Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турцыя асудзіла Пуціна за словы пра генацыд армянаў


Уладзімір Пуцін на цырымоніі ў мэмарыяльным комплексе «Цыцэрнакабэрд» 24.04.2015
Уладзімір Пуцін на цырымоніі ў мэмарыяльным комплексе «Цыцэрнакабэрд» 24.04.2015

Міністэрства замежных справаў Турцыі выступіла з рэзкім асуджэньнем прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна за яго словы пра генацыд армян.

Турэцкаму зьнешнепалітычнаму ведамству не спадабалася, што кіраўнік расейскай дзяржавы назваў падзеі 1915 году словам «генацыд», перадае Reuters са спасылкай на заяву ведамства.

«Мы не прымаем і асуджаем вызначэньне „генацыд“, якое, насуперак усім нашым папярэджаньням і зваротам, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даў падзеям 1915 году», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на афіцыйным сайце МЗС Турцыі.

«З улікам масавых злачынстваў, дэпартацыяў, якія Расія ажыцьцяўляла на Каўказе, у Сярэдняй Азіі і ва Ўсходняй Эўропе ў мінулым стагодзьдзі, такіх мэтадаў калектыўнага пакараньня, як Галадамор, а таксама нечалавечага абыходжаньня, асабліва ў дачыненьні да цюркскіх і мусульманскіх народаў у гісторыі самой Расеі, мы мяркуем, што Расея лепш ведае, што такое генацыд і якая яго прававая фармулёўка», — цытуе РБК заяву турэцкага МЗС.

22 красавіка Ўладзімір Пуцін накіраваў удзельнікам вечарыны «Сьвет без генацыду» прывітальную тэлеграму. «24 красавіка 1915 году — сумная дата, зьвязаная з адным з самых страшных і драматычных падзей у гісторыі чалавецтва — генацыдам армянскага народу», — гаворыцца ў звароце Пуціна, які апублікаваны на сайце Крамля.

«Пазыцыя Расеі была і застаецца аб’ектыўнай і пасьлядоўнай: масаваму зьнішчэньню па нацыянальнай прыкмеце ня можа быць апраўданьняў. Міжнародная супольнасьць закліканая зрабіць усё, каб падобныя злачынствы ніколі і нідзе не паўтарыліся», — адзначыў Пуцін.

24 красавіка расейскі лідэр прысутнічаў на памятных мерапрыемствах у мэмарыяльным комплексе «Цыцэрнакабэрд» у Арменіі. Стэнаграма яго выступу апублікаваная на сайце Крамля. Слова «генацыд» сустракаецца ў ёй толькі адзін раз. «Расія зьяўляецца ўдзельніцай і ініцыятарам цэлага шэрагу міжнародна-прававых актаў, якія заклалі аснову сучаснаму міжнароднаму крымінальнаму праву, у тым ліку Канвэнцыі аб папярэджаньні злачынстваў генацыду», — сказаў Уладзімір Пуцін. У сваёй прамове ён апісаў падзеі 1915 году як «масавыя рэпрэсіі», «страшную трагедыю», «драматычныя падзеі стогадовай даўніны» і «гвалт над армянскім народам».

Турэцкія ўлады афіцыйна не прызнаюць генацыду армян. Сярод дзяржаваў, якія прызналі гэты факт — Расея, Францыя, Італія, Нямеччына, Нідэрлянды, Бэльгія, Польшча, Літва, Славаччына, Швэцыя, Швайцарыя, Грэцыя, Кіпр, Лібан, Канада, Вэнэсуэла, Аргентына, Уругвай, а таксама большасьць штатаў ЗША, Пры гэтым у заяве Белага дому пра склад дэлегацыі, якая ўзяла ўдзел у памятных мерапрыемствах у Арменіі, слова «генацыд» не ўжывалася. Амэрыканскія ўлады патлумачылі гэта жаданьнем захаваць сяброўскія дачыненьні з Турцыяй, адзначае РБК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG