Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летапіс Эўропы бяз коштаў на сена


Патрык Оўржэднік

Патрык Оўржэднік

Каму Хрыстос, каму — карова

Ці памятаеце ўступ да рамана Ўладзімера Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»? У ім двое сьведкаў жыцьця і дзейнасьці Юрася Братчыка, «адзін пісьменны, а другі памятлівы», наракаюць на тых летапісцаў, якія ў сваіх хроніках толькі два радочкі прысьвяцілі вялікай гарадзенскай разьні і таму чалавеку, каго царква назвала «ілжэ-Хрыстом», а потым пачалі распавядаць, «як карова ў ратмана на лёдзе нагу зламала і што сена дужа ў гэтым годзе дарагое было».

«Патрэбнае хіба сьвіньням непатрэбным сена?!» — гнеўна абураюцца сьведкі векапомных падзеяў.

Сучасны чэскі пісьменьнік Патрык Оўржэднік, на першы погляд, падобны на гэтых летапісцаў. Мяркуйце самі: сёлета па-беларуску выйшла ягоная «Эўрапеана» (серыя «Чэская калекцыя», перакладчык — Юлія Сматрычэнка) — гэты твор з падзагалоўкам «Кароткая гісторыя дваццатага стагодзьдзя» быў напісаны ў 2001 годзе. Замест таго, каб у адпаведнасьці з абранай формай ёміста і пасьлядоўна, і строга выкладаць падзеі (як прыкладам, зрабіў гэта Вацлаў Ластоўскі ў «Нарысах беларускай гісторыі»), Оўржэднік скача з аднаго на другое без усялякай, здаецца, лёгікі. Больш за тое, ён нібыта адхіляе навуковыя мэтады дасьледаваньня і засяроджваецца не на галоўных падзеях XX стагодзьдзя, не тэндэнцыі аналізуе, а расьпісвае ўсякую драбязу, у тым ліку вынаходніцтва бюстгальтара і спажываньне крывянкі. Не раўнуючы, як тыя хранікёры зь сенам! І хочацца, плюнуўшы, адкінуць у бок кнігу Оўржэдніка, дзе нават прозьвішчаў гістарычных асобаў няма, а караценькія главы маюць

зьдзеклівыя назвы: «Салдаты сьпявалі калядкі», «Навошта трэба электрычнасьць», «Моладзь хацела займацца сэксам» і г.д.

Вось такія асацыяцыі і эмоцыі выклікае «Эўрапеана», калі пагартаць яе, прабегчы вачыма. Але ня будзем сьпяшацца — першае ўражаньне ад кнігі, як і ад чалавека, можа быць памылковым.

Кілямэтры гістарычнай праўды

Чытачу будзе цяжка пазбавіцца ўражаньня, што Оўржэднік гне гістарычныя падзеі на свой капыл, што яны спатрэбіліся яму дзеля ўнутранага, так бы мовіць, літаратурнага выкарыстаньня, і толькі. Асабліва, калі ўлічыць, што гэты пісьменьнік вельмі любіць сьмелыя моўныя экспэрымэнты і жорсткія абсурдысцкія выкрутасы. І сапраўды, усе гісторыкі заўсёды дружна пішуць пра мільёны загінулых падчас Першай і Другой сусьветнай вайны, тады як аўтар «Кароткай гісторыі дваццатага стагодзьдзя» выкарыстоўвае іншую адзінку вымярэньня — кілямэтры: «А палеглых французаў было цалкам 2681 кілямэтар, а палеглых англічан было 1547 кілямэтраў, а палеглых немцаў — 3010 кіламетраў пры сярэдняй даўжыні аднаго трупа 172 сантымэтры».

Калі, сьцяўшы зубы, дараваць Оўржэдніку падобныя штукарствы, якія спачатку падаюцца цынічнымі, і пайсьці па ягоным тэксьце далей, азіраючыся па баках, то можна пераканацца, што ў сваім нарысе ён не супярэчыць фактам ці, як любяць казаць у беларускім навуковым асяродзьдзі, «гістарычнай праўдзе». Прыкладам, Оўржэднік даводзіць, што большасьць эўрапейцаў у свой час лічыла Першую сусьветную вайну патрэбнай і справядлівай, а яе ўдзельнікі меркавалі вярнуцца дадому «на збор вінаграду ці самае позьняе — на Каляды». Гэта насамрэч так. Нядаўна я чытаў кнігу «Першая сусьветная вайна ў 211 эпізодах», у аснову якой пакладзены 19 дзёньнікаў сьведкаў тых падзей з розных краін сьвету. Яе аўтар — Пэтэр Энглунд, старшыня журы Нобэлеўскага камітэту па літаратуры. Дык вось дасьледаваньне швэдзкага вучонага цалкам пацьвярджае прыведзеныя вышэй словы чэскага пісьменьніка. Што праўда, у «Эўрапеане» яны нічым не абгрунтаваныя — зрэшты, як і ўсе іншыя словы. Але будзем лічыць, што Оўржэднік проста забыўся даць сьпіс выкарыстаных крыніц напрыканцы кнігі.

Разам з тым «Эўрапеана» паўнюткая датаў, лічбаў і падлікаў, і нават... рэцэптаў, дзе важкую роль, вядома, адыгрываюць прапорцыі інгрыдыентаў — аўтар хоча быць дакладным у сваёй справе: «А навукоўцы прыдумалі, як з тлушчу задушаных людзей вырабляць мыла для нямецкіх салдатаў. Да пяці кіляграмаў тлушчу трэба было дадаць 10 літраў вады і кіляграм кальцынаванай соды. Сумесь варылася ў катле тры гадзіны, пасьля трэба было дадаць крыху солі, яшчэ трохі паварыць і пакінуць, каб сумесь ахалодала...». І ня скажаш, што «такога ў гісторыі не было» альбо што факт гэты не навуковы і ў нарысе зусім не патрэбны!

Народны летапіс

Чытачам, канешне, давядзецца прызвычаіцца да манеры выкладаньня Оўржэднікам свайго прадмету.

Па-першае, мова «Эўрапеаны» пераважна гутарковая (акром тых месцаў, дзе пісьменьнік сыпле лічбамі быццам супрацоўнік Белстату), але без фразэалягізмаў, выслоўяў і т.п. Іншым разам здаецца, нібыта ў кнігі некалькі аўтараў, прычым яны дапаўняюць адзін аднаго ў справе аднаўленьня падзей: «А гэныя... А тыя... А яшчэ было... А ў гэткім годзе...». І нагадвае той аўтарскі калектыў купку сівых дзядкоў, што сабраліся пад ліпамі ў даміно пагуляць і вось ня толькі косткамі ляпаюць аб стальніцу,

але і языкамі, жыцьцё-быцьцё сваё згадваючы, і моладзь прабіраючы: «...яны мелі і шапкі, і боты, і алоўкі, і канструктары, і сьмяяліся з бацькоў, калі тыя расказвалі, што ім даводзілася хадзіць у школу боскі альбо насіць адну шапку па чарзе з братамі і сёстрамі».

Такая яна, моўная стыхія «Эўрапеаны» — твора, чыю назву можна перакласьці як «харавая песьня пра Эўропу» (пэан — лірычны жанр старажытнагрэцкай паэзіі). Загаловак цалкам адпавядае зместу, да таго ж сама гісторыя падаецца ў творы з гледзішча народных масаў — нічога ня зробіш, як мудрэц казаў, не народ для гісторыі, а гісторыя для народу! Ну а для апошняга, зразумела, самай вялікай падзеяй стагодзьдзя найперш ёсьць прамысловы выпуск сродкаў кантрацэпцыі. Зьмірыцеся, ганарлівыя летапісцы, якія стагодзьдзямі напіхвалі памяць і гісторыю сенам!

Па-другое, пісьменьнік вельмі любіць нагрувашчваць у адзін абзац розныя спалучэньні «формаў і матэрыяў», супрацьпастаўляючы іх (адкрыта ці прыхавана) дый яшчэ як быццам парушаючы законы фармальнай лёгікі. Акром таго, Оўржэдніка хлебам не кармі, дай пайсьці ад агульнага да прыватнага, ад мноства да адзінкі: «А іншыя людзі верылі, што жыцьцё на Зямлі, ці, прынамсі, чалавек, узьнікла ў выніку ўмяшаньня незямных сілаў <...>. А ў 1954 годзе адзін амэрыканец прыдумаў саенталёгію». Хоць сувязі паміж главамі і нават асобнымі сказамі ў адных і тых жа разьдзелах «Эўрапеяны» здаюцца скажонымі альбо нават няіснымі, насамрэч тут скрозь пануе парадак, а не хаос.

Прыкладам, летапісец распавядае спачатку пра выкарыстаньне баявых газаў і іх узьдзеяньне на салдат — удзельнікаў Першай сусьветнай вайны, а потым, вяртаючыся назад у часе (яго любімы прыём!), нагадвае, што да 1914 году гараджане карысталіся газьніцамі.

Вучоныя, такія вучоныя

Газ на вайне і ў быце... Адразу згадваецца выраз «мірны атам» — зь «лексыкону» таго самага XX стагодзьдзя. Відавочна, Оўржэднік з засьцярогай ставіцца да вучоных (у кнізе гэта адчувальна праз мантаж сказаў; выкарыстаньне аднолькавых часьцінаў мовы; адмоўны сэнс, укладзены ў слова «прагрэс», і іншыя літаратурныя прыёмы). Хаця б з тае прычыны, што ў карысьлівым XX стагодзьдзі сьмелыя навуковыя тэорыі вокамгненна ўвасабляліся на практыцы — адразу, як сканчаліся эканамічныя разьлікі: «І [эўгеністы] падлічылі, што дзяржаве гэтыя асацыяльныя элемэнты будуць каштаваць столькі ж, колькі будаўніцтва 140 шматкватэрных дамоў. Нацысты ж пазней падлічылі, што... прасьцей за ўсё пазбаўляцца ад асацыяльных элемэнтаў з дапамогай эўтаназіі». Зьвярніце ўвагу: пасьля таго, як фашысты ўвасобілі гэтыя ідэі, пашырыўшы іх затым на ўвесь сьвет і ледзь не абрынуўшы яго ў бездань, эўгеніка ізноў апынулася на кані: «А ў Нарвэгіі пасьля вайны ў адзінокіх матак былі адабраныя дзеці, бацькамі якіх былі нямецкія вайскоўцы, і накіраваныя ва ўстановы для псыхічна хворых. І шмат біёлягаў, генэтыкаў, псыхіятраў і антраполягаў былі перакананыя, што эўгеніка — побач з вынаходніцтвам электрычнасьці — ёсьць найважнейшым для чалавецтва дасягненьнем сучаснай навукі...» Відавочна, лянотная гісторыя ўвесь час спрабуе ўвасобіцца ў звыклых для яе формах, бо сам чалавек дае ёй выдатны шанец на гэта.

Такім чынам, Оўржэднік маскіруецца пад гісторыка, каб закласьці ў лягеры вучоных бомбу — у гуманістычнай мастацкай літаратуры гэта не прыводзіць да людзкіх ахвяраў, але толькі да разрыву шаблёну. А вось пра сваё стаўленьне да ўсялякіх «ізмаў» пісьменьнік кажа адкрыта, без камуфляжу: выкарыстоўваючы злучнік «і», ён даводзіць падабенства

палітычных кірункаў: «Камуністы і нацысты казалі, што трэба ўсталяваць сьвет, які будзе адпавядаць натуральнаму стану рэчаў».

Памяць і псыхічныя адхіленьні

Аднак замала, каб факты былі скрозь праўдзівымі — патрэбна яшчэ, каб іх падача не была тэндэнцыйнай. Бо тыя ж камуністы, да прыкладу, вынайшлі не адны толькі рэвалюцыйныя трыбуналы, якія за паўдня пасьпявалі выносіць ажно да 350 сьмяротных прысудаў. Оўржэднік, які ўсклаў на сябе абавязкі летапісца, здаецца, цалкам ігнаруе гэту задачу — ня быць прадузятым. А мо ён не знарок, мо сапраўды памяць паводле прыроды сваёй сэлекцыйная, і што калі б яна такой не была, гэта ўжо была б не памяць, а псыхічнае адхіленьне? А мо цяпер такая эпоха надышла, што аб’ект і суб’ект гісторыі пайшлі ў скокі, забыўшыся на прыстойнасьць інтэрпрэтацыяў, нават на сам парадак фігур у танцы?

Дарэчы, наконт псыхічнага здароўя. Падобна, у Оўржэдніка зь цягам гістарычных падзей пачынаецца дэпрэсія: храніст выглядае часам стомленым, расчараваным, разгубленым. А калі спрабуе зводзіць разам факты, то яны , як правіла, а не выключэньне, вырываюцца з рук. І тады бадзёрая дынаміка гісторыка-эканамічнага разьвіцьця Эўропы ператвараецца ва ўласную процілегласьць — мёртвую, нерухомую статыку: «Разам з эмансыпацыяй жанчын і вынаходніцтвам кантрацэптываў, тампонаў і аднаразовых падгузкаў паменела дзяцей, але затое паболела цацак, садкоў, горак, дзіцячых пляцовак, сабак, хамякоў і да т.п».

Нягледзячы на адчайны супраціў гістарычнага матэрыялу і шчырае нежаданьне самой мовы па-людзку здароўкацца з фактамі і чытачамі кнігі, Оўржэднік зрабіў добры зьлепак калектыўнай памяці эўрапейскай цывілізацыі XX стагодзьдзя. Памяці, якая жыве пераважна ў стэрэатыпах і штампах, сілкуецца адрознасьцямі і супрацьпастаўленьнямі.

Зусім хутка, магчыма, сьвету больш не спатрэбяцца ніякія гістарычныя нарысы, бо ёсьць такая тэорыя, нібыта лібэральная дэмакратыя прывядзе да палітычнай і эканамічнай свабоды і роўнасьці, фактычна да новага веку ў гісторыі чалавецтва, які, аднак, наўрад ці будзе гістарычным. Але розум не кулеш, у галаву не ўвальеш, і аўтар «Эўрапеаны» з гаркавата-сьветлым сумам прыкмячае, што «людзі пра гэтую тэорыю ня ведаюць і працягваюць сабе рабіць гісторыю як нічога ніякага».

XS
SM
MD
LG