Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Памятаю і патрабую» — у Армэніі ўшаноўваюць памяць ахвяраў генацыду 1915 году


Падчас цырымоніі кананізацыі ахвяраў генацыду армянаў у Эчміадзін, 23 красавіка 2015 году

Падчас цырымоніі кананізацыі ахвяраў генацыду армянаў у Эчміадзін, 23 красавіка 2015 году

На жалобныя мерапрыемствы ў Армэніі прыехалі кіраўнікі краінаў і ўрадавых дэлегацыяў больш чым з 60 дзяржаваў сьвету.

Сёньня ў Армэніі працягнуцца мерапрыемствы ў рамках ушанаваньня памяці ахвяраў генацыду — 100 гадоў таму ў Асманскай імпэрыі ў выніку этнічных чыстак было забіта 1 500 000 асобаў армянскай нацыянальнасьці.

Некалькім мільёнам чалавек удалося ўратавацца марскім шляхам, што тлумачыць значную армянскую дыяспару за мяжой, перадусім у Францыі, ЗША, Іране, Сырыі. Агулам па-за межамі гістарычнай радзімы пражываюць 7-8 мільёнаў армянаў, пры тым, што ў самой Армэніі — усяго 3 мільёны.

Кульмінацыяй этнацыду прынята лічыць менавіта 24 красавіка 1915 году, калі ў Канстантынопалі былі арыштаваныя блізу 250 відных прадстаўнікоў армянскай інтэлігенцыі — дэпутаты заканадаўчага сходу, прадпрымальнікі, літаратары, мастакі. Неўзабаве ўсе яны былі забітыя, а армянскае грамадзтва страціла істотную частку свайго будучага генафонду.

Людзі прымаюць удзел у цырымоніі кананізацыі ахвяраў генацыду армянаў у Эчміадзін, 23 красавіка 2015 году

Людзі прымаюць удзел у цырымоніі кананізацыі ахвяраў генацыду армянаў у Эчміадзін, 23 красавіка 2015 году

У першай палове дня ў мэмарыяльным комплексе «Цыцэрнакаберд» («Крэпасьць ластаўкі») у Ерэване адбудзецца ўрачыстае паседжаньне, у якім возьмуць удзел кіраўнікі краінаў і ўрадавых дэлегацыяў больш чым з 60 дзяржаваў сьвету. На вышэйшым узроўні прадстаўленыя Кіпр, Расея, Сэрбія, Францыя, ад ЗША чакаецца прыбыцьцё Гілары Клінтан, якая абвясьціла пра прэзыдэнцкія амбіцыі на бліжэйшых выбарах. Здарыўся і палітычны казус: Турэччына адмовілася забясьпечыць паветраны калідор для прэзыдэнта Рэспублікі Сэрбскай Босьніі і Герцагавіны Міларада Додзіка.

Насуперак чаканьням, адмовіўся ад запрашэньня наведаць жалобныя імпрэзы прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, у гэтыя дні ён знаходзіцца зь візытам у суседняй Грузіі. На 24 красавіка ў Лукашэнкі заплянаваная азнаямленчая паездка ў сталіцу Аджарскай аўтаноміі Батумі.

Гэтаксама сёньня на плошчы Рэспублікі пройдзе канцэрт Усясьветнага сымфанічнага аркестру, складзенага з выбітных «зорак» клясычнай музыкі — на той жа сцэне, дзе ўчора трыюмфальна адгрымелі армянскія «мэталісты» з Галівуду, культавы гурт «System of a down». Разгарачаная пасьля канцэрту публіка адзначылася пэрформансам: пад гукі кляксонаў і сьвіст мінакоў па адной з цэнтральных вуліц працягнулі прывязаны да машыны турэцкі сьцяг. Завершацца памятныя імпрэзы шматтысячным факельным шэсьцем да Музэю-інстытуту генацыду.

Дэвізам сёлетняга сумнага юбілею — «Памятаю і патрабую». Сымбалем — кветачка незабудка, у этымалёгіі назвы якой ва ўсіх мовах закладзены адзін і той жа сэнс — «не забывайся». Зразумела, што сёньня ў Армэніі гэта асноўны пасыл. Дарэчы, кожны зь пялёсткаў незабудкі сымбалізуе адну зь пяці частак сьвету, па якіх у часе ўцёкаў ад генацыду «расьсеяліся» армяне.

Памятныя мерапрыемствы да 100-годзьдзя генацыду 24 красавіка ладзіць і армянская абшчына ў Беларусі.

Незабудкі на вуліцах Ерэвану.

Незабудкі на вуліцах Ерэвану.

Дэвізам сёлетняга сумнага юбілею – "Памятаю і патрабую"

Дэвізам сёлетняга сумнага юбілею – "Памятаю і патрабую"

XS
SM
MD
LG