Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю ў Казахстане адбыліся датэрміновыя выбары прэзыдэнта. Было абвешчана, што кіраўніком дзяржавы пераабраны Нурсултан Назарбаеў — 97% галасоў. Варта адзначыць, што з кожнымі выбарамі доля галасоў, палічаных за яго, няўхільна ўзрастала: 1999 — 80%, 2005 — 91%, 2011 — 96%. На фоне саюзьніка беларускі кіраўнік дэманструе амаль ленінскую сьціпласьць: 2001 — 76%, 2006 — 83%, 2010 — 80%.

Маніпуляцыйны характар казахстанскіх выбараў відавочны. Але гэта не азначае, што яны ня маюць аніякага палітычнага сэнсу, што гэта —

Назарбаеў паказвае Пуціну, што цалкам кантралюе сытуацыю ў сваёй краіне, што спробы знайсьці там сваіх Аксёнавых, Канстанцінавых, Захарчанкаў і Платніцкіх марныя

адно пусты рытуал. Назарбаеў зусім невыпадкова правёў гэтыя выбары датэрмінова, паводле закону яны мусілі адбыцца ў наступным годзе. У грамадзтвах, кшталту сучаснага казахстанскага, прэзыдэнцкія выбары — гэта своеасаблівая прысяга на вернасьць правадыру, дэманстрацыя, што народ згуртаваны вакол яго. У дадзеным выпадку адрасат гэтай дэманстрацыі — ня толькі ўласна казахстанскае грамадзтва, але і Крэмль. Назарбаеў паказвае Пуціну, што цалкам кантралюе сытуацыю ў сваёй краіне, што спробы знайсьці там сваіх Аксёнавых, Канстанцінавых, Захарчанкаў і Платніцкіх марныя, што няма глебы для зьяўленьня такіх постацяў.

Як жа паказвае? Хіба Пуцін не разумее, як робяцца тыя самыя 97% учорашняй «элегантнай перамогі»? Зразумела, разумее, але ў аўтарытарных лідэраў няма іншай мовы, іншых інструмэнтаў для дэманстрацыі таго, што народ кансалідаваны «вакол сьцяга», як той казаў. Да таго ж і Пуцін прыроду галасаваньня з аднаго боку як бы і разумее, а зь іншага — і не. Бо сам жа такі. І для яго тыя 97% — гэта і сапраўды ў пэўным сэнсе дэманстрацыя адзінства казахстанскага грамадзтва. Прынамсі, дэманстрацыя кансалідацыі тамтэйшай уладнай эліты вакол яе лідэра.

Апроч іншага, выбары ў Казахстане — гэта дэманстрацыя і Захаду, што лідэр Казахстану кантралюе сваю краіну і дэманструе гэта Пуціну.

Варта сказаць, што правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў у Казахстане ў адзін год зь беларускімі, фактычна за некалькі месяцаў да апошніх — спрыяльны чыньнік для Аляксандра Лукашэнкі.

Не баючыся вельмі памыліцца, можна сьцьвярджаць, што рэакцыя Захаду на чарговы электаральны «трыюмф» Назарбаева будзе досыць стрыманай: міжнародныя назіральнікі адзначаць тое, што відавочна і без назіраньня, заходнія палітыкі, у тым ліку і вышэйшага рангу, у самым лепшым выпадку выкажуць шкадаваньне з прычыны таго, што выбары прайшлі ня ў поўнай адпаведнасьці з дэмакратычнымі нормамі. А можа і таго ня выкажуць. Ад віншаваньняў, напэўна, устрымаюцца. І ўсё. Усход — справа тонкая, як казаў таварыш Сухаў.

І раней так было, а зараз і пагатоў. Заявы расейскіх публіцыстаў і нават палітыкаў дробнага рангу ў стылі «казахстаннаш» усе, каму трэба, прачыталі, пуцінскія шчыраваньні наконт таго, што гістарычная легітымнасьць казахстанскай дзяржавы даволі хісткая, таксама ніхто не забыў. На гэтым фоне Елбасы (па-казахску — лідэр) зь яго 97% выглядае ня самым горшым варыянтам.

Ну а праз 7 месяцаў — выбары ў Беларусі. Зь якімі-небудзь 85% пераможцы. Ну дык на фоне Казахстану — эўрапейскі вынік, можна сказаць. Пачынаць чарговую атаку на Лукашэнку за чарговыя фальсыфікаваныя выбары (а якія ж яшчэ?) неўзабаве пасьля грабавога маўчаньня наконт вынікаў казахстанскіх выбараў... Можна, зразумела. Але крыху нязручна.

Ну а праз 7 месяцаў — выбары ў Беларусі. Зь якімі-небудзь 85% пераможцы. Ну дык на фоне Казахстану — эўрапейскі вынік, можна сказаць

Да таго ж той момант, які прысутнічаў у казахстанскіх выбарах, будзе прысутнічаць і ў беларускіх. Елбасы нават прысьпешыў выбары на год, каб паказаць Маскве, што ў яго «ўсё схоплена». Лукашэнку прысьпешваць не давялося, але жаданьне прадэманстраваць расейскаму «зацятаму сябру» тое самае ў яго таксама прысутнічае. І Захаду прадэманстраваць сваю дэманстрацыю, маўляў, саюзьнік Маскве, але з уласнай аўтарытарнай легітымнасьцю.

Жорсткі сусьветны геапалітычны расклад практычна не пакідае іншых варыянтаў. Можна казаць пра імавернасьць эканамічнай лібэралізацыі (у гэтым сэнсе, дарэчы, Казахстан значна больш прасунутая краіна, чым Беларусь), але палітычная лібэралізацыя ў краінах Эўразійскага саюзу ня мае пад сабой важкіх чыньнікаў. І справа ня толькі ў стане грамадзтва, але і ў Расеі. Яна (прынамсі, пакуль) будзе ў прынцыпе задаволеная такімі дэманстрацыямі пэўнай аўтаномнасьці ад яе, як прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і Казахстане. Зразумела, Маскве хацелася б, каб на Менск і Астану можна было больш уплываць празь ляяльныя ёй палітычныя групы. Але ад дабра дабра не шукаюць — палітыка Лукашэнкі і Назарбаева Маскву збольшага задавальняе, а альтэрнатыва ім ці нават страта імі аўтарытарнага кантролю над сваімі краінамі можа весьці да непрадказальных наступстваў.

Застаецца, зразумела, народ. Хосьні Мубарак, напрыклад, таксама лічыў, і не без падставаў, што ўсё пад кантролем. І задавальняў і Вашынгтон, і Брусэль, і Пэкін, і Маскву. Але аказалася, што пад кантролем ня ўсё. Ці не назаўжды ўсё.

Але да выбараў гэта, зразумела, ня мае ніякага дачыненьня. Да казахстанскіх дык пэўна.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG