Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

AKUTE пра беларускамоўны Магілёў, мільён даляраў і «разагрэў» Placebo


Госьці «Свабоды» — музыкі папулярнага беларускага гурту AKUTE, вакаліст і гітарыст Станіслаў Мытнік, бас-гітарыст Раман Жыгараў і бубначка Vicky Fates.

У размове зь вядучай Ганнай Соўсь яны расказалі пра праскі канцэрт, патлумачылі, што такое «дыска-дэкаданс», чаму беларускамоўныя музыкі ня трапілі ў «чорныя сьпісы» і чаму Магілёў яны лічаць цэнтрам беларускага року.

Ганна Соўсь: Літаральна 12-14 гадзінаў перад нашай размовай вы выступілі з канцэртам у Празе. Чым зьдзівілі Прагу?

Станіслаў Мытнік: Тым, што ўрэшце прыехалі сюды. Мы даўно марылі, імкнуліся да гэтага. І цяпер адчуваем прыемную стомленасьць пасьля канцэрту і задаволенасьць, што дасягнулі новай прыступкі.

Раман Жыгараў: Прыемна было пабачыць шмат беларусаў на канцэрце.

Соўсь: Ці адрозьніваецца праская публіка ад менскай?

Vicky Fates: Так. Эўропа ўсё ж сказалася. У нас людзі ўжо прывыклі, бо часьцей ходзяць. Тут многім было цікава ўпершыню пачуць і думаю, што ўсе яны былі задаволеныя.

Соўсь: Чаму AKUTE?

Мытнік: Калі мы толькі пачыналі граць, Раман прыйшоў на рэпэтыцыю і прапанаваў назву, якая адразу была прынятая, бо ўсім спадабалася.

Жыгараў: Проста гэта прыгожае слова бяз нейкага сакральнага сэнсу. Яно перакладаецца зь нямецкай мовы як востры, кшталту вострае пытаньне, ці вострая хвароба.

Соўсь: Ваш гурт быў заснаваны ў 2008 годзе. У вас вельмі пасьпяховая кар’ера, вы пераможцы многіх хіт-парадаў «Тузіну гітоў», у 2012 годзе былі прызнаныя лепшым гуртом году, перамагалі на Басовішчы, у «Рок-каранацыі» ў 2011 годзе перамаглі ў намінацыі «Прарыў году». І сьпяваеце па-беларуску. І пры гэтым ня трапілі ў «чорныя сьпісы», як музыкі больш старэйшага пакаленьня, як Вольскі, Вайцюшкевіч. Як вось так атрымалася?

Мытнік: Відавочна, што мы шпіёны. Мы ставім сабе канкрэтныя мэты, якія нам трэба дасягнуць, не адразу ўсё, а пакрыху. Мы шмат працавалі, нам усё ўдалося не адразу.

Соўсь: І ніводнага канцэрту не забаранілі?

Жыгараў: Ніводнага. У нас усё сыстэмна разьвівалася. Мы не чапляем тэмаў, якія могуць выклікаць супрацьстаяньне паміж людзьмі. Мы сьпяваем пра жыцьцё.

Соўсь: Калі Вайцюшкевіч сьпяваў на вершы Барадуліна пра каханьне, гэта таксама было выключна пра жыцьцё...

Мытнік: Ацэньваецца ўвогуле, што робіць гурт, не ўчора ці сёньня, а гэта за сабой цягне пэўныя чаканьні.

Жагараў: Усё відавочна, усё залежыць ад таго, як вырашыць адзін чалавек. Пакуль што на наш конт ён нічога ня вырашыў, і мы граем.

Соўсь: Віка, вы новая ў гэтай камандзе. Што паўплывала на вашае рашэньне далучыцца да AKUTE?

Vicky Fates: Я шукала новы гурт, каб разьвівацца, каб больш і лепей граць і атрымала прапанову ад Рамана і Стася. Я даўно ведаю гэты гурт, і гэта была цікавая прапанова. Мы адзін аднаго дапаўняем.

Соўсь: Раман, Станіслаў, вы абодва магілёўцы. У гэтым горадзе цяпер вучыцца па-беларуску толькі адна дзяўчынка Ялінка Салаўёва. А што паўплывала на вашу беларускасьць? Як вы сталі беларускамоўнымі ў Магілёве?

Жыгараў: Мы пасталелі даволі даўно. Быў канец 1990-х, калі мы вучыліся ў школе. Я не памятаю, каб прыціскалі беларускую мову. Плюс — першы настаўнік, які паўплываў, канечне, ён прывіў любоў да мовы, да беларускай культуры. І ўжо ня мелася ніякіх пытаньняў, на якой мове сьпяваць, бо тэксты па-іншаму і не прыходзяць. Яны прыдумваюцца толькі па-беларуску. 99% таго, што мы прыдумляем, гэта спачатку музыка, а потым тэксты.

Мытнік: Так здарылася, што мы сустрэліся з Раманам і ён прапанаваў мне пайграць разам яшчэ ў гурце «Глюкі», а потым гэтага гурту ня стала і мы засталіся разам і працягнулі рэпэтыцыі. І атрымалася ўсё само.

Соўсь: Магілёў некалькі гадоў таму меўся быць паводле ўладаў культурнай сталіцай СНД. Вы маглі б так сказаць?

Жыгараў: Магілёў, канечне, культурны горад. Гэта ж наша радзіма. Калісьці Магілёў нават лічыўся рок-сталіцай Беларусі. Быў вельмі моцны рок-н-рольны рух, і ў гэтым асяродзьдзі мы згенэравалі беларускамоўны выбух у Магілёве. Бо насамрэч большасьць сьпявала па-расейску. І калі зьявіўся беларускамоўны гурт «Глюкі», гэта было надзвычайна...

Соўсь: Якія вашы гастрольныя дарогі цяпер?

Жыгараў: Цяпер быў наш першы канцэртны тур — Вроцлаў, Варшава і Прага.

Мытнік: Мы на восень плянуем вялікі тур, хочам праехаць усю Беларусь, у нас ёсьць каманда выдатных спэцыялістаў, якія ведаюць, што рабіць. Мы зьбіраемся праехаць па ўсёй Беларусі ўвосень, захапіць маленькія мястэчкі, невялікія гарады. Там вельмі цяпла прымаюць. Там людзі больш шчырыя, і яны галодныя да падзеяў. Канечне, плянуем паездкі ў Эўропу. А праз тыдзень мы будзем ўзначальваць фэстываль ва Львове, які называецца «Разам фэст». Гэта вялікі двухдзённы фэстываль, на які нас запрасілі быць хэдлайнэрамі. Гэта вельмі прыемна, што мы прэзэнтуем Беларусь у культурнай сталіцы Ўкраіны.

Соўсь: Ці цесна беларускай рок-сцэне?

Vicky Fates: Неяк усе ўжываюцца на ёй. Гуртоў хапае. Многія граюць у адным гурту, потым пераходзяць у іншы. Ёсьць сталы абмен паміж людзьмі.

Соўсь: А можа, наадварот, прасторна?

Жыгараў: Калі прасторна, дык гэтае месца будзе занятае.

Соўсь: Вас аднойчы журналісты папракнуў, што ўсё песьні пра пустэчу, пра нішто, а таксама пра сьмерць, немагчымасьць і адзіноту. Самі вы вызначаеце свой стыль як «дыска-дэкаданс». Патлумачце, калі ласка.

Мытнік: Нам проста гэтая тэма, такія настроі бліжэй. Яно само нараджаецца, нічога спэцыяльна ня робіцца. Гэта касьмічны вецер. Мы яшчэ ўдакладнілі — і цяпер на афішах акрамя «дыска-дэкаданс» пішацца яшчэ і «сьмерць-рок».

Соўсь: Калісьці вы выступалі «на разагрэве» ў брытанскага гурту Placebo на менскім канцэрце. «Гэтая навіна па сваёй папулярнасьці ледзьве ня стала супастаўляльнай з самім фактам выступу брытанцаў», — пісаў пра падзею сайт Ultra-music. А што трэба вам зрабіць, каб у вас на разагрэве гралі?

Мытнік: Крышачку пачакаць. У нас яшчэ тры прыступачкі засталіся.

Vicky Fates: Працаваць.

Соўсь: Уявіце, што ў AKUTE ёсьць мільён даляраў. Што бы вы зь ім зрабілі?

Vicky Fates: Я зрабіла бы ўсё магчымае, каб пра наш гурт даведаўся ўвесь сьвет. Такім чынам спачатку прамоцыя, а потым лягістыка — туры, падарожжы, каб паказаць сябе жыўцом, я ня толькі на запісах.

Мытнік: Каму-небудзь аддаў мільён, каб схавалі ад мяне...

Жыгараў: Мне столькі грошай не патрэбна. А калі на гурт, відавочна, гэта на тэхнічныя рэчы, гэтыя грошы можна было б разьмеркаваць гадоў на 10-20. Ці купіць тэлеканал і зрабіць беларускі музычны рок-канал. Ці проста альтэрнатыўны канал. І як хросны бацька кіраваць як марыянэткамі беларускай музыкай.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG