Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіеўскі палітоляг: Расея рыхтуецца да поўнай анэксіі Ўкраіны


Віктар Каспрук

Віктар Каспрук

Пуцін, абапіраючыся на прарасейскія сілы, рыхтуецца да чарговага рыўка ва Ўкраіне — гэтым разам ён разьлічвае на сацыяльны выбух унутры ўкраінскага грамадзтва, лічыць экспэрт з Кіева Віктар Каспрук.

— Спадар Віктар, у сувязі з акцыяй пратэсту гарнякоў у цэнтры Кіева і затрыманьнямі дывэрсантаў у розных гарадах Украіны ці можна казаць пра новыя спробы дэстабілізаваць сытуацыю?

—Трэба разумець, што ні цітушкі, ні іншыя прарасейскія сілы, якія супрацьстаялі Рэвалюцыі годнасьці год таму, нікуды з Украіны не падзеліся. Яны прыціхлі, але засталіся ў сваіх гарадах і чакаюць свайго часу. Выглядае, што цяпер настаў такі час. Напярэдадні 9 траўня, калі ў Расеі будуць сьвяткаваць 70-годзьдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, падрыхтаваны цэлы комплекс захадаў дзеля дэстабілізацыі Ўкраіны. Ня выключана, што такія захады будуць адбывацца паралельна — правакацыі і тэракты ў гарадах і наступ на данецкім фронце. Гэта ўсё добра прадумвалася, быў выбраны цяплейшы час, прымеркаваны да 9 траўня, каб прарасейскія дывэрсанты камфортней сябе пачувалі. Псэўдашахтары ў Кіеве — цітушкі, пратэст гарнякоў — суцэльная фікцыя.

— Наколькі вялікая небясьпека для Ўкраіны? Ці могуць прарасейскія сілы, якія актывізаваліся перад 9 траўня, справакаваць сацыяльны выбух?

— Небясьпека ў тым, што такая актывізацыя прарасейскіх сілаў накладаецца на даволі цяжкую эканамічную сытуацыю для большасьці ўкраінцаў. Расея, безумоўна, разьлічвае на ўнутраны сацыяльны выбух, які будзе падтрыманы цітушкамі, псэўдашахтарамі, затым можна прыдумаць якіх-небудзь мэталюргаў ці каго яшчэ. Гэтыя групы могуць пачаць дэстабілізацыю па некалькіх франтах. Магчыма, у Маскве пралічылі, што Ўкраіна гэтага ня вытрымае. Хоць я лічу, што Ўкраіна перафарматавала свае сілавыя структуры і яны ў стане ня даць Пуціну ажыцьцявіць ва Ўкраіне ўнутраны бліцкрыг.

— Як кіяўляне ставяцца да акцыі пратэсту гарнякоў? Не было спробаў супрацьстаяць ім ці разагнаць шахтароў?

— Мітынг нібыта гарнякоў кіяўлянамі ўспрымаецца надзвычай нэгатыўна, бо мы разумеем, што гэта людзі, якія супрацьстаялі Рэвалюцыі годнасьці. Відавочна, што яны хочуць зьнішчыць здабыткі гэтай рэвалюцыі. Былі нават заклікі да кіяўлян, каб тыя ішлі і нейкім чынам выцясьнялі гэтых людзей. Зь іншага боку, такое супрацьстаяньне можа выклікаць дадатковае нагнятаньне канфрантацыі. Я мяркую, што ў нас дастаткова сілавых структураў, каб лякалізаваць гэтыя праплачаныя мітынгі. Адзінае, што пакуль невядома, — наколькі шмат цітушак далучацца да мітынгу, калі яго не разганяць. Нягледзячы на тое, што Расея ў вельмі кепскім эканамічным стане і магчыма, што гэта будзе апошні ўсплёск агрэсіі Расеі, цітушак у самой Украіне вельмі шмат. А ўкраінская ўлада не зьбіраецца блякаваць масавыя выезды з гарадоў у Кіеў.

— Вы кажаце, што Расея рыхтуе новы напад на Ўкраіну. Ці ёсьць у гэтым пляне месца Беларусі? Як яна можа быць выкарыстаная?

— Барацьба ідзе ня толькі за Ўкраіну, але таксама за Беларусь, Малдову і Грузію — за краіны, якія маюць права быць у Эўропе і рана ці позна там будуць. Сытуацыя вельмі напружаная, і шкада, што людзі, якія кіруюць у Эўропе, яшчэ да канца не зразумелі, што цяпер ідзе барацьба за цэласную і дэмакратычную Эўропу. Калі Пуціну ўдасца анэксаваць Украіну цалкам, наступнай будзе Беларусь. Нездарма расейскія СМІ паслалі сыгнал беларускаму дыктатару — маўляў, калі ён добраахвотна ня ўвойдзе ў склад Расеі, Беларусь наагул ня будзе існаваць. Але можа быць і так, што падрыхтоўка да наступу на Ўкраіну пачнецца менавіта захопам Беларусі, якая, у сваю чаргу, стане выдатным пляцдармам для наступу на Ўкраіну з тых пазыцыяў, якія цяпер Пуціну не даступныя.

— Як цяпер ва Ўкраіне ставяцца да даты 9 траўня? Ці мяняецца стаўленьне да гэтай даты ў сытуацыі выкарыстаньня яе Расеяй для апраўданьня ваенных дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны?

— Прапаганда вельмі актыўна спэкулюе на тэме Вялікай Айчыннай вайны і перамогі савецкага народу. Украінцы разумеюць, што сьвяткаваньне ў такім фармаце, які навязвае Расея, — няшчырае і прапагандысцкае. Адкуль столькі вэтэранаў, завешаных мэдалямі? Мой бацька пайшоў на фронт у 22 гады. Калі б яшчэ быў жывы, яму было б 96 гадоў, але яго няма ўжо 33 гады — франтавікі доўга не жылі. На парадах 9 траўня зьяўляюцца ўсё новыя і новыя вэтэраны, якія з кожным годам становяцца маладзейшымі. Я лічу, што гэтыя шматлікія вэтэраны — гэта фікцыя, створаная дзеля таго, каб можна было бясконца эксплюатаваць ідэю перамогі і прыпісваць сабе ўсе яе складнікі. Пры тым, што Перамога была сынтэзам працы шматлікіх заходніх краін, якія вельмі моцна дапамагалі Савецкаму Саюзу. Таму нават такая значная дата, 70-годзьдзе Перамогі, успрымаецца вельмі нэгатыўна, бо папросту ідзе дыскрэдытацыя тых маладых хлопцаў, нашых бацькоў і дзядоў, якія насамрэч змагаліся з фашызмам.

XS
SM
MD
LG