Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: зь Някляевым было б лягчэй дамовіцца, а Караткевіч — новая асоба


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які зьбіраецца балятавацца на будучых прэзыдэнцкіх выбарах, лічыць, што па выніках гэтай кампаніі ў краіне мае быць створаны шырокі грамадзкі рух за перамены. Інтэрвію з патэнцыйным кандыдатам.

На сёньня вядома пра двух апазыцыйных палітыкаў, якія зьбіраюцца вылучаць свае кандыдатуры на прэзыдэнцкіх выбарах — гэта Тацяна Караткевіч і Анатоль Лябедзька. Караткевіч падтрымліваюць арганізацыі кампаніі «Народны рэфэрэндум», Лябедзьку — пакуль толькі Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька распавёў у інтэрвію Радыё Свабода, ці будзе ў апазыцыі агульны сцэнар на прэзыдэнцкіх выбарах-2015, што яго насьцярожвае ў заявах «Народнага рэфэрэндуму» і чым кандыдат Лябедзька адрозьніваецца ад кандыдата Караткевіч.

Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

— У свой час вы казалі, што калі «Народны рэфэрэндум» вызначыцца з супольным кандыдатам, то гэта будзе пэўны крок наперад: тады можна будзе сесьці за стол перамоваў і дамаўляцца наконт агульнага сцэнара або нават адзінага кандыдата. Ці зьбіраецеся вы сёньня весьці гэтыя перамовы з прадстаўнікамі «Народнага рэфэрэндуму»?

— Яшчэ месяца паўтара назад мы перадалі, у тым ліку і тагачаснаму кіраўніку «Гавары праўду» Ўладзімеру Някляеву, нашы прапановы, зьвязаныя з супольным сцэнарам, супольным бачаньнем прэзыдэнцкай кампаніі. Гэты дакумэнт быў перададзены ўсім палітычным структурам, у тым ліку і тым, якія ўваходзяць у «Народны рэфэрэндум» і якія падтрымалі спадарыню Караткевіч. Па гэтым дакумэнце мы гатовыя размаўляць абсалютна з усімі.

— У чым сутнасьць вашых прапаноў?

— Па-першае, мы лічым адной зь небясьпекаў — пагрозу легітымізацыі вынікаў прэзыдэнцкай кампаніі без свабодных, сумленных выбараў. Гэта значыць, што нашы дзеяньні павінны быць скіраваныя на тое, каб гэтага не дапусьціць. Мы за тое, каб на выхадзе з гэтай кампаніі атрымаўся шырокі рух за перамены ня столькі як інстытуцыя, зьвязаная зь нейкім сяброўствам у ёй, колькі як рух канкрэтных дзеяньняў, скіраваны на тое, каб прымусіць уладу ісьці насустрач грамадзтву, насустрач пераменам і свабодным сумленным выбарам. Што да напаўненьня пасланьня, то ў нас гэта перш за ўсё новы эканамічны курс.

Калі будуць нейкія брутальныя дзеяньні з боку ўлады або пагроза легітымізацыі, мы не выключаем супольнага зьняцьця, калі ўжо будзе сам факт рэгістрацыі.

Гэта ўсё прапісана — там паўтары старонкі тэксту. Там усё зразумела: мэты, задачы і вынікі, якія б мы хацелі атрымаць.

— Ці быў нейкі адказ з боку дэмакратычных арганізацыяў?

— Афіцыйнага, зафіксаванага ў нейкай паперы, адказу няма. Хаця падчас двухбаковых размоў з прадстаўнікамі розных структур да гэтага ставяцца пазытыўна, кажуць, што там быццам бы ўсё выкладзена разумна. Але сказаць, што там усё разумна, — гэта адно. Таму што саму стратэгію трэба сёньня пераводзіць у плян канкрэтных дзеяньняў і супольных абавязкаў.

— Калі «Народны рэфэрэндум» прыме ваш сцэнар, ці разглядаеце вы магчымасьць падтрымаць Тацяну Караткевіч? Або гэта выключана?

— Мне цяпер складана казаць. Пакуль мы не пачулі адказу ад самой Тацяны, не пачулі яе рашэньня...

— Мне цяпер складана казаць. Пакуль мы не пачулі адказу ад самой Тацяны, не пачулі яе рашэньня... Пакуль тое, што прагучала, мяне крыху, скажам так, насьцярожвае. Я думаю, што ў апазыцыі ўсё ж такі два трэнды: адзін — больш мяккі, арыентаваны на тое, каб шукаць нейкія дамовы з уладай, а другі трэнд — больш жорсткі ў адносінах да ўлады і прынцыповы. Ну, мне так падаецца.

Калі б гэта быў Уладзімер Някляеў як чалавек, падтрыманы структурамі «Народнага рэфэрэндуму», то, улічваючы, што ёсьць пэўная крэдытная гісторыя адносін, нам было б лягчэй дамовіцца пра супольны сцэнар — ці будзе адзін кандыдат, ці будзе два ў рэчышчы аднаго сцэнара. Я ўсё ж такі думаў, што так яно і можа быць. Сёньня я ў гэтым не перакананы, таму што Тацяна Караткевіч — новая асоба, і што ў яе насамрэч за пазыцыя — мне складана штосьці на сёньняшні дзень сказаць. Тое, што я пачуў, мяне прымушае зрабіць нейкую паўзу і пачакаць. Але я падкрэсьліваю, што калі «рэфэрэндум» скажа, што стратэгія, якая прапанавана намі, яна прымальная, мы сядзем і будзем абмяркоўваць. Але гэта ўжо перамоўны працэс.

— Вы сказалі, што вас нешта «насьцярожвае». Што вы маеце на ўвазе?

— Калісьці ў савецкія часы казалі: «Миру мир, войны не нужно — вот девиз отряда „Дружба“». Яшчэ нічога не адбываецца, а ўжо гучаць апраўданьні, што мы для ўлады не прадстаўляем ніякай праблемы, мы гатовыя да супрацоўніцтва і г. д. Мне падаецца, што тут на першы плян павінны выходзіць пэўныя патрабаваньні, якія ўлады мусяць выконваць. Я думаю, што галоўнае зараз выпрацаваць свой сцэнар і паводле яго дзейнічаць, а ня ўпісвацца ў сцэнар уладаў.

— Хто з дэмакратычных арганізацыяў можа падтрымаць вашу кандыдатуру падчас прэзыдэнцкай кампаніі? Ці ідуць нейкія перамовы на гэты конт?

Шанец гэтай кампаніі ў тым, што ёсьць фінансава-эканамічны крызіс, улада няздольная адказваць на тыя пытаньні, якія сёньня хвалююць людзей, а ў нас ёсьць мажлівасьць сфармаваць такое пасланьне.

— На сёньняшні дзень у нас ёсьць камунікацыі, але я б не сказаў, што мы ставім мэтай, каб нейкі іншы партыйны брэнд быў побач з намі. Тут ёсьць свае плюсы і свае мінусы. Мінус у тым, што любая іншая палітычная структура мае сваю ідэалёгію і праграму. Гэта значыць, што трэба заўсёды шукаць нейкіх кампрамісаў, і гэта калі-нікалі выхалошчвае сутнасьць праграмы, якую мае структура. Нам цяпер дастаткова камфортна, таму што мы, бадай што, адзіная ідэалягічная структура, якая мае партфэль, у якім ёсьць і антыкрызісная праграма, і праграма «Мільён новых працоўных месцаў» — і мы самадастатковыя ў гэтым пляне. І мы б хацелі ісьці зь ясным пасланьнем да людзей. Шанец гэтай кампаніі ў тым, што ёсьць фінансава-эканамічны крызіс, улада няздольная адказваць на тыя пытаньні, якія сёньня хвалююць людзей, а ў нас ёсьць мажлівасьць сфармаваць такое пасланьне. Але разам з тым мы будзем апэляваць у першую чаргу да грамадзтва, да актыўных людзей, мы будзем шукаць новых прыхільнікаў. У гэтым мы бачым больш сэнсу, чым проста ў фармальнай падтрымцы нейкай структуры. Адна з галоўных задач кампаніі — пашырыць колькасьць удзельнікаў палітычнага працэсу. Гэта значыць, мы ня будзем ганяцца за сталымі чальцамі структур, наша задача — знайсьці новых людзей.

— Ці хопіць у Аб’яднанай грамадзянскай партыі рэсурсаў, каб сабраць 100 тысяч подпісаў?

— У 2010 годзе мы былі ў тройцы тых, да каго ў журналістаў і грамадзкасьці не было пытаньняў, ці сабралі яны сапраўды подпісы, ці не сабралі.

— У 2010 годзе мы былі ў тройцы тых, да каго ў журналістаў і грамадзкасьці не было пытаньняў, ці сабралі яны сапраўды подпісы, ці не сабралі.

Адметнасьць гэтай кампаніі будзе ў тым, што няма рэсурсу на гэтую кампанію. Менавіта з гэтай прычыны многія так званыя «цяжкавагавікі» адмовіліся ўдзельнічаць у гэтай кампаніі. Акрамя таго, ніколі не было такога міжнароднага трэнду, які быў бы скіраваны на пошук нейкіх кампрамісаў і супрацу з Лукашэнкам. Усе гэтыя акалічнасьці — са знакам мінус. Таксама ёсьць рэальная пагроза тых самых рэпрэсіяў, якія былі падчас папярэдніх кампаніяў.

Мінусы відавочныя, плюсы не праглядаюцца. І тут паўстае пытаньне адказнасьці. Мы таксама маглі б саскочыць з гэтай кампаніі, прылегчы на канапе і паглядзець, чым усё гэта скончыцца. Але нас у гэтую кампанію вядзе адказнасьць: каб не былі рэалізаваныя тыя рызыкі і пагрозы, якія я назваў вышэй.

— Як падчас прэзыдэнцкай кампаніі вы будзеце тлумачыць выбарцам, чаму апазыцыя не дамовілася наконт адзінага кандыдата і чым кандыдат Лябедзька адрозьніваецца ад кандыдата Караткевіч?

— Я ня буду гэта тлумачыць і траціць на гэта час. Я буду казаць пра наша пасланьне, пра рызыкі і пагрозы, якія існуюць.

— Але вы можаце сфармуляваць, чым кандыдат Лябедзька адрозьніваецца ад кандыдата Караткевіч?

— Ну, вы лёгка можаце сфармуляваць, якая пазыцыя ў АГП па эканамічных пытаньнях, па пытаньні занятасьці... Што да Тацяны Караткевіч, то я думаю, што там будуць пэўныя складанасьці. Бо хто яе падтрымаў? БНФ, сацыял-дэмакраты, ёсьць людзі з партыі Калякіна (напрыклад, Вазьняк) — гэта ўсё вельмі розныя ў ідэалягічным пляне людзі. І для іх, мне падаецца, будзе праблемай сфармуляваць нейкае пасланьне да людзей. Вось калі яно будзе сфармулявана, тады мне будзе лягчэй адказваць на гэтае пытаньне.

— Але ці ёсьць на сёньняшні момант прынцыповыя разыходжаньні паміж вамі?

— Я скажу так: мы будзем прынцыповымі, мы будзем пасьлядоўнымі, мы ня будзем дамаўляцца з гэтай уладай у кулюарах, мы зробім усё, каб не дапусьціць легітымізацыі гэтай кампаніі без свабодных і сумленных выбараў. Гэта тое, што мы акрэсьліваем як нашы задачы. І мы будзем імкнуцца да таго, каб па выніках гэтай кампаніі ў Беларусі зьявіўся шырокі грамадзкі рух за перамены, у якім будзе вялізарная колькасьць новых удзельнікаў палітычнага працэсу.

XS
SM
MD
LG