Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Валгаградзе рэстаранам McDonalds забаранілі рабіць «Кока-колу»


Арбітражны суд Валгаградзкай вобласьці падтрымаў рашэньне Расспажыўнагляду забараніць сетцы хуткага харчаваньня McDonalds гатаваць у сваіх рэстаранах газаваныя напоі, — паведамляе Бі-Бі-Сі.

Расспажыўнагляд абгрунтаваў сваю забарону тым, што што расейскае заканадаўства дазваляе ўстановам грамадзкага харчаваньня толькі прадаваць безалькагольныя напоі, але не гатаваць іх. Кампанія абскардзіла гэтае рашэньне ў судзе.

Па словах прадстаўнікоў McDonalds, для падрыхтоўкі «Кока-колы», «Фанты» і «Спрайт» яны толькі зьмешваюць канцэнтраваны сыроп з вадой і запраўляюць вуглякіслым газам. Кампанія лічыць, што гэта варта лічыць хутчэй разьлівам напою, чым яго вырабам.

Разгледзеўшы зыск McDonalds, суд прыняў рашэньне яго адхіліць. На абскарджаньне рашэньня кампаніі адводзіцца месяц.

Прадпісаньне спыніць вытворчасьць безалькагольных напояў было вынесена Расспажыўнаглядам ў дачыненьні да Валгаградзкіх філіялаў McDonalds па выніках пазаплянавай праверкі. Раней у Валгаградзкіх рэстаранах кампаніі знаходзілі парушэньні санітарных нормаў.

XS
SM
MD
LG