Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Начныя ваўкі» хочуць уехаць у Польшчу паасобку


Заснавальнік і ідэйны кіраўнік мотаклюбу «Начныя ваўкі» Аляксандар Залдастанаў (Хірург) распавёў тэлеканалу НТВ, якім чынам яго сябры маюць намер абысці забарону Варшавы на ўезд у краіну.

Аляксандр Залдастанаў: «Так, нам не дазволілі ўезд калёнай. Значыць, пусьцяць па адным. Нас падтрымліваюць і польскія байкеры, яны ўжо напісалі масавы зварот ва ўрад — пад ім падпісаліся 30 тысяч чалавек».

Камэнтуючы абвешчаны Польшчай байкот, Залдастанаў таксама заявіў, што яго паплечнікі, па-першае, едуць «адкрыта», усіх пра гэта апавясьціўшы, па-другое, у іх няма ніякай зброі, а па-трэцяе, — і гэта галоўнае — яны едуць, каб даказаць, што «не адмаўляюцца ад 9 траўня, ад сваёй гісторыі і каштоўнасьцяў».

Улады Польшчы забаранілі ўезд у краіну удзельнікам расейскага байк-клюбу «Начныя ваўкі», які плянаваў ажыцьцявіць мотапрабег у гонар 70-годзьдзя перамогі над фашызмам.

У паведамленьні, апублікаваным на сайце Міністэрства замежных справаў Польшчы, гаворыцца, што падставай для забароны стала адсутнасьць дакладнай інфармацыі аб графіку перамяшчэньня групы байкераў па тэрыторыі Польшчы і іх асабістых дадзеных. Гэтыя дадзеныя, удакладняюць польскія ўлады, неабходныя для забесьпячэньня бясьпекі ўдзельнікаў прабегу .

Міністэрства таксама зазначае, што занадта позна атрымала ад расейскага боку заяўку на правядзеньне акцыі. Паводле польскіх дыпламатаў, заяўка прыйшла менш чым за тыдзень да пачатку заплянаванай расейскімі байкерамі акцыі. Пры гэтым заяўкі на іншыя аналягічныя акцыі, якія паступілі з Расеі, былі задаволеныя.​

XS
SM
MD
LG