прынятыя ўсе неабходныя меры», каб гэта прадухіліць, уключаючы недапушчэньне замежнікаў на тэрыторыю Нямеччыны і прыняцьце адпаведных мераў паліцыяй ўжо ў Нямеччыне«.

Дыпляматы і праваахоўнікі Нямеччыны правялі шэраг кансультацый, на якіх абмяркоўваліся спосабы, з дапамогай якіх улады маглі б спыніць мотапрабег байкераў, некаторыя зь якіх нярэдка зьяўляюцца на публіцы разам з Уладзімерам Пуціным. МЗС Нямеччыны ўжо ануляваў візы некалькім чальцам клюбу: падставай для адмены, як заявілі ў ведамстве, паслужылі няслушныя дадзеныя, пададзеныя байкерамі.

У Чэхіі «Начным ваўкам» таксама прыйдзецца сутыкнуцца з праблемамі — там «чальцоў клюбу чакае пільны паліцэйскі кантроль».

The Washington Post (ЗША)

Нямногія арганізацыі матацыклістаў могуць сьцвярджаць, што іх падтрымлівае кіраўнік дзяржавы, але расейскія «Начныя ваўкі» — выключэньне. Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін публічна падтрымаў гэтую арганізацыю, а ў мінулым годзе пасьля анэксіі Крыму Расеяй «Начныя ваўкі» правялі парад па вуліцах крымскіх гарадоў.

Пасьля аб’явы «Начных ваўкоў» аб прабегу па Эўропе ў гонар перамогі над нацысцкай Нямеччынай Польшча забараніла байкерам ўезд у краіну. Многія жыхары Ўсходняй Эўропы расцанілі прабег па-іншаму — як зьдзек з ахвяраў сэпаратыстаў, якіх Расея падтрымлівае ва Ўсходняй Украіне.

МЗС Польшчы ў пятніцу патлумачыла сваё рашэньне тым, што арганізацыя несвоечасова падала належную інфармацыю. МЗС Расіі абурыўся, назваўшы гэта тлумачэньне адкрытай хлусьнёй і заявіўшы, што рашэньне мае палітычную подбіўку.

Магчыма, ў сьцвярджэньнях МЗС РФ ёсьць доля праўды. На мінулым тыдні прэм’ер-міністар Польшчы Ева Копач назвала прабег «правакацыяй» і падкрэсьліла той факт, што кіраўніцтва арганізацыі адкрыта падтрымлівала расейскае ваеннае ўмяшаньне ў Крыме і ва ўсходняй Украіне.

«Начныя ваўкі» сталі ўплывовай сілай у расейскім палітычным жыцьці. Пуцін і «Начныя ваўкі» хваляць і падтрымліваюць адзін аднаго. У лютым лідэра «Начных ваўкоў» Аляксандра Залдастанава сфатаграфавалі на чале руху «Антымайдан» у Маскве. Ён нёс транспарант «Ваўкі Рускай вясны», што яшчэ больш псуе рэпутацыю «Начных ваўкоў» у краінах накшталт Польшчы.

Die Tageszeitung (Нямеччына)

Напярэдадні мотапрабегу Масква — Бэрлін лідэр байк-клюбу «Начныя ваўкі» Аляксандр Залдастанаў, больш вядомы пад мянушкай «Хірург», даў інтэрвію газэце.

— Нянавісць і істэрыя паказваюць, што нас ізноў ўспрымаюць як ворагаў. Але ў нас таксама ёсьць перакананьні, і многія людзі нам вераць.

— Асноўнае ў паняцьці «Русь» — гэта праваслаўная вера. Другі слуп — гэта гісторыя і ваенныя перамогі. Навязаны атэізм быў адной з прычынаў распаду Савецкага Саюзу. Мая маці мела званьне «Заслужаны настаўнік Украіны» і была перакананай камуністкай. Тым не менш, кожны дзень у яе пачынаўся з малітвы перад хатнім абразам. Сярод нашых блізкіх сваякоў былі ахвяры сталінскіх рэпрэсій, але ў маёй бабулі ў пакоі стаяла фотаздымак Сталіна. Для Эўропы гэта, вядома, неспасьціжна, а для нас гэта заканамернасьць, якой мы ўсе прасякнутыя на генэтычным узроўні.

— З аднаго боку, ёсьць Сталін рэпрэсій, зь іншага — ёсьць Сталін перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Каб выратаваць Маскву, ён з абразам лётаў над гэтым горадам. Праклінаючы Сталіна, нашы бацькі, тым не менш, яго шанавалі і ішлі за яго на сьмерць, як за Хрыста. Час спыніць паліваць Сталіна брудам.

— Я думаў, што пасьля такога падарунку, як ўзьяднаньне краіны, Нямеччына на доўгія гады стане нашым саюзьнікам. Тым мацней было маё расчараваньне, калі Нямеччына адмовілася прызнаць наша ўзьяднаньне з Крымам. Гэта была не анэксія, а выпраўленьне несправядлівасьці.

— Я ўсё сваё жыцьцё змагаюся за свабоду. Вось толькі д’ябал часта зьбівае тых, хто шукае свабоды, з праўдзівага шляху. На гэты раз мы абараняліся ад Сатаны, сусьветнага ўраду і дэмакратычнай сыстэмы.

— Мы хочам прадухіліць распад і крушэньне дзяржавы, інакш яна ператворыцца проста ў тэрыторыю, заселеную людзьмі. «Пятая калёна» робіць усе новыя спробы дамагчыся сваіх мэтаў. Спачатку яны палічылі, што Расея — гэта крама самаабслугоўваньня. На шчасьце, прыйшоў Пуцін і даказаў ім адваротнае. Мы павінны яго за гэта на руках насіць. Дзякуй Богу, што у нас такі прэзыдэнт.

Паводле перакладу парталу Inopressa.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG