Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Армэніі пачынаюцца жалобныя імпрэзы да 100-годзьдзя генацыду


Мэмарыял ахвярам армянскага генацыду у Ерэване, на ўзвышшы Цыцэрнакабэрд

Мэмарыял ахвярам армянскага генацыду у Ерэване, на ўзвышшы Цыцэрнакабэрд

Сто гадоў таму ў Асманскай імпэрыі былі забітыя паўтара мільёны армянаў. Ушанаваць іх памяць зьедуцца лідэры многіх краінаў сьвету. Аляксандра Лукашэнкі сярод іх ня будзе.

Сёньня па ўсёй Армэніі распачынаюцца жалобныя ўрачыстасьці, прымеркаваныя да 100-годзьдзя генацыду армянаў падчас Першай усясьветнай вайны.

Да канца тыдня ў краіне абвешчаныя выходныя, цэнтральныя праспэкты, вуліцы, грамадзкія будынкі ў Ерэване аздобленыя памятнымі плякатамі, шмат на якіх — выявы пакутнікаў зь ліку выбітных асобаў таго часу. На аўтамабілях, дзьвярах крамаў, партфэлях офісных служачых — галоўны сымбаль сумнага юбілею, кветка незабудка (у армянскім варыянце — анмарук).

На вуліцах армянскай сталіцы. 23 красавіка 2015 году

На вуліцах армянскай сталіцы. 23 красавіка 2015 году

У ноч на 24 красавіка 1915 году ў Канстантынопалі былі арыштаваныя і дэпартаваныя блізу 250 відных прадстаўнікоў армянскай інтэлігенцыі, якія неўзабаве былі забітыя. Гэты дзень лічыцца кульмінацыяй расправы над асобна ўзятым этнасам. Наогул за непрацяглы час на тэрыторыі, падкантрольнай Асманскай імпэрыі, да 1918 году паводле этнічных, рэлігійных і сацыяльных прыкметаў было зьнішчана больш за 1,5 мільёны армянаў (зьвесткі з розных крыніцаў істотна вагаюцца, але сярэдняя лічба падаецца менавіта такая).

Улады сучаснай Турэччыны адмаўляюцца прызнаваць адказнасьць за генацыд армянаў. Але каля паўсотні краінаў сьвету ўжо асудзілі тагачасныя падзеі і прызналі іх актам генацыду.

24 красавіка ў сталіцу Армэніі зьедуцца вышэйшыя асобы шэрагу дзяржаваў, якія ўшануюць памяць нявінных ахвяраў на мэмарыяле, узьведзеным на ерэванскім узвышшы Цыцэрнакабэрд («Крэпасьць ластаўкі») — цяпер ён лічыцца ўнівэрсальным помнікам армянскаму генацыду.

Сярод іншых прыедуць у Ерэван кіраўнік Расеі Ўладзімер Пуцін і францускі прэзыдэнт Франсуа Алянд.

Прыезд Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстасьці не заплянаваны. Сёньня ён знаходзіцца зь візытам у Грузіі. На 24 красавіка ў яго заплянаваная азнаямленчая паездка ў сталіцу Аджарскай аўтаноміі Батумі.

Сёньня ўвечары ў Ерэване на Плошчы Рэспублікі адбудзецца шматгадзінны канцэртны маратон з удзелам выбітных артыстаў, у венах якіх цячэ армянская кроў. Сярод іх — Шарль Азнавур з Францыі, Шэр са Злучаных Штатаў, галівудзкія мэталісты з «System of a down», амэрыканскі актор Джорж Клуні з жонкай-армянкай ды іншыя. Мяркуецца, што паназіраць за дзеяй зьбяруцца ня меней за 100 тысяч чалавек.

На вуліцах Ерэвану. 23 красавіка 2015 году

На вуліцах Ерэвану. 23 красавіка 2015 году

XS
SM
MD
LG