Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзею Саўчанку пераводзяць зь СІЗА ў гарадзкі шпіталь


Як паведаміў Радыё Свабода адвакат Марк Фейгін, такое рашэньне прыняў кансыліюм лекараў мэдсанчасткі СІЗА «Матроская цішыня» ў сувязі з пагаршэньнем стану здароўя Саўчанкі, якая працягвае галадоўку.

Украінскую вайскоўку Надзею Саўчанку, якая знаходзіцца ў маскоўскай турме паводле абвінавачаньня ў дапамозе ў забойстве двух расейскіх журналістаў, пераводзяць у гарадзкі шпіталь № 20.

Адвакат Марк Фейгін, які наведаў сваю падабаронную ў панядзелак, паведаміў, што такое рашэньне прыняў кансыліюм лекараў мэдсанчасткі СІЗА «Матроская цішыня» ў сувязі з пагаршэньнем стану здароўя Саўчанкі, якая працягвае галадоўку. Паводле Фейгіна, у яе зьнізіўся ўзровень цукру ў крыві, зьявіўся ацэтон, выклікаюць занепакоенасьць і іншыя аналізы.

Раней у панядзелак занепакоенасьць у сувязі са станам здароўя Саўчанкі, якая страціла за апошні тыдзень 8 кіляграмаў вагі, выказаў і кіраўнік расейскай прэзыдэнцкай Рады па правах чалавека Міхаіл Фядотаў, які наведаў зьняволеную разам зь Лізаветай Глінкай.

Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў на ўсходзе Украіны і незаконным перасячэньні мяжы.

Саўчанка ўсе абвінавачаньні абвяргае і заяўляе, што яе захапілі ў палон сэпаратысты і затым пераправілі ў Расею, дзе яна была арыштаваная летась улетку.

XS
SM
MD
LG