Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка лавіруе паміж Масквой і Кіевам? ВІДЭА


Да чаго вядзе свая гульня «апошняга дыктатара Эўропы» ў міратворчасьць? Як Беларусь лавіруе паміж Масквой і Кіевам?

Ці дараваў Захад Лукашэнку рэпрэсіі супраць апазыцыі?

Як ідзе падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі?

Як эвалюцыянуе палітычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі?

У перадачы расейскай службы Радыё Свабода гэтыя тэмы абмяркоўваюць экспэрты: расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў, аўтар кнігі «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» Аляксандар Фядута, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Вядзе перадачу Міхаіл Сакалоў.

Міхаіл Сакалоў: Сёньня ў нашай маскоўскай студыі Андрэй Суздальцаў, палітоляг, навуковы супрацоўнік Вышэйшай школы эканомікі. З намі па Скайпе будзе Аляксандар Фядута, беларускі палітык і публіцыст, аўтар біяграфіі апошняга дыктатара Эўропы, як яго называлі, Аляксандра Лукашэнкі.

Да нас далучыцца зь Менску старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, дарэчы, таксама аўтар кнігі, яна толькі што выйшла, называецца «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

Гэта гісторыя 2010 года, пяцігадовай даўніны, калі пасьля выбараў частка лідэраў апазыцыі апынулася за кратамі ў знакамітай турме ў Менску.

Хутка ў Беларусі прэзыдэнцкія выбары будуць, 5 гадоў прайшло, усе да гэтых выбараў рыхтуюцца, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і ягоныя апанэнты.

Мы сёньня паспрабуем пагаварыць пра тое, што зьмянілася ў рэспубліцы Беларусь за апошні год пасьля расейскай анэксіі Крыму, якую Беларусь так афіцыйна і не прызнала, і як зьмяняецца палітыка Аляксандра Лукашэнкі, як зьнешняя, так і ўнутраная.

Я пачну нашу размову з Аляксандрам Фядутам, які знаходзіцца ў Кіеве, я так разумею, у ня вельмі добраахвотнай эміграцыі пасьля зноў жа той гісторыі з адседкай апазыцыйных палітыкаў. Хацеў бы запытацца ў вас: як вы глядзіце на сёньняшнюю зьнешнюю палітыку Беларусі? Зноў прэзыдэнт Беларусі паехаў зь міжнародным візытам у Грузію і зноў выказаўся досыць адназначна, што Беларусь не прызнае так званую незалежнасьць Абхазіі і Цхінвальскага рэгіёну. Атрымліваецца, ён гуляе на нэрвах Уладзіміра Пуціна цяпер?

Аляксандар Фядута: Не, ён не гуляецца на нэрвах Уладзіміра Пуціна. Аляксандар Рыгоравіч чалавек далёка не дурны, ён выдатна разумее, што любая спроба перагляду, тым больш сілавога перагляду межаў на постсавецкай прасторы будзе пагражаць тэрыторыі самой Беларусі, гэта значыць, той тэрыторыі, на якую распаўсюджваецца яго ўлада. Калі мы паглядзім, ён не прызнаў ні аднаго факту аддзяленьня тэрыторыі ад былых савецкіх рэспублік, пачынаючы з Прыднястроўя. А хадакі з Прыднястроўя ў Менску былі, пачынаючы з 1994 года і лабісты былі вельмі моцныя. Прыкладна ў 1996 годзе першы раз загаварылі аб тым, што Прыднястроўе можа ўвайсьці ў склад існай тады супольнасьці Расеі і Беларусі. І менавіта беларускі бок заблякаваў гэтае рашэньне.

Міхаіл Сакалоў: Вы лічыце, што гэта такая пасьлядоўная лінія прэзыдэнта Беларусі. Зь іншага боку ёсьць нейкія дэманстратыўныя крокі. Напрыклад, 9 траўня Аляксандар Лукашэнка не паедзе ў Маскву на Парад перамогі. Яго аргумэнт такі просьценькі, што ў гэтым годзе ў Менску таксама будзе парад, хоць раней яксьці ў яго ўсё ж паездкі на парады атрымліваліся, праводзілася шэсьце вэтэранаў, па-мойму, у Менску. Чаму ён вырашыў у гэты раз паказаць сябе ў ролі вярхоўнага галоўнакамандуючага?

Аляксандр Фядута: Па-першае, ён кожны раз паказвае сябе ў ролі вярхоўнага галоўнакамандуючага. У яго адмыслова пашытая ёсьць для гэтага форма, якую ў жарт называюць у Беларусі формай генэралісімуса. І таксама я ня бачу нічога новага і ня бачу нічога антыпуцінскага. Паколькі Лукашэнка разумее, што грошы на выкананьне сацыяльнага кантракту з грамадзтвам могуць прыйсьці ў Беларусь толькі з Расеі, гаворка ідзе пра хуткія грошы, якія заўсёды патрэбныя напярэдадні выбарчае кампаніі, ён дзейнічае ў рамках той свабоды, якая агаворана з Крамлём.

Я думаю, што ў дадзеным выпадку рэакцыя Крамля на тое, што яго ня будзе 9 траўня, настолькі спакойная менавіта таму, што Пуцін разумее: для таго, каб Менск працягваў заставацца пляцоўкай для перамоваў, гэта адзінае месца, куды могуць прыяжджаць прадстаўнікі так званых ЛНР і ДНР, Лукашэнка павінен мець статус самастойнага ў сваіх дзеяньнях гульца. Я думаю, што спачатку Аляксандар Рыгоравіч узгадніў з Уладзімірам Уладзіміравічам сваю адсутнасьць 9 мая, а потым агучыў пра гэта.

Міхаіл Сакалоў: Да нас далучыўся Анатоль Лябедзька. Я хацеў ваш каментар пачуць што да тых даволі незалежных, па меркаваньні многіх экспэртаў, паводзін, якія дэманструе зараз Аляксандар Лукашэнка ў дачыненьні да Расеі.

Анатоль Лябедзька: Я думаю, што ўсё зводзіцца да прагматызму Аляксандра Лукашэнкі. Гэта год прэзыдэнцкай кампаніі. Што новага? Скараціліся фінансавыя патокі вельмі істотна, Расея ўжо ня можа быць тым донарам, якім яна была раней. Сапраўды, сацыяльны кантракт з грамадзтвам разбураны. Гэта першая прэзыдэнцкая кампанія, калі не прадбачыцца павышэньня заробкаў, пэнсій, дапамог, трэнд ідзе толькі на памяншэньне. Цяпер сярэдні заробак 400 даляраў, прагноз да канца года — яна можа ўпасьці да 300.

Лукашэнка вымушаны шукаць альтэрнатыўныя крыніцы і разьлік на тое, што могуць дапамагчы эўрапейцы, таму што там грошы ёсьць, міжнародныя фінансавыя інстытуцыі, і ёсьць некаторы досьвед. 2010 год, прэзыдэнцкая кампанія, тады кампанію Лукашэнкі прафінансаваў ня толькі Крэмль, але і празь Міжнародны валютны фонд Лукашэнка атрымаў тры з паловай мільярды даляраў, якія пайшлі не ў сыстэмныя рэформы ў эканоміцы, як дэкляравалася, а на подкуп выбарнікаў.

Чаму б гэты досьвед не паўтарыць? Што тычыцца адносін па лініі Лукашэнка — Пуцін, то мне здаецца, што ўсё зводзіцца да простай формулы — ідзе барацьба за даўжыню ланцужка. Лукашэнка быў, ёсьць і ў пэрспэктыве застанецца на павадку ў Крамля. Адзінае, што ён зараз яго спрабуе зрабіць больш доўгім, а Пуцін больш кароткім. Але ўсе ведаюць, дзе пралягае крайняя рыса, пераходзіць якую небясьпечна і для Лукашэнкі, і для Пуціна.

Міхаіл Сакалоў: Акурат аб гэтай рысе я хацеў спытаць. Ёсьць размовы пра тое, што Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка адправіцца ў Рыгу на саміт Усходняга партнэрства. Наколькі гэта сур’ёзна? Памятаецца, адзін украінскі прэзідэнт — спадар Януковіч таксама хацеў адправіцца ў перадвыбарных мэтах на нейкі саміт у Вільню, падпісаць пагадненьні, якія ня шмат бы зьмянілі ва ўкраінскай рэальнай палітыцы, але не атрымалася. Масква пачала яго акарчваць, і далей адбыліся падзеі, цэлы ланцужок, які прывёў цяпер ужо і да вайны, і да анэксіі, да цяжкіх наступстваў. Ці рызыкне Аляксандар Лукашэнка ў перадвыбарных мэтах, ці жадаючы згуляць паміж Захадам і Усходам, як звычайна, адправіцца на гэтае мерапрыемства?

Аляксандар Фядута: З майго пункту гледжаньня, яму вельмі хацелася б туды адправіцца, але на самой справе ніякай практычнай выгады гэта яму не прынясе, ён гэта разумее. Справа ў тым, што калі ён звычайна прыяжджае на якія-небудзь мерапрыемствы з удзелам заходніх лідэраў, нават ня проста заходніх лідэраў, на якія-небудзь заходнія мерапрыемствы, ён, у рэшце рэшт, зрываецца, паколькі крытыку ў свой адрас ён не трывае катэгарычна. У прыватнасьці, быў такі вядомы скандал на эканамічным форуме, калі ён проста ляснуў дзьвярыма і зьехаў.

Яму больш важны, з майго пункту гледжаньня, сам факт запрашэньня, паколькі імянное запрашэньне да некаторай ступені легітымізуе яго ва ўласных вачах і ў вачах Захаду. Я думаю, што калі ён паедзе, то гэта таксама будзе ўзгоднена з Крамлём, і ні ў якой ступені ня будзе носіць антырасейскага характару, антыкрамлёўскага характару.

Міхаіл Сакалоў: Анатоль, як вы лічыце, ці дараваў Захад Лукашэнку рэпрэсіі супраць апазыцыі, калі яго запрашаюць на такія саміты і спрабуюць зь ім наладзіць нейкія адносіны ў процівагу канфлікту з Масквой?

Анатоль Лябедзька: Што тычыцца Рыскага саміту, там шмат ёсьць няяснасьцяў, незразумела, у чым фішка гэтага саміту. А калі няма гэтай фішкі, то гэта азначае больш нізкае прадстаўніцтва заходніх лідэраў. Лукашэнка не паедзе ў Рыгу на сустрэчу, дзе дэлегацыі ўзначальваюць віцэ-прэм’еры. Ён яшчэ не паедзе, нават калі там будуць яго найлепшыя сябры, як кажа беларуская прапаганда, Мэркель і Алянд, і калі ня будзе ў парадку дня двухбаковых сустрэчаў.

Пасьля кветак фраў Мэркель і кавы для Алянда Лукашэнку патрэбная ўнутраная легітымацыя празь яго прызнаньне падчас двухбаковай сустрэчы.

Сюды заходнія лідэры прыехалі таму, што абмяркоўвалі пытаньні міжнароднага парадку дня, а Лукашэнка быў падобны на чалавека, які мае дачыненьне да тэрыторыі, на якой гэта ўсё адбывалася. Лукашэнку важна паехаць у Рыгу, дзе заплянаваныя двухбаковыя сустрэчы з той жа Мэркель, з Аляндам — вось гэта для яго мае пэўную значнасьць.

Плюс, вядома, ён можа пагуляць на тым, што падпіша нейкія дамовы, пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму для грамадзян Беларусі. Напярэдадні выбарчае кампаніі Лукашэнка ня супраць атрымаць нейкія сымпатыі выбарнікаў сваіх апанэнтаў, маўляў, глядзіце, гэтыя апазыцыянеры не вылазілі з эўрапейскіх сталіц столькі гадоў, а я вырашыў гэтыя пытаньні канкрэтныя, зусім зразумелыя для тых, хто любіць падарожнічаць у Эўропу. У комплексе гэта можа быць для яго плюсам.

Што тычыцца расейскага фактару, я не выключаю, што ён уключыць рыторыку на карысьць Пуціна, Расеі, каб быць міратворцам, аб’яднаць Эўрапейскі зьвяз і Эўразійскую прастору.

Што тычыцца, які будзе клімат палітычны напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі, я думаю, што ў партфэлі ў Лукашэнкі некалькі сцэнароў, і больш жорсткіх, і мяккіх. Паспрабуе згуляць на мяккім, гэта значыць, што апанэнтаў Лукашэнкі падчас гэтай прэзыдэнцкай кампаніі не павінны будуць рэгістраваць усіх разам, будуць выбарачна, будуць падбіраць, хто найбольш прымальны для Лукашэнкі, каб максымальна зьмякчыць і не дапусьціць Плошчу.

У яго галоўная задача зараз атрымаць легітымізацыю, поўную або частковую праўную. Гэта з аднаго боку для прыхільнікаў пераменаў рызыка і пагроза, а для Лукашэнкі — гэта галоўная мэта выбарчае кампаніі.

Глядзіце поўнае відэа:

XS
SM
MD
LG