Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая паліцыя ва Ўкраіне: «Самая рэальная з усіх рэформаў»


Будучы супрацоўнік новай украінскай паліцыі Міхаіл Кіндракевіч (на пярэднім пляне) падчас адной з трэніровак

Будучы супрацоўнік новай украінскай паліцыі Міхаіл Кіндракевіч (на пярэднім пляне) падчас адной з трэніровак

Як у Кіеве трэніруюць будучых супрацоўнікаў новай украінскай паліцыі, якая мае замяніць старую міліцыю.

У Кіеве працягваюцца трэніроўкі кандыдатаў на пасады ў новай патрульнай службе паліцыі, якая мае прыйсьці на зьмену міліцыі - нягледзячы на тое, што новы ўкраінскі закон "Аб паліцыі" пакуль яшчэ не прыняты Вярхоўнай Радай. Заяўкі на ўдзел у адкрытым конкурсе падалі больш за 33 тысяч чалавек. Трэніруюць будучых патрульных украінскія інструктары, якіх перад гэтым навучалі замежныя калегі, у тым ліку з ЗША. Ініцыятарам і галоўным ідэолягам рэформы ўкраінскай міліцыі зьяўляецца Кацярына Згуладзэ, першы намесьнік міністра ўнутраных спраў краіны - яна адказвала за рэформу паліцыі ў Грузіі, якая прызнана пасьпяховай ва ўсім сьвеце.

Радыё Свабода паразмаўляла з будучым паліцыянтам Міхаілам Кіндракевічам, які прайшоў усе этапы адбору ў патрульную службу, пакінуўшы дзеля яе кар'еру ў адной з украінскіх камэрцыйных фірмаў, і з кіеўскай журналісткай Натальляй Вагнер, якая паспрабавала свае сілы на першым этапе адбору ў новую паліцыю. Ілюстрацыі да гэтага матэрыялу - фатаграфіі нью-ёркскага фатографа Мішы Фрыдмана, зробленыя ім падчас трэнінгаў для амэрыканскага часопіса The New Yorker.

Міхаіл Кіндракевіч:

— Мне 24, я родам з горада Трускаўца, Львоўская вобласьць. Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту я працаваў у адной з кампаній, якая займаецца электроннай камэрцыяй, прачытаў на старонцы ў фэйсбуку ў Арсена Авакава пра новую рэформу. Звольніўся з працы, падаў заяўку, прайшоў усе этапы адбору. Вось я і тут. Вучымся ўжо пяты тыдзень.

— Хто вас трэніруе?

— Для інструктараў праходзіў адбор гэтак жа, як і для кадэтаў новай паліцыі. Сярод інструктараў ёсьць юрысты, адвакаты, праваабаронцы. Адсоткаў 20 — гэта інструктары з сыстэмы МУС. Гэта значыць, выкладчыкі акадэміі. Але іх няшмат. Практыку ў нас вядуць байцы падразьдзяленьня «Сокал». А іх у сваю чаргу вучылі амэрыканскія паліцыянты. Час ад часу амэрыканцы прыходзяць на заняткі робяць заўвагі, падказваюць. Вось так мы займаемся.

— Наколькі цяжка даюцца гэтыя трэніроўкі, яны лягчэйшыя або цяжэйшыя, чым вы чакалі?

— Адназначна адказаць не магу. Напрыклад, мне вельмі падабаецца практыка, агнявая і тактычная падрыхтоўка. Непасрэдна цяпер у нас былі дзьве «пары» тактыкі, мы працавалі ў спартзале, але большасьць хоча яшчэ. Складаней даюцца такія курсы, як адміністрацыйнае права. Трэба шмат вучыць, запамінаць, разумець.

Я ведаю, што было шмат міліцыянтаў, якія падзялялі погляды людзей на Майдане, але не маглі нічога зрабіць

— Вы нацярпеліся ад старой украінскай міліцыі? Як ацэньваеце яе паводзіны — ня «Беркута», а менавіта кіеўскай міліцыі — падчас Майдану?

— Цяжка сказаць ... Я ведаю, што было шмат міліцыянтаў, якія падзялялі погляды людзей на Майдане, але не маглі нічога зрабіць, таму што ў іх быў загад стаяць і ахоўваць парадак або адціскаць мітынгоўцаў. Але ў прынцыпе, у мяне цесных сувязяў ці нейкіх перасячэньняў зь міліцыяй не было і няма. Год ці два таму ў мяне не ўзьнікала думкі пайсьці працаваць у міліцыю.

— Вам патлумачылі, у чым будзе заключацца ваша праца як супрацоўніка новай патрульнай службы?

— Дакладнага разуменьня пакуль няма. Гэта экспэрымэнт, які ўпершыню ўвасабляецца ў жыцьцё. Я чытаў ўзоры законапраектаў ... нам распавядаюць пра бачаньне таго, якім павінен быць паліцэйскі, якой будзе новая сыстэма, якімі будуць базавыя прынцыпы, якімі павінны кіравацца палісмэны. Але пакуль не зразумела, хто і што будзе выконваць, якія абавязкі. Пакуль не прыняты законапраект аб паліцыі, выразнага разуменьня такіх дэталяў няма.

— Раскажыце больш падрабязна пра адбор? Зь якіх этапаў ён складаўся, ці паўсталі ў вас нейкія складанасьці на гэтым шляху, калі так, то якія?

— Было некалькі этапаў адбору. Першы этап — тэставаньне асноўных навыкаў. Тэст складаўся зь пяці блёкаў: матэматыка, ўкраінская мова, аналіз, лёгіка і яшчэ адзін, ня памятаю ўжо які. Усяго было 60 пытаньняў, па 12 у кожным блёку. Максымум можна было набраць 60 балаў. Другі этап — фізпадрыхтоўка. Бег на 100 мэтраў, на 1000 мэтраў і падцягваньне. Быў псыхалягічны тэст MMPI2 — для выяўленьня псыхалягічнага партрэта чалавека. Пасьля гэтага была вайсковая мэдыцынская камісія, а потым сумоўе з групай экспэртаў.

— У патрульную службу могуць трапіць супрацоўнікі ранейшай міліцыі, ці яна набіраецца цалкам з навабранцаў?

— Вядома, могуць. Адбор цалкам адкрыты для грамадзтва. З 17 тысяч заявак каля тысячы — заяўкі былых і дзейных супрацоўнікаў МУС. Насамрэч сярод нас, сярод кадэтаў, вельмі мала былых міліцыянтаў. Я ня ведаю чаму. Можа быць, яны не падавалі заяўкі, ня верылі ў гэта, але ва ўсіх былі роўныя ўмовы, хто заўгодна мог падаць заяўку, уключаючы былых або цяперашніх супрацоўнікаў міліцыі.

— На якую зарплату вы разьлічваеце ў новай паліцыі?

— Асабіста для мяне гэтае пытаньне не было прыярытэтным. Гэта важнае пытаньне, але я прымаў рашэньне, не зыходзячы толькі з гэтага. Нам абяцалі ўзровень зарплаты 6-8 тысяч грыўняў. Ужо падчас навучаньня нам паведамілі, што, улічваючы дэвальвацыю, узровень павысілі з 8 да 10 тысяч грыўняў (350-450 даляраў ЗША паводле курсу на 27 красавіка. — РС).

— Людзі, разам зь якімі вы трэніруецеся, — хто яны? Ці ўдалося вам завесьці новыя цікавыя знаёмствы?​

Я прыйду і паспрабую нешта зьмяніць. Гэтая ідэя нас аб’ядноўвае і рухае наперад

— Магу вам сказаць, што ў мяне кожны дзень адбываюцца знаёмствы зь незвычайнымі людзьмі. Мая група, напрыклад, вельмі разнастайная і разнамасная. Гаспадарнікі, фінансісты, бізнэсоўцы, прыватныя прадпрымальнікі, выкладчыкі, футбольныя трэнэры, аграномы, пракуроры. Усе, хто толькі можа быць! Ёсьць і некалькі міліцыянтаў.

— Што аб’ядноўвае гэтых людзей?

— Мне і многім іншым, хто прыйшоў, як і я, вельмі надакучыла сытуацыя, якая адбываецца ў краіне. Кожны вырашае для сябе. «Вось я прыйду і паспрабую нешта зьмяніць». Гэтая ідэя нас аб’ядноўвае і рухае наперад.

— Вы верыце, што рэформа будзе пасьпяховай?

— Натуральна. Таму я і тут, таму што я веру!

— Ці шмат у вашай групе жанчын і якое да іх стаўленьне?

— Сярод нас прыблізна 25-30% жанчын. Прадузятага стаўленьня да іх няма. Усе вучымся, працуем на адным узроўні.

— Ідэоляг і натхняльнік гэтай рэформы — намесьнік міністра ўнутраных спраў Кацярына Згуладзэ, якая ажыцьцяўляла аналягічную рэформу ў Грузіі. Ці вы вывучалі грузінскі досьвед, прызнаны пасьпяховым ва ўсім сьвеце, ці падабаецца вам тое, як рэфармавалі паліцыю там?

— Так, вядома. У іх рэформа адбывалася каля 10 гадоў. Я спадзяюся, што мы паступова наблізімся да той сытуацыі, якая цяпер ёсьць у Грузіі. Эка Згуладзэ — практык, і я думаю, што і ў нас усё атрымаецца.

— Пасьля заканчэньня трэнінгаў вам гарантавана працаўладкаваньне менавіта ў Кіеве ці ёсьць верагоднасьць, што з часам вас адправяць працаваць у іншае месца?

— Мы будзем працаваць у Кіеве. Што тычыцца працаўладкаваньня ў іншых гарадах-мільёньніках ... Магчыма, будзе магчымасьць перавесьціся і туды. Але пакуль гэта не вядома. Мы вось давалі прысягу, там ёсьць адзін пункт, ён гучыць так: «Ці гатовыя выконваць службовыя абавязкі там, дзе будзе неабходнасьць». Можа быць, праз нейкі час будуць адпраўляць лепшых паліцэйскіх у іншыя гарады, каб там яны дзяліліся досьведам зь іншымі паліцэйскімі.

Кіяўлянка Наталля Вагнер таксама вырашыла паспрабаваць свае сілы ў конкурсе па адборы кандыдатаў у патрульную службу Кіева — у першую чаргу, як журналіст. Натальля працуе рэдактарам папулярнага кіеўскага гарадзкога сайту vgorode.ua — свайго роду аналягу расейскіх сайтаў Time Out і «Афіша». Зрэшты, да апошняга моманту яна не выключала, што пры посьпеху сваёй місіі вырашыць зьмяніць род дзейнасьці і стане паліцэйскай. На жаль, перашкодай сталі тэсты на фізычную падрыхтоўку. Нягледзячы на гэта, Натальля Вагнер засталася задаволеная ўбачаным і, як і Міхаіл Кіндракевіч, упэўненая ў посьпеху рэформы ўкраінскай міліцыі:

— Чаму вы вырашылі пайсьці на конкурс па прыёме ў патрульную паліцыю?

— У першую чаргу гэта была журналісцкая цікавасьць, таму што я рэдактар кіеўскага гарадзкога сайту. Была шалёная ідэя ўсё-такі пайсьці туды і прайсьці адбор да канца, але мне давялося пакінуць конкурс, таму што [адным з этапаў] была фізычная падрыхтоўка. На гэты этап я ўжо проста не пайшла, таму што я ведала, што я яго не прайду. Я паглядзела нарматывы — я ня ўмею адціскацца такую колькасьць разоў, як там патрабавалася для дзяўчат. Таму я проста ператэлефанавала і сказала, што я не пайду на гэтае тэставаньне.

— Як адбываецца працэдура падачы заяўкі? У чым заключаецца самы першы, першапачатковы адбор?

— На першым этапе ўсе падавалі анкеты, дадзеныя аб сабе — узрост, пашпартныя дадзеныя, уменьне вадзіць машыну — гэта было абавязковай умовай, стан здароўя. Гэта паказвалася ў онлайн-анкеце. Далей мне патэлефанавалі і запрасілі на першы этап. Гэта было тэставаньне. Запрасілі ў вучэбны цэнтар крыміналістаў ў Кіеве, тэставаньне праходзіла на кампутары. Можна сказаць, што гэта было падобна на тэст на IQ, па меншай меры, пытаньні былі падобныя. Было 60 пытаньняў на лёгіку, на матэматыку і гэтак далей. Потым празь нейкі час мы даведаліся вынікі гэтага тэставаньня. Я набрала нядрэнную колькасьць балаў, таму літаральна на працягу тыдня мне ператэлефанавалі і запрасілі на наступны этап тэставаньня.

— Ці шмат дзяўчат прыйшло з вамі на першы этап?

— Канкрэтна ў маёй групе дзяўчат не было ўвогуле, я была адзінай. Але ведаю, што было шмат дзяўчат, напрыклад, такія ёсьць сярод маіх асабістых знаёмых кіяўлянак. Яны пайшлі ў патрульную службу, прычым, гэта дзяўчаты з вышэйшай адукацыяй, як правіла, з працай, з прафэсіяй. Яны прайшлі тэсты і цяпер трэніруюцца ў навучальным цэнтры.

— Калі ў іх ёсьць і адукацыя, і праца, то ў чым матывацыя? Чаму яны прынялі такое рашэньне?

— Па-першае, мне здаецца, гэта добрая зьмена дзейнасьці. Складана сказаць ... зарплата, якую абяцаюць, нядрэнная — вышэйшая за сярэднюю. І праца абяцае быць даволі-ткі цікавай.

— А як жа жаданьне зьмяніць краіну, асабіста паўдзельнічаць у рэформах?

Сьвядомасць перафарматаваць. Людзі разумеюць, што «калі ня мы, то больш ніхто»

— Пра гэта проста казаць ужо банальна. Таму што за апошні час ва ўсіх настолькі перафарматавалася сьвядомасьць, людзі настолькі разумеюць, што «калі ня мы, то больш ніхто», што тая велізарная колькасьць анкет, тая велізарная колькасьць жадаючых трапіць у паліцыю, гэты велізарны конкурс і выкліканыя тым, што людзі хочуць працаваць у гэтай сыстэме, вераць у яе.

— А вы ў яе, у гэтую сыстэму, у гэтую рэформу, верыце? Яе не напаткае, напрыклад, лёс люстрацыі, якая ладна забуксавала?

— Гэта як раз самая рэальная рэформа з усіх нашых рэформаў, якія былі пасьля рэвалюцыі. Гэта першая і адзіная рэформа, якая цяпер рэальная. Чаканьні вялікія, але я веру, што ўсё атрымаецца, таму што ня можа не атрымацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG