Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Грузіі: «неадназначны» і «цікавы»


Аляксандар Ллукашэнка і Гіёргі Маргвэлашвілі, Тбілісі 23.04.2015

Аляксандар Ллукашэнка і Гіёргі Маргвэлашвілі, Тбілісі 23.04.2015

Аляксандар Лукашэнка заслужыў прыхільнасьць грузінаў сваім непрызнаньнем сэпаратысцкіх рэгіёнаў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Пра бачаньне грузінамі прэзыдэнта Беларусі гаворыць Давід Какабадзэ, дырэктар грузінскай службы Радыё Свабода.

РС: Як наогул грузіны глядзяць на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку?

Какабадзэ: Адносіны да Лукашэнкі ў Грузіі неадназначныя. Усе разумеюць, што Лукашэнка — тыповы прыклад савецкага кіраўніка. Гэта тып савецкага кіраўніцтва, калі ўсё пад кантролем, няма свабоды прэсы, людзей арыштоўваюць за нейкія выказваньні, забараняюцца мітынгі і таму падобнае. Разуменьне гэтага ў Грузіі, безумоўна, ёсьць. Але з другога боку Лукашэнка не пайшоў на павадку ў Масквы ў адносінах да сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі. І гэтага ў Грузіі таксама ня могуць забыць. Нават калі пагаварыць з інтэлектуаламі ў Тбілісі, яны, з аднаго боку, асуджаюць Лукашэнку, а з другога — як грузіны яны натуральна цэняць такі яго падыход да пытаньня сэпаратысцкіх рэгіёнаў.

Акрамя гэтага, усе помняць выказваньні Лукашэнкі пра Крым, калі ён не падтрымаў Маскву ў гэтым пытаньні. Ён нават выказваўся ў такім сэнсе, што, маўляў, Маскву трэба аддаць манголам. Усё гэта робіць яго цікавым у Грузіі. Пра яго даволі многа гавораць у Грузіі, нягледзячы на тое, што ён прыехаў упершыню. І нават у яго сёньняшнім выступленьні знайшлася фраза, якую ўсе, натуральна, заўважылі: Я, сказаў ён, толькі адзін раз быў у Грузіі — у Сухумі, а ў Тбілісі ніколі ня быў. Ён гэтым яшчэ раз падкрэсьліў, што Сухумі і Абхазія — гэта Грузія.

РС: Лукашэнка публічна падзякаваў Міхаілу Саакашвілі за падтрымку ў свой час. У Саакашвілі цяпер у Грузіі праблемы, супраць яго адкрылі судовую справу. Як на гэта могуць паглядзець грузіны?

Какабадзэ: Гэтае выказваньне таксама ўспрымуць неадназначна. У Саакашвілі даволі шмат прыхільнікаў у Грузіі да сёньняшняга часу. Апанэнтаў болей, але прыхільнікаў таксама нямала, як у «Нацыянальнага руху», так і ў былога прэзыдэнта Саакашвілі. Зразумела, тым, хто Саакашвілі ня любіць, гэтае выказваньне не спадабалася. Але з другога боку Лукашэнка выйграў у вачах тых, каму Саакашвілі падабаецца.

РС: Учора ў Тбілісі адбыўся грузінска-беларускі эканамічны форум. Якія пэрспэктывы маюць эканамічныя адносіны паміж дзьвюма краінамі? Эканамічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю мае нейкае значэньне для Грузіі?

Какабадзэ: Я думаю, гэта мае вялікае значэньне для Грузіі. Для Грузіі найважнейшае значэньне мае расейскі рынак, хоць на дадзеным гістарычным этапе, скажам так, ён ня самы важны. Параўноўваць беларускі рынак з расейскім нельга, але сам па сабе беларускі рынак таксама вельмі важны для Грузіі, асабліва ва ўмовах неіснаваньня расейскага рынку. Вы помніце, калі было расейскае эмбарга на грузінскае віно, Беларусь гэтае эмбарга не абвяшчала, і вялікая частка паставак, якія раней ішлі ў Расею, пайшла ў Беларусь і Ўкраіну. Эканамічнае супрацоўніцтва, я думаю, на руку абедзьвюм краінам. Я сам не эканаміст, і мне цяжка тут гаварыць, але паводле экспэртаў, беларуская эканамічная дэлегацыя ў Тбілісі была вельмі прадстаўнічая. Там былі прадстаўлены каля 40 кампаній і болей чым 50 кіраўнікоў гэтых кампаній. Я спадзяюся, што гэта дасьць нейкі плён.

XS
SM
MD
LG