Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея хоча прадэманстраваць у Менску сваю вайсковую моц


Армія Беларусі на парадзе 9 траўня ў Менску зможа паказаць толькі адну новую распрацоўку ўласнай вытворчасьці — рэактыўную сыстэму залпавага агню «Палянэз».

Больш за 300 вайскоўцаў і каля 30 адзінак найноўшай расейскай баявой тэхнікі прыбылі ў Беларусь для ўдзелу ў сумесным ваенным парадзе, прысьвечаным 70-годзьдзю Перамогі.

Расейскія вайскоўцы сфармуюць сем разьлікаў з дваццаці чатырох, якія возьмуць удзел у парадзе.

«Гэта баявыя машыны: танкі Т-90, баявыя машыны пяхоты (БМП-3), БТР-82А, лёгкабраняваныя аўтамабілі „Тыгр“, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі 2С19 „Мста“. Яны пройдуць у складзе мэханізаваных калён па галоўнай плошчы Менску. Цяпер мэханікі-кіроўцы баявых машын праводзяць абслугоўваньне тэхнікі», — паведамляе прэс-служба Заходняй вайсковай акругі Расеі.

Усяго ў парадных разьліках будзе задзейнічана 250 адзінак баявой тэхнікі. Генэральныя рэпэтыцыі вайсковага параду пройдуць у Менску 4 і 6 траўня на праспэкце Машэрава.

«У Маскве Лукашэнку даруюць усё, толькі не вайсковую здраду»

На думку незалежнага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, для ўдзелу ў парадзе вялікай колькасьці расейскай тэхнікі ёсьць дзьве прычыны. Першая — у Беларусі няма ўзораў сучаснай летальнай зброі. Другая — жаданьне Расеі прадэманстраваць у Беларусі сваю вайсковую моц.

«У нас няма практычна ніякай сур’ёзнай вайсковай тэхнікі. У савецкі час у Беларусі выраблялі толькі кампанэнты ўзбраеньня, а гатовых тэхнічных вырабаў не было. Усё, што ў нас паказваюць на парадах, — гэта старая савецкая тэхніка, вырабленая ў часы СССР, якая дасталася нам з часоў Беларускай вайсковай акругі», — адзначыў Аляксандар Алесін.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Паводле вайсковага аглядальніка, менавіта падчас параду 9 траўня будуць прадэманстраваныя першыя ўзоры беларускай лятальнай зброі — рэактыўная сыстэма залпавага агню «Палянэз»:

«Як „Палянэз“ выглядае, якія яго дакладныя тактыка-тэхнічныя характарыстыкі, мы пакуль ня ведаем, але абяцаюць, што паводле дальнасьці ён у два разы перасягае савецкія сыстэмы залпавага агню „Сьмерч“. Але, гэта, падкрэсьлю, будуць самыя першыя ўзоры першай беларускай летальнай зброі».

Аляксандар Алесін выказаў меркаваньне, што дэманстраваць вайсковую тэхніку на парадах у Менску нездарма пачалі летась — гэта зьвязана з канфліктам вакол Украіны:

«Летась у парадзе ўдзельнічалі расейскія „Іскандэры“, зэнітныя ракетныя сыстэмы С-400, баявыя самалёты, у тым ліку бамбавікі СУ-34. Расея, дэманструючы на парадзе ў Менску сваю вайсковую моц, хоча паказаць, што яна лёгка можа сюды перакінуць ня толькі вайсковыя кантынгенты, але і баявую тэхніку. Беларусь для яе — ключавы пляцдарм, адкуль лёгка дасягнуць і Прыбалтыкі, і Варшавы, і Кіева. Нішто ня робіцца проста так. Гэта дэманстрацыя сілы і таго, што Беларусь і Расея — хаўрусьнікі. Праводзячы, здавалася б, самастойную палітыку на міжнароднай арэне, Лукашэнка разам з тым падкрэсьлівае, што ён верны хаўрусьнік Расеі. У Маскве яму даруюць усё, толькі ня здраду вайсковаму саюзу».

«Лукашэнка залагоджвае Крэмль, бо баіцца страціць танную нафту»

Удзел у вайсковых парадах салдатаў суседніх краін — справа традыцыйная. У свой час у парадах у Беларусі ўдзельнічалі ўкраінскія вайскоўцы, расейскія дэсантнікі. Іншая справа, што цяпер мы ў такой сытуацыі, калі нават традыцыйнае і сымбалічнае атрымлівае новае вымярэньне. Так лічыць кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў:

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

«Гэта палітычнае рашэньне, спроба залагодзіць Маскву, паказаць, што, нягледзячы на непадтрымку яе агрэсіі супраць Украіны, Беларусь застаецца партнэрам у галіне бясьпекі. Гэта спроба нейкім чынам зьменшыць той нэгатыў, які цяпер набіраецца ў Крамлі ў дачыненьні да Беларусі. Тым больш што на чэрвень анансаваны разгляд пытаньня па зьніжэньні аб’ёмаў паставак нафты ў Беларусь на другое паўгодзьдзе. Таму тут выключна палітыка».

«Галоўнае, каб расейскія вайскоўцы тут не затрымаліся»

Патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзыдэнта ад ініцыятывы «Народны рэфэрэндум» Тацяна Караткевіч лічыць, што каб апраўдаць прысутнасьць на парадзе расейскіх вайскоўцаў, трэба было запрасіць гасьцей з усіх іншых краінаў, які змагаліся супраць фашызму:

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

«Вядома, добра, што прыехалі госьці на парад у вялікай колькасьці, але галоўнае, каб яны зьехалі і не затрымліваліся тут. Мы — незалежная краіна, якая адзначае значную дату — 70 гадоў Перамогі. У прынцыпе, мы маем права запрашаць на парад гасьцей, і гэта варта рабіць. Але ня толькі з Расеі, а і зь іншых былых саюзных рэспублік — Украіны, Казахстану, Літвы, Латвіі, а таксама з эўрапейскіх суседак, якія змагаліся супраць фашызму поруч з нашымі салдатамі. Такі фармат быў бы больш гарманічны і лягічны. Але галоўнае, каб на парадзе Расеяй не выкарыстоўвалася Вялікая Айчынная вайна для апраўданьня вайны, якую яна вядзе цяпер супраць Украіны. Бо, паводле рыторыкі Расеі, ва Ўкраіне ідзе барацьба з фашызмам. Нельга дапускаць гэтай рыторыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG