Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: Швайцарцы самыя шчасьлівыя ў сьвеце


Група экспэртаў ААН апублікавала трэці Даклад аб шчасьці ў сьвеце (World Happiness Report 2015), які ўстанавіў, што самай шчасьлівай краінай у сьвеце зьяўляецца Швайцарыя.

Досьлед быў праведзены сярод 158 краінаў сьвету пры дапамозе міжнароднай сацыялягічнай службы Гэлап. Апрацоўкай вынікаў займалася група экспэртаў ААН пад назвай Сетка рашэньняў па ўстойлівым разьвіцьці (Sustainable Development Solutions Network). Гэтая група вызначыла для кожнай краіны «індэкс шчасьця» — лічбавую меру адчуваньня шчасьлівасьці паасобнымі нацыямі. Максымальная вартасьць індэксу шчасьця (поўнае шчасьце) — 10.

Згодна з гэтымі вылічэньнямі, першая дзясятка самых шчасьлівых краінаў сьвету выглядае наступным чынам:

Швайцарыя — 7, 587
Ісьляндыя — 7,561
Данія — 7,527
Нарвэгія — 7,522
Канада — 7,427
Фінляндыя — 7,406
Нідэрлянды — 7,378
Швэцыя — 7,364
Новая Зэляндыя — 7,286
Аўстралія — 7,284

Беларусь у гэтым рэйтынгу займае 59 месца, апярэджваючы Расею (64), Украіну (111), Арменію (127) і Грузію (130), але саступаючы Ўзьбекістану (44), Малдове (52) і Казахстану (54).

Найбольшы ўплыў на вызначэньне індэксу шчасьця ў дакладзе ААН маюць наступныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя чыньнікі: рэальны Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва; чаканая працягласьць здаровага жыцьця; наяўнасьць людзей, на якіх можна разьлічваць; свабода жыцьцёвага выбару; свабода ад карупцыі; шчодрасьць (велікадушнасьць) людзей.

Аўтары дакладу адзначаюць, што «як на індывідуальным, так і на нацыянальным узроўні ўсе замеры дабрабыту, у тым ліку эмоцый і ацэнак жыцьця, моцна залежаць ад якасьці сацыяльных нормаў і інстытутаў у атачэньні чалавека. Яны ўключаюць у сябе сям’ю і сяброў на індывідуальным узроўні, наяўнасьць даверу і суперажываньня ў навакольлі і на мясцовым узроўні. (...) Калі гэтыя сацыяльныя фактары добра ўкаранёныя і лёгка даступныя, грамадзтвы і нацыі больш устойлівыя».

У папярэднім Дакладзе аб шчасьці ў сьвеце, апублікаваным у 2013 годзе, першае месца ў рэйтынгу заняла Данія, а Беларусь тады апынулася на 66 месцы.

XS
SM
MD
LG