Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Ігар Севяранін параўнаў «карычневае ворыва» з «грандыёзнай пліткай шакаляду». Прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў – Крым – з Бэрлінскай сьцяной. Дакладней, зь яе падзеньнем. Ну, і са злучэньнем дзьвюх частак Нямеччыны, што адбылося потым. Гэтага яму падалося замала, і чыноўнік працягнуў ланцуг параўнаньняў, падмацаваўшы анэксію Крымскага паўвостраву зь вяртаньнем Кітаю Ганконга і Макао. Мы нагадаем: яны былі аддадзены добраахвотна, на падставе дамоўленасьцяў, Англіяй і Партугаліяй.

У вершы пра палетак і шакалядную плітку паэт перш прызнаўся, што яму ўсё страшэнна надакучыла: «Граммофон, тоска, соседей рожи, почта, телеграммы про победы…». Верш быў напісаны ў 1915-м на дачы ў Эстоніі, дзе жыў Севяранін, настроены супраць вайны, называючы патрыятызм «крывавым мясам». Праз сто гадоў прэм’еру Мядзьведзеву зусім наадварот – перамогаў не хапае. Ужо год мінуў, а ўсё хочацца працягваць жыць адчуваньнем крымскай перамогі. Але, мабыць, не атрымліваецца. І ператвараецца чыноўнік рыхтык у паэта, праўда, настолькі прыземленага, што ў яго рыфмай не выходзіць, і адно з нацяжкай прэм’еравы параўнаньні можна назваць паэзіяй у прозе. Прычым прозе бяскрылай. Хоць бы зазірнуў у падручнік гісторыі: Бэрлін быў падзелены паміж хаўрусьнікамі, якія перамаглі агрэсара, заплаціўшы за гэта мільёнамі жыцьцяў. Сьцяну ў горадзе пачалі будаваць на загад Хрушчова. Хто спрабаваў цераз яе пералезьці – забівалі. Ну пры чым тут Крым?

Але Крым, ён у падсьвядомасьці ў крамлёўскага кіраўніцтва, як спрытна здабыты трафэй. Дзень жа Перамогі набліжаецца хуткімі крокамі. Няхай прыедуць і паглядзяць, як мы будзем адзначаць зь літаўрамі. Што: чужой радасьці зайздросьцяць? Не паважаюць сілу? Не вітаюць зьдзяйсьненьня гістарычнай справядлівасьці?

Амэрыканскі амбасадар у Маскве Джон Тэфт гаворыць: няважна, што было ў гісторыі. Нельга адхопліваць кавалкі чужой тэрыторыі. І далей: факт застаецца фактам. Расея адхапіла кавалак тэрыторыі, што належала незалежнай дзяржаве. І таму заходнія лідэры не гатовыя прысутнічаць на вайсковым парадзе ў Маскве, які часткова будзе прысьвечаны сьвяткаваньню падзеяў ва Ўкраіне…

Як толькі паэту Севяраніну апрыкралі тэлеграмы аб перамогах, перамогі закончыліся. Патрыятызм сапраўды абярнуўся крывавым мясам, чым стаў у нашыя дні працяг Крыму — Данбас. Аднак ня мог пііт прадбачыць хітрыкаў наступнага стагодзьдзя, калі напісаў «Правительство, посмевшее войну другому объявить, достойно казни…» і яго варта арыштаваць «как явно сумасшедшее правленье». Ніхто нікому вайны цяпер не абвяшчаў, усё было вырашана «у рабочым парадку» асабіста галоўнакамандуючым прэзыдэнтам дзяржавы, якую Севяранін некалі назваў «моя ползучая Россия».

Ну, дык значыць не прыедуць ля маўзалея Леніна пастаяць на парадзе? Чорт зь імі! Затое свае ўсё разумеюць як трэба. Узяць хоць бы дырэктара маскоўскага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Маркава. Што ні плясьне, усё ў дзясятку! Украіна, кажа, «напала на Расею», а «бойня ва Ўкраіне разьвязаная з адзінай мэтай — зьвергнуць Пуціна». А «ўкраінскія службы СБУ і батальёны МУС даўно ператварыліся ў найбуйнейшыя ў Эўропе тэрарыстычныя арганізацыі». Вось аджыгае вучоная галава, палітоляг! Проста душа радуецца.

А пра Стралкова спыталі, у таго Маркава ад зубоў адскочыла — «гонар і слава» яму, барацьбіту з фашызмам! Герой, якіх ня бачылі! Школы назавуць яго імем украінскія. Асабліва ў Славянску, дзе пачаў сваю «чэгеваршчыну».

Дык начорта сапраўды на трыбуне 9 траўня надзьмутыя індыкі з Брусэляў? Калі гучаць хоры сваіх, шчырых патрыётаў, вучоных, якія знаюць што такое Крым. Не з чужых галасоў і ня з трэціх рук. І тракі новых магутных танкаў ляскацяць па асфальце замест аркестру…

Калі разважыць, цяперашнія «крымскія санэты» крамлёўскіх начальнікаў нагадваюць манілаўшчыну напалам з чычыкаўшчынай: спробамі навязаць наіўным заходнікам «мёртвыя душы»… А што да сьцяны ў Крыме, то праўда тут прысутнічае. Адно што нельга было разбурыць таго, чаго не існавала. Прыпаўзла паўзучая севяранінская Расея на паўвостраў і паставіла сьцяну паміж Крымам і Ўкраінай, якой там дагэтуль не было. І дзіўная думка наведвае мяне пры канцы: а раптам Мядзьведзеў нічога аб гэтым ня ведае? Можа яму не палічылі патрэбным далажыць?

XS
SM
MD
LG