Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унікальны беларускі абрад сабраў жыхароў вёскі Пагост Жыткавіцкага раёну і студэнтаў Белдзяржунівэрсытэту культуры і мастацтваў.

Юр’я сьвяткавалі ў Музэі народнай архітэктуры і побыту паводле старажытных правілаў, запрасіўшы ўдзельнікаў IX Міжнароднай навуковай канфэрэнцыі «Аўтэнтычны фальклёр: праблемы захаваньня, вывучэньня, успрыманьня».

Выкладчыкі катэдры этналёгіі і фальклёру Белдзяржунівэрсытэту культуры і мастацтваў запрасілі зь вёскі Пагост Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці гурт «Міжрэчча», каб тыя паказалі, як яны ў сябе ў вёсцы спраўляюць старажытны абрад пад назвай «Карагод».

Асноўны атрыбут абраду — абшчынны хлеб, які таксама называецца «карагод», — сьпяклі дома. Дома ж зрэзалі тры галінкі пладовага дрэва, абкруцілі яго цестам з выявамі птушачак на канцы, падпяклі на агні. Кожная галінка мае па тры адросткі. Усяго дзевяць — сакральная лічба, зьвязаная з працягам роду і культам быка або каровы. Сьляды культу быка-тура ў этнаграфічным рэгіёне Тураўшчыны можна прасачыць да нашага часу. Адзін зь іх — якраз у гэтых галінках, а таксама ў назьве абраду. Слова «карагод» вучоныя выводзяць са старажытнага звычаю выганяць у поле на Юр’я быка-тура, даслоўна «карва вадзіць». Так што карані гэтага абраду — у глыбокім мінулым.

А сёньня дзяўчаты віюць з дапамогай старэйшых жанчын сабе вяночкі зь вечназялёнага бярвенку, упрыгожваюць галінкі-ралцы папяровымі кветкамі і стужкамі, пад сьпеў абрадавай песьні ўтыкаюць іх у хлеб-карагод. Ставяць гэты круглы бохан на века, пакрытае абрусам-надзежнікам, на жытняе зерне — бо нясуць яго ў поле, каб быў багаты ўраджай у гэтым годзе, каб працягвалася жыцьцё роду. Запальваюць сьвечку — яе агонь зьвернуты да продкаў, каб заручыцца іх дапамогай у працы на зямлі. У карагодзе бяруць удзел толькі жанчыны і дзяўчаты, бо працяг жыцьця ў новых пакаленьнях — пачэсная роля жанчыны. Але ў сярэдзіну круга становяцца мужчыны і хлопчыкі: адзін нясе абрадавы хлеб, другі — фартух на граблях (у поле — зялёны, а з поля — чырвоны), трэці — калядную зорку (бо песьні і словы жанчын зьвернутыя да неба і Юр’я, які ўвасабляе дахрысьціянскага Ярылу — сына бога сонца, з просьбай адамкнуць зямліцу, выпусьціць расіцу), яшчэ адзін з мужчын трымае ікону ў ручніку. Гэтае жаночае кола і мужчыны, як зярняткі, у цэнтры — знак засеянага поля, бо абрад спраўляюць звычайна на полі, засеяным азімым жытам ці пшаніцай. Галасы сьпявачак гучаць у полі, як заклінаньне. Спачатку зьвяртаюцца да маці-зямлі і сьвятога Юр’я:

Да урай, мацi, ключы! Юр’я, устань рано, паежджай у поле, Адмукай зямлiцу, выпускай расiцу!

На цёплае лета, на буйное жыта. На полi снапамi, да сьвiрна вазамi.

Да подай, мацi, ключы! Да до Бога творыцi, да росiцу спусцiцi. Ведом, ведом корогод — сам Бог наперод!

А ў корогода сын воевода. А ў коромысьлi добрые мысьлi.

Зародзi, Божэ, жыто Да на новое лето, Да на жыто, на пшэнiцу, Да на ўсяку пашнiцу!

Затым словы песьні зьвяртаюцца да тых, хто назірае за абрадам. Дзяўчаты сьпяваюць: «Вяду, вяду карагод — усе дзевачкi напярод. А хлопчыкi — за намi, маргаючы очамi»... Безумоўна, хлопчыкі прыглядаюць сабе сябровак. Што цікава — у поле і з поля ўсе ўдзельнікі абраду праходзяць праз ручнік. А потым абыходзяць усё сяло і водзяць каля кожнага падворку такі ж карагод, як і ў полі. Гаспадары музэю — яго супрацоўнікі — юраўскіх валачобнікаў сустракалі ля сваіх хат, адорвалі за добрыя пажаданьні, зычэньні плёну ў працы і за карагодныя песьні, танцы. У Пагосьце аднавяскоўцы з радасьцю прымаюць сьпявачак-карагодніц, бо — «Дзе карагод ходзіць, там Бог жыта родзіць. А дзе не бывае, там улягае!». Абавязковы падарунак для сьпявачак — яйкі цотным лікам, каб кожная зь дзяўчат, якія бяруць удзел у абрадзе, знайшла сабе пару, узяла шлюб і прадоўжыла род. Як і дома, ля царквы ў музэі пагосцкі жаночы гурт вадзіў гульнёвыя веснавыя карагоды — «Бабуся», «Дрэма», «Проса», «Кропе», «А мы по лугу», «Рэпка»...

І вось вялікі натоўп гасьцей музэю скіроўваецца на горку, дзе гарыць вогнішча і на вялікай патэльні гатуецца юраўская яечня — падарунак для ўсіх, хто сьпявае юраўскія песьні, танцуе, грае на музычных інструмэнтах. Гэта ня толькі студэнцкія гурты, але і дзіцячыя менскія фальклёрныя калектывы, у якіх дзеці выхоўваюцца на этнічнай культуры, спасьцігаючы багацьце абрадавых песень і карагодаў з розных рэгіёнаў нашай краіны, разнастайныя побытавыя танцы, чароўныя мэлёдыі дудкі, барабана, дуды... Дзеці адразу ж пабеглі гушкацца на арэлях — ня ўсюды цяпер і па вёсках яны маюць такую радасьць. Гармонік задае сьвяточны настрой, спаборнічаюць прыпевачніцы. Трэба падзякаваць небу за яркае сонейка і цёплае надвор’е. Нішто не перашкодзіла сьвяту, бо прыйшла сапраўдная вясна для ўсіх — для жывёл, людзей і птушак, якія ўжо зьвілі гнёзды, прыляцеўшы з выраю, і выседжваюць птушанят.

XS
SM
MD
LG