Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці лічыць Кірыла Сілівончыка палітвязьнем?


Кірыл Сілівончык

Кірыл Сілівончык

Беларускія праваабаронцы пакуль не зрабілі канчатковых высноваў наконт справы арыштаванага ў Расеі беларуса Кірыла Сілівончыка.

Свабода папрасіла беларускіх праваабаронцаў пракамэнтаваць справу арыштаванага ў Расеі беларускага грамадзяніна, 22-гадовага Кірыла Сілівончыка.

Маскоўскі акруговы вайсковы суд прысудзіў яго да двух гадоў калёніі-пасяленьня, прызнаўшы вінаватым паводле артыкула «Публічнае апраўданьне тэрарызму альбо публічныя заклікі да яго».

Стэфановіч: «Вясна» будзе зьвязвацца з расейскімі праваабаронцамі ў справе Сілівончыка

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч устрымліваецца ад канчатковых ацэнак прысуду Сілівончыку, адзначаючы, што пра ягоную справу мала што вядома:

«Я справы ня ведаю. Я магу толькі меркаваць па тым, што зьяўляецца ў сеціве, а гэтага не зусім дастаткова, каб нейкія канчатковыя высновы рабіць», — падкрэсьліў ён у размове з Радыё Свабода.

Пры гэтым Стэфановіч адзначыў, што калі Сілівончык сапраўды разьмяшчаў заклікі да гвалтоўных дзеяньняў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, то палітвязьнем ён лічыцца ня можа.

«Па ўсіх міжнародных нормах такіх людзей (якія распальваюць рэлігійную, міжнацыянальныя або расавую варожасьць) палітвязьнямі ніхто не прызнае. Таму я і кажу, што тут трэба разьбірацца. Калі ён у сеціве сапраўды разьмяшчаў малюнкі зь нейкімі расейскімі арламі, то гэта ня ўтрымлівае складу злачынства. А калі ён пісаў пасты і распальваў міжнацыянальную варожасьць, то гэта іншая справа. Але трэба разьбірацца, бо ў такіх справах вельмі часта ня ўсё дагаворваюць. Няма гарантыі, што тое, што цяпер пішуць, гэта сапраўды ўсё і там няма чагосьці іншага», — тлумачыць праваабаронца.

Стэфановіч паведаміў, што ён будзе зьвязвацца па справе Сілівончыка з расейскімі праваабаронцамі, каб тыя дапамаглі разабрацца.

«Ніжні Ноўгарад, у прынцыпе, мае сумную гісторыю ў гэтым сэнсе. Бо была там калісьці праваабарончая арганізацыя „Таварыства расейска-чачэнскай дружбы“, якую ў свой час абвінавацілі таксама ў распальваньні варожасьці і прапагандзе экстрэмізму. Але насамрэч гэта была арганізацыя, якая выступала супраць вайны ў Чачні, супраць таго, што там рабілі расейскія войскі ў дачыненьні да мірных жыхароў. Гэтае абвінавачваньне, вядома, не было зьвязана зь ніякім распальваньнем варожасьці», — узгадвае праваабаронца.

Гулак: «Трэба дапамагаць, пакуль прысуд не набыў законную сілу»

Алег Гулак

Алег Гулак

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак мяркуе, што трэба праверыць, ці даказаная віна Сілівончыка:

«У гэтай сытуацыі ёсьць два галоўныя пытаньні: што дакладна было сказана і аналіз гэтага выказваньня. А другое — ці гэта ён сказаў, ці гэта сапраўды ягоныя выказваньні. Складанасьць гэтай сытуацыі ў тым, што не праводзілася судовае сьледзтва. Бо працэдура даказваньня — гэта яшчэ адно асобнае пытаньне. Калі глядзець на сытуацыю ў чыстым выглядзе, што праз інтэрнэт былі распаўсюджаныя выказваньні, якія несьлі варожасьць, то адказнасьць можа наступаць. Але ізноў жа, я не адмысловец у расейскім заканадаўстве. Наколькі адпаведна былі выкарыстаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу — распальваньне тэрарыстычнай дзейнасьці, варожасьці ці заклікі да тэрарыстычнай дзейнасьці — гэта павінна быць дасьледавана.

У гэтай сытуацыі з боку беларускай дзяржавы павінны паўстаць пытаньні прававой дапамогі, а менавіта — высьвятленьня пытаньняў працэдуры даказваньня і высьвятленьня самой сытуацыі, што там насамрэч было. Тут дзяржава мае магчымасьць і абавязаная чалавеку дапамагчы з прававога пункту гледжаньня. Калі гэта было даказана і асуджана ў прававым полі, то тут ніхто нічога ня зробіць і рабіць няма чаго. А калі былі рознага кшталту парушэньні, то трэба дапамагаць змагацца зь імі, пакуль прысуд не набыў законную сілу».

Бастунец: «Галоўнае — зьмест допісаў Сілівончыка»

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец мяркуе, што за допісы ў інтэрнэце чалавек можа быць прыцягнуты да адказнасьці ня толькі ў Расеі альбо Беларусі:

«Галоўнае — зьмест гэтых допісаў. Паколькі невядома, за што менавіта быў прыцягнуты да адказнасьці Кірыл Сілівончык, то вельмі цяжка сказаць, наколькі гэта было зроблена правамерна. Аднак складаецца ўражаньне, што сутнасьць і дапушчальныя абмежаваньні свабоды выказваньня былі трактаваныя вельмі шырока».

Сілівончык пісаў у сацыяльных сетках на тэрыторыі Расеі. Калі б ён рабіў гэта на тэрыторыі Беларусі, то сытуацыя выглядала б іначай, лічыць Бастунец:

«Калі б ён быў на тэрыторыі Беларусі, то мусіў бы падпарадкоўвацца законам нашай краіны. Але тэарэтычна, калі нейкія запісы накіраваныя супраць іншых дзяржаў, то тут могуць дзейнічаць іншыя прынцыпы. Гэта досыць складаныя пытаньні, і калі іх спрасьціць, то я ня думаю, што ён быў бы прыцягнуты да адказнасьці па гэтым артыкуле Крымінальнага кодэксу, калі б быў у Беларусі і зьмясьціў бы гэтыя запісы ў інтэрнэце».

Беларус Кірыл Сілівончык працаваў сыстэмным адміністратарам у Ніжнім Ноўгарадзе і зьмяшчаў у сацыяльнай сетцы запісы, якія, нібыта, заклікалі «забіваць маскалёў» і «вярнуць Крым Украіне». 9 красавіка паводле артыкула Крымінальнага кодэксу Расейскай Фэдэрацыі аб закліках да тэрарыстычнай дзейнасьці Кірыл Сілівончык быў асуджаны на два гады пасяленьня.

XS
SM
MD
LG