Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка не прывёз у Грузію пасланьня з Расеі, але падзякаваў за падтрымку на Захадзе


Ганаровая варта сустракае Аляксандра Лукашэнку і Георгія Маргвелашвілі

Ганаровая варта сустракае Аляксандра Лукашэнку і Георгія Маргвелашвілі

Дарадца прэзыдэнта Грузіі Тэнгіз Пхаладзэ не пацьвердзіў распаўсюджаную некаторымі СМІ інфармацыю пра тое, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыбыў у Грузію з канкрэтным пасланьнем аб урэгуляваньні стасункаў з Расеяй.

Як паведамляе партал «Грузія Онлайн», Пхаладзэ адзначыў, што Расея пакуль што ня выказала палітычнай волі да ўрэгуляваньня сытуацыі. «Гаворка ідзе пра палітычную волю зрабіць рэальныя крокі для вырашэньня праблемы акупаваных тэрыторый Грузіі. Пакуль з боку РФ ня будзе такой гатоўнасьці, размовы пра нейкія пасланьні залішнія», — цытуе Пхаладзэ «Грузія Онлайн».

Лукашэнка з сынам ускладаюць кветкі да помніка невядомаму салдату

Лукашэнка з сынам ускладаюць кветкі да помніка невядомаму салдату

Напярэдадні Пахладзэ заяўляў, што асноўнай тэмай перамоваў прэзыдэнтаў Грузіі і Беларусі Георгія Маргвелашвілі і Аляксандра Лукашэнкі, якія адбыліся ў Тбілісі 23 красавіка, будзе палітыка падтрымкі сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі.

Тым часам Агенцтва фінансавых навін (АФН) паведамляе, што падчас сёньняшняй сустрэчы Лукашэнка падзякаваў за падтрымку і былому прэзыдэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі, супраць якога цяперашнія грузінскія ўлады пачалі крымінальны перасьлед.

«Я удзячны і былому прэзыдэнту, і вам за тое, што вы паўсюль на Захадзе нас падтрымлівалі і падтрымліваеце,» — цытуе Лукашэнку АФН.

XS
SM
MD
LG