Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне было шэсьцьсот панскіх сядзібаў, засталіся дзесяткі


Сядзіба Багудзенкі ў мястэчку Поразава Сьвіслацкага раён, тут спалучаюцца рысы барока і клясыцызму.
Сядзіба Багудзенкі ў мястэчку Поразава Сьвіслацкага раён, тут спалучаюцца рысы барока і клясыцызму.

«Калі я мысьлена ўяўляю Гарадзенскі рэгіён ці ўсю Беларусь, я думаю: Божа ты мой, каб гэта ўсё захавалася, кажа Анатоль Федарук. Бо на Гарадзеншчыне я адзначыў прыблізна шэсьцьсот сядзібаў. У першым томе, прысьвечаным Гарадзеншчыне, я даю дзьвесьце шэсьцьдзесят. Кожная мела сваю вартасьць, свае зборы. Інвэнтары сьведчаць, якой была сядзіба ў эпоху Рэнэсансу. Яны самі не захаваліся, але дзякуючы інвэнтарам яны стаяць у мяне ў вачах: драўляныя дыхтоўныя будынкі. Абавязкова ўязная алея, брама на двух-трох узроўнях, часам умацаваньні. Апроч замкавых руінаў, засталася адна сядзіба — Гайцюнішкі. Гэта асаблівы помнік, ён ня мае цаны.

Але калі палацы зьнікаюць, сьціраюцца іх сьляды і ў памяці. Напрыклад, адну сядзібу называлі «Аркадыяй», апавядае дасьледчык: «Але нічога не захавалася. Гэтае месца называлася Хаткі. І калі я пытаюся ў мясцовых: дзе? Ніхто нічога ня ведаю. А калі я кажу: а Хаткі называлася гэтае месца. А, дзе Хаткі — мы ведаем. Усё парасло бярозамі».

Дасьледчыку ўдаецца знаходзіць іншыя пабудовы, мала каму вядомыя. Напрыклад, трохпавярховы дом з дэкорам у Ваўкавыскім раёне ў стылі эклектыкі: «Цяпер ён у прыватным агародзе, на жаль. І стаіць бяз даху. Ён не на ўліку. А каб уратаваць, трэба мець на ўліку.

Млыны, бровары, сьвірны

Значна больш, чым сядзібных дамоў, захавалася былых панскіх гаспадарчых пабудоваў. Анатоль Федарук прызнаецца, што ў яго «асаблівае стаўленьне да гаспадарчых пабудоваў: яны пастарэлі, прыціснуліся да зямлі, ім таксама хочацца жыць. Але падганяюць бульдозэры і проста разбураюць. Часта яны маюць па сто мэтраў даўжыні. На Гарадзеншчыне захавалася дзьвесьце гаспадарчых будынкаў і некалькі дзясяткаў вытворчых, ёсьць млыны, бровары. У былой сядзібе Брахоцкіх была цагельня, яна захавалася, яшчэ некалькі гадоў таму быў цэх абпалу, сёньня адны толькі цагляныя слупкі, усё зруйнавана».

Дасьледчыка ня можа не ўражваць сёньняшняе варварства: «Калі ідзеш па гаспадарчых дварах, то такое ўражаньне, што прайшла разбуральная вайна незвычайнай сілы. Стаяць аграмадныя кароўнікі па сто мэтраў, нікому не патрэбныя, зусім кінутыя, а паспрабуйце купіць, то цана будзе завоблачнай. Б’юць сьцены і вывозяць камяні. А побач пабудаваны новыя нізенькія кароўнікі: атрымалі грошы, трэба выкарыстаць. А каб ніхто не папракаў, старыя трэба разьбіць.

Маёнтак Асташына на Наваградчыне
Маёнтак Асташына на Наваградчыне

Спляжаныя прысады

Анатоля Федарука вельмі турбуе, што масавая высечка дрэваў уздоўж дарог закранула і былыя сядзібныя прысады: «Адбываецца павальнае зьнішчэньне старых сядзібных алеяў. Каму перашкаджалі дрэвы? А раптам упадзе на галаву? — адказваюць. У Шчорсах, дзе былі сплянаваныя Джузэпэ Сака тры алеі, якія сыходзіліся ў адным месцы прамянямі, цалкам зьнішчаны цяпер. А на пні паклалі аўтамабільныя шыны. Найвышэйшы паказчык нашай культуры. Мы водзім экскурсіі, мы разьвіваем турызм. І што паказваць — шыны? І не гаварыць аб Джузэпэ Сака?» Ну «чаму так хочацца зьнішчаць? Калі сьсеклі, пасадзіце тады новыя дрэвы».

Партызанскія запалкі

Анатоль Федарук у Новым замку са сваёй кнігай “Старинные усадьбы Гродненщины”
Анатоль Федарук у Новым замку са сваёй кнігай “Старинные усадьбы Гродненщины”

Як вядома, партызаны мелі заданьне напярэдадні наступу Чырвонай арміі зьнішчаць панскія сядзібы. Аб якой лічбе можна гаварыць: гэта дзясяткі спаленых сядзібных дамоў?

Федарук: «Дадзеных такіх не зьбіраў. Часам у дзёньніку пазначана: партызаны. Са слоў мясцовых людзей. Але ведаеце, не заўсёды нават пісаў, што зьнішчылі партызаны. Ну што ты зробіш? Была такая ўстаноўка. Не, ня менш чым дзясяткі было такіх выпадкаў, можа многія дзясяткі. Многія сядзібы згарэлі ў апошнюю вайну. Баяліся, што немцы засядуць, умацуюцца. Што трэба? Спаліць. Вось і ўсё».

Колькі сядзібных дамоў, што захаваліся пасьля вайны, страчаны ў мірны час, у апошнія гады?

Федарук: «Пасьля вайны сядзібы працягвалі зьяўляцца цэнтрамі культуры. Там былі школы, гурткі, бібліятэкі. Праводзіліся вечары, танцы. На базе многіх сядзібаў былі арганізаваныя племянныя гаспадаркі, заваёўвалі залатыя мэдалі на ВДНГ. А вось апошні час разбурэньне пайшло больш масава. Была школа. Яе няма. Была бальніца, яе закрылі. Засталося баз вокнаў і дзьвярэй. Каля царквы ў Сынкавічах побач была сядзіба. Доўгі шляхецкі дом зруйнавалі бульдозэрам, парк таксама. Вось вам стаўленьне».

Калі падсумаваць: вы сказалі, што некалькі сядзібаў цяпер купілі і нармальна аднаўляюць, але на іншыя ставяць нерэальную цану, па якой ніхто ня купіць. Што будзе з ацалелымі сядзібамі цяпер? Іх чакае зьнішчэньне?

Федарук: «Я думаю, што пакуль яны знойдуць чалавека з двума мільярдамі (як у выпадку сядзібы ў Жэмыслаўі), то там мала што застанецца. Там яшчэ была выдатная печ год-паўтара назад, я яшчэ пасьпеў яе засьняць. Яе разьбілі ўшчэнт. І ўнутры ўсё павыгарала, быў пажар. Але я не хачу лічыць, што іх чакае дрэнны лёс. Бо яшчэ гадоў сем назад я яшчэ мог бы паверыць, што іх нехта пачне выкупляць. Вось у Лынтупах сядзіба, калі школы ня стала, усё разьбілі. Але цяпер дах ёсьць, вокны ўставілі, такі палац — цуд папросту. З Расеі знайшоўся багаты чалавек. Краскі (Ваўкавыскі раён) купіў багаты чалавек. У Падароску палац, у Жалудку, здаецца за сто тысяч даляраў. І правільна. Бо што за цэны ставяць? Два мільярды рублёў. Ну хто купіць?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG