Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малады фронт «абнуліў» апазыцыю: Гэта не дэмарш — гэта канстатацыя факту


Фота Наша Ніва
Фота Наша Ніва

На плякаце маладафронтаўцаў падчас Чарнобыльскага шляху былі паказаныя эмблемы партыяў — «Вашая гульня скончана» і па-ангельску — «Game over» і «Shift + delete».

Плякат, зь якім выйшлі актывісты «Маладога фронту» на Чарнобыльскі шлях, у СМІ назвалі дэмаршам. На плякаце маладафронтаўцаў былі адлюстраваныя эмблемы партыі «Справядлівы сьвет», руху «За свабоду», кампаніі «Гавары праўду», БСДП, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі БНФ, а таксама подпісы па беларуску — «Вашая гульня скончана» і па-ангельску — «Game over» і «Shift + delete».

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды актывіст «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка сказаў, што «гэта не дэмарш — гэта канстатацыя факту». Ён лічыць, што гэта выклікана непапулярнасьцю дзеяньняў апазыцыі.

Мікола Дземідзенка
Мікола Дземідзенка

«Мы не разумеем, што адбываецца, мы ня ўдзельнічалі ні ў якіх палітычных працэсах. Але мы не разумеем, як такая малая колькасьць структураў з такой малой колькасьцю людзей не змаглі дамовіцца ні адносна адзінай стратэгіі на прэзыдэнцкіх выбарах, ні адносна адзінага кандыдата.

Адбываецца нешта ненармальнае, калі самы рэйтынгавы кандыдат вымушаны сыходзіць з апазыцыі. Таму ў такой сытуацыі дэмакратычны рух патрабуе нейкага ажыўленьня. Мы бачым гэтае ажыўленьне ў замене палітычных лідэраў і рэфармаваньні закасьцянелых існуючых палітычных структураў, якія не зьбіраюцца нічога мяняць. Вялікая колькасьць моладзі гатовая была падтрымаць апазыцыю, але тое, што адбываецца, проста нікому не дазваляе рухацца наперад. Гэта не была крыўда з нашага боку ці яшчэ нешта. Гэта была канстатацыя факту. Я лічу, што гэта лягічна. І трыста чалавек, якія сёньня прыйшлі на апазыцыйную акцыю, дазволеную ў выходны дзень у цэнтры гораду, пацьвярджаюць правамернасьць нашай думкі».

Гаворачы пра сёньняшні Чарнобыльскі шлях, Мікола Дземідзенка адзначыў, што апазыцыйныя акцыі становяцца «драбнейшымі».

«Мы бачым, што на Чарнобыльскі шлях — 2015 людзей у прынцыпе не сабралася. Не было нават той моладзі, якая была на Дзень Волі. Галоўную прычыну, я думаю, мы акрэсьлілі. Тут ёсьць нейкі недавер да палітычных лідэраў і партыяў, якія проста займаюцца балбатнёй. І замест таго каб клікаць людзей на акцыі, яны займаліся абмеркаваньнем таго, дорага плаціць некалькі мільёнаў за шэсьце ці не».

Як паставіліся ўдзельнікі акцыі да плякату, зь якім выйшлі маладафронтаўцы?

«Мы думалі, што будзе даволі канфліктны плякат і будзе нейкае ажыўленьне: будуць людзі, якія „за“ і якія „супраць“. Але ўсе казалі, што ўсё вельмі правільна. А палітычныя лідэры з-за рога паказвалі пальцам, маўляў, паглядзіце, што напісалі. Яны не падышлі і не размаўлялі. Я думаю, ім наўрад ці што цікава, апроч сваёй мышынай важданіны адносна таго, хто дамоваздольны, а хто недамоваздольны. Мы проста стаміліся ад гэтага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG