Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Два рыцары на кані, Ёнас і Ясь


Рыцар над Вострай брамай, па-літоўску – «брамай Золку»

Рыцар над Вострай брамай, па-літоўску – «брамай Золку»

Аднойчы прафэсар Бумблаўскас зь Віленскага ўнівэрсытэту сказаў, што землякі-літоўцы глядзяць на гісторыю Вялікага княства Літоўскага адным вокам, а не двума. Сьвядома прымяншаючы ролю беларусаў.

Але што зробіш: дваццаць гадоў таму, наведаўшы Літву з афіцыйным візытам, Лукашэнка сказаў, што ня варта двум суседзям мець аднолькавы герб. І свайго рыцара беларусы скасавалі самі. Я напісаў раман «Багуславія», і там на кані два рыцары (па-тампліерску), як увасабленьне братоў-народаў. Нібыта магчымасьць паглядзець на гісторыю і на ўласную ролю ў ёй двума вачыма, адчуваць плячо суседа. Аднак вынік той жа: два рыцары на кані дастаюцца тым, хто сябе працягвае адчуваць нашчадкамі вершнікаў. У каго серп з молатам у галаве – вочы ў бок рыцараў не глядзяць.

Быў днямі ў Вільні, уражаны: каб пацешыць літоўцаў, з Пагоняй зрабілі эўра-манэты ўсіх наміналаў, ня толькі самых буйных. Вось яны на маёй далоні: навюткія, бліскучыя, рыцарскія. За гэта, можна сказаць, некалі змагаліся па-сапраўднаму. Апошнім камандзірам жаўнераў з той яшчэ, «буржуазнай» Пагоняй быў генэрал Ёнас Жэмайціс (падпольны псэўданім Вітаўт), бюст якога стаіць сёньня ў Вільні. Можна прачытаць цытату: генэрал заявіў перад расстрэлам у бутырскай турме (1954), што не шкадуе што ўзначальваў літоўскі супраціў цягам дзевяці гадоў, з 1944-га, бо гэта ўсё роўна некалі дасьць вынік. І сапраўды: у 1990-м Літва абвясьціла, што аднаўляе сваю незалежнасьць.

Бюст генэрала Жэмайціса

Бюст генэрала Жэмайціса

Лічбы ўражваюць: у 1945-м у Літоўскай вызваленчай арміі было трыццаць тысяч чалавек. Яны хаваліся ў лясах. Аднак сам Жэмайціс стаў выканаўцам абавязкаў камандуючага ўжо на зыходзе партызанскай барацьбы — у 1949-м. Пазьней у яго здарыўся інсульт і ён праляжаў спаралізаваным у лясным бункеры амаль паўтара года. Да арышту… Каб узьняць яго ролю, у 2009-м Сэйм вырашыў, што Жэмайціс адначасова выконваў абавязкі прэзыдэнта.

На зьезьдзе партызанскіх камандзіраў, калі галоўным абралі Жэмайціса, перайменавалі атрады ў «Саюдзіс», рух барацьбы за свабоду Літвы, і прынялі дэклярацыю аб свабодзе.

Турыстам сёньня прапаноўваецца наведаць пасьля Вільні яшчэ «дзьве літоўскія сталіцы» — Трокі і Кернаву. Словам, троцкая рэзыдэнцыя Вітаўта афіцыйна называецца сёньня старажытнай сталіцай ВКЛ. Што праўда, у зімовы час яшчэ і «сталіцай Дзедаў Марозаў», які кватаруе таксама ў замку. Што сказаць? Значыць, адбудоўваючы некалі Трокі, літоўцы закладалі бомбу пад СССР. Паколькі яны аднаўлялі сталіцу вялікай некалі дзяржавы. Каб у будучыні заявіць аб аднаўленьні незалежнасьці і выхадзе з СССР, стварыўшы і палегчыўшы такую магчымасьць для іншых.

Пагоня над дзьвярыма прэзыдэнцкай канцылярыі

Пагоня над дзьвярыма прэзыдэнцкай канцылярыі

Можна сказаць, ВКЛ у 1990-91 гадах празь вялікі гістарычны час перамагло Масковію, прадыктаваўшы сваю волю. Беларусы выканаць тую ж ролю ў ніякім разе не маглі. Толькі паслалі свайго чалавека да літоўцаў сказаць — будзеце рыпацца, Вільню запатрабуем. Зноў жа, безь перадваенных дваццаці гадоў незалежнасьці маленькая Літва ня здолела б так паказаць свой характар Гарбачову. Занадта далёкай была б Літва гістарычная.

Ну, а сёньня самой Літве было б значна спакайней, калі б яна сапраўды глядзела на гісторыю двума вачыма. Гэтым, магчыма, дапамагла б і беларусам адчуваць сябе ўпэўнена ў дзеях ВКЛ. Наколькі самой было б лепей, каб Літва мела ў сваім падбрушшы другую рыцарскую краіну. І два рыцары на кані выглядаюць зусім нядрэнным варыянтам. А так, хто можа гарантаваць, што краіна Віціса аднойчы ня стане калідорам у Калінінград? Самі літоўцы ўспомнілі аб магчымасьці пайсьці ў лясы, як калісьці генэрал Жэмайціс. Але вобраз спаралізаванага камандзіра вялікага натхненьня хіба што выклікаць ня можа. Герой, але герой бяз руху.

XS
SM
MD
LG